• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу журналіста Уладзіміра Хільмановіча

    Слуханне ў Вярхоўным судзе пачнецца 25 кастрычніка а 9.30. Хільмановіч падаў скаргу, каб аспрэчыць вырак Гродзенскага абласнога суда, які ў парадку спецвытворчасці звінаваціў яго ў «экстрэмізме» паводле двух крымінальных артыкулаў.

    Уладзімір Хільмановіч

    Сёлета 19 жніўня Гродзенскі абласны суд прызнаў журналіста і праваабаронцу вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часкі 3 артыкула 361–1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і часткі 1 і 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

    Справу вёў суддзя Ігар Собалеў. У выніку ён пакараў Уладзіміра Хільмановіча пяццю гадамі зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і прызначыў штраф памерам 1000 базавых велічыняў (40 000 BYN). Суддзя Собалеў таксама пастанавіў канфіскаваць частку  маёмасці з перспектывай продажу і пагашэння штрафу ў выпадку яго нявыплаты добраахвотна. Пад канфіскацыю трапілі кватэра Уладзіміра Хільмановіча ў Гродне і пабытовая тэхніка, апісаная ў жытле журналіста. На тыя ж мэты пойдуць і грашовыя сродкі ў суме 100,12 EUR, забраныя следчымі падчас ператрусу ў лістападзе 2023 года.

    Што менавіта інкрымінавалі Хільмановічу — дагэтуль невядома. Спробы абвінавачанага журналіста даведацца падрабязнасці справы плёну не далі. Але сярод рэчавых доказаў следства згадваліся «скрыншоты аўтарскага блога з артыкуламі», таму Уладзімір перакананы, што пад судовы пераслед ён трапіў за прафесійную дзейнасць.

    На разборы скаргі ў Вярхоўным судзе Уладзімір Хільмановіч прысутнічаць не будзе: у 2021 годзе ён вымушана з’ехаў з Беларусі і знаходзіцца за мяжой.
     
    Пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да гродзенскага журналіста Следчы камітэт паведаміў сёлета 13 сакавіка. Аднак тады ў афіцыйным паведамленні згадваліся толькі часткі 1 і 2 артыкула 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пазней следства знайшло падставы для абвінавачання яшчэ і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні, і суд падтрымаў абодва абвінавачанні.
     
    13 верасня імя і прозвішча Уладзіміра Хільмановіча з’явілася ў спісе асоб, «схільных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці