• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Вольнаму Глыбокаму” — 25 гадоў

    25 гадоў таму напярэдадні Новага года выйшаў першы нумар недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Вольнае Глыбокае”. Цяпер юбілейным выпускам стаў 1029-ы нумар. Гэта адзінае незалежнае беларускамоўнае папяровае выданне на Віцебшчыне.

    Спачатку газета “Вольнае Глыбокае” была зарэгістраваная як орган Глыбоцкай суполкі партыі БНФ. З цягам часу ператварылася ў прыватнае інфармацыйна-рэкламнае ўнітарнае прадпрыемства “Дарога на Вільню плюс”. Распаўсюджваецца газета ў асноўным на кірмашах і ў прыватных крамах, а таксама праз падпіску.

    Напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2006 годзе “Вольнае Глыбокае”, як  і яшчэ амаль два дзясяткі незалежных грамадска-палітычных газет, была выкінутая з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду. Тады РУП “Белпошта” адмовілася ўключыць іх у падпісныя каталогі.

    Толькі два гады таму газета нечакана для супрацоўнікаў і чытачоў вярнулася ў падпісны каталог на ІІ паўгоддзе 2017 года. З той пары ў газеты зноў з’явіліся падпісчыкі, але пакуль іх невялікая колькасць — каля 150–200 чалавек.

    Раней “Вольнае Глыбокае” мела наклад у сярэднім 3500 асобнікаў, у лепшыя часы  наклад даходзіў да 5000 асобнікаў. Гэта быў час  2000–2005 гадоў, калі з газетай супрацоўнічалі вядомы журналіст Алесь Касцень з Паставаў, журналісты Зміцер Лупач і Таццяна Смоткіна, блогер Яраслаў Берніковіч, перакладчык і праграміст Андрусь Храпавіцкі, настаўнік і экскурсавод Юры Калбасіч з Глыбокага. На жаль, Алеся Касцяня, які быў настаўнікам для многіх журналістаў, няма ўжо ў жывых.

    Цяпер наклад газеты вагаецца ад 1600 да 2200 экзэмпляраў у залежнасці ад сезона. Калектыў газеты налічвае дзевяць чалавек, са сталых супрацоўнікаў у газеце працуе толькі Юрый Калбасіч. З газетай супрацоўнічаюць і рэгіянальныя краязнаўцы, якія дасылаюць свае матэрыялы на розную тэматыку.

    Заснавальнік і выдавец газеты “Вольнае Глыбокае”, без якога б рэгіянальнае выданне не праіснавала такі доўгі час, — Уладзімір Скрабатун. Ён таксама яшчэ здаўна вядомы на Глыбоччыне як краязнаўца. Падтрымліваць выданне на плыву дапамагаюць яму жонка Інна і дочкі Наталля і Надзея, яны займаюцца рэкламай, бухгалтэрыяй і распаўсюдам газеты.

    Уладзімір Скрабатун зазначае, што на сёння ёсць свае цяжкасці ў рэалізацыі газеты: народ цяпер небагаты, падпісчыкаў не так шмат, як хацелася б, бо закрываюцца паштовыя пункты ў вёсках. У лепшыя гады падпіска на газету дасягала 2500 асобнікаў. Цяпер іншы час. Таму рэдактар плануе актыўна развіваць інтэрнэт-версію выдання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці