«Витебский курьер news» запрашае на online-сустрэчу
Сустрэча з рэдакцыяй, запланаваная на 19 сакавіка, пройдзе ў віртуальным фармаце. Можна задаваць пытанні.
Першапачаткова арганізатары запрасілі гасцей прыходзіць а 18.30 у віцебскі арт-паб “Торвальд”, але ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса абяцаюць арганізаваць відэатрансляцыю для ўсіх ахвотных пазнаёміцца бліжэй з
супрацоўнікамі новага інтэрнэт-рэсурсу.
Рэдакцыя мае намер прыйсці ў “Торвальд”, туды ж могуць завітаць і гараджане.
Але пра нешта запытацца альбо нешта параіць можна і віртуальна: пакінуць на старонцы ў Facebook пытанні ў каментарах. Там жа, на старонцы «Витебского курьера news» у сацсетцы, а таксама на галоўнай старонцы сайта заўтра а 18.30 распачнецца відэатрансляцыя.
“Мы раскажам вам усю праўду пра «Витебский Курьер»! Чаму замест «Витебского Курьера» з’явіўся «Витебский Курьер NEWS», што здарылася з рэдакцыяй і што будзе далей з незалежным рэгіянальным СМІ. Вы можаце задаць любыя пытанні
рэдакцыі і журналістам выдання «Витебский Курьер NEWS», — гаворыцца ў абвестцы.