Восьмы адміністрацыйны штраф фрылансеру Жукоўскаму: пратакол важней за праўду
Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Алеся Осіпава аштрафавала 21 верасня журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага на 30 базавых велічыняў (735 рублёў) паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
Фрылансер прызнаны вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.
У адміністрацыйным пратаколе, складзеным у Кармянскім РАУС, гаворка ішла пра сюжэт пад назовам “Навошта той прадавец стаіць за прылаўкам? Канец эпохі РАЙПО”. Мясцовы райспажыўсаюз не ў стане забяспечыць крамы самымі неабходнымі прадуктамі — алеем, цукрам, цыгарэтамі, півам, марозівам.
“У судзе я распавёў, — патлумачыў Кастусь Жукоўскі карэспандэнту Службы маніторынгу ГА “БАЖ”, — што быў толькі кіроўцам аўтамашыны. Відэа здымаў фрылансер Андрэй Толчын. Андрэй гэта сам пацвердзіў. Аднак суддзя Осіпава праігнаравала гэтыя сведчанні і пакарала мяне за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Відаць, для суду міліцэйскі пратакол важней, чым праўда”.
На суд фрылансер Жукоўски прыйшо ў паласатай робе нявольніка. Суды Гомельскай вобласці на падставе міліцэйскіх пратаколаў паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП сёлета прысудзілі Жукоўскаму штрафаў на агульную суму 6 748,5 рублёў.