Вобшук у кватэры журналіста, які напісаў пра міліцэйскія пабоі за адсутнасць флікера
Праваахоўнікі прыйшлі з вобшукам у кватэру галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання vrogacheve.ru Дзяніса Дашкевіча.
Пра гэта Дзяніс Дашкевіч паведаміў у сваім «Facebook’у». Паводле крыніцы Belsat.eu, міліцыянты выламалі дзверы ў кватэры рагачоўскага журналіста.
На тэлефонныя званкі Дзяніс Дашкевіч не адказвае.
Напрыканцы студзеня на сайце vrogacheve.ru былі апублікаваныя шакуючыя падрабязнасці збіцця праваахоўнікамі жыхара Рагачова.
Неўзабаве пасля здарэння Дзяніса Дашкевіча выклікалі ў міліцыю, каб высветліць ад каго ён даведаўся пра інцыдэнт з удзелам мясцовых міліцыянтаў, якія падчас затрымання зламалі жыхару Рагачова Віктару Арцюху рабро.
40-гадовы жыхар Рагачова Віктар Арцюх паскардзіўся на дзеянні міліцыі ў пракуратуру і Следчы камітэт.
7 лютага Рагачоўскі раённы суд аштрафаваў Віктара Арцюха на Br 24 за пераход вуліцы без флікера.
Фота facebook.com/denis.dashkevich