Віталь Скрыль: Чалавек павінен быць свабодным!
Віцебскі фрылансер Віталь СКРЫЛЬ прыйшоў у журналістыку, калі яшчэ працаваў выхавальнікам у дзіцячым садку. Шмат што ў жыцці ён успрымае з гумарам і аптымізмам. У тым ліку, як не дзіўна, і пераслед за журналісцкую дзейнасць.
Аднойчы ў судзе ён пачаў гаварыць па-польску. Пасля таго як суддзя адмовіўся прадаставіць перакладчыка з рускай мовы на беларускую, каб лягчэй было зразумець юрыдычную тэрміналогію.
— Віталь, цябе ўжо двойчы штрафавалі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Як у сям’і ставяцца да судовага пераследу?
— Гэта, будзем лічыць, выдаткі прафесіі. Адмыслоўцы розных прафесій, вядома, перажываюць, калі да іх прыходзяць праверкі. А да мяне вось час ад часу прыходзіць міліцыя, і жонка ставіцца да такіх візітаў спакойна, яна мяне разумее.
А што да судоў, то гэта вельмі карысны досвед! Да першага штрафу ў мяне была ідэальная, «чыстая» біяграфія – нават без штрафу за адсутнасць флікера або за пераход вуліцы ў неналежным месцы. Так што першы судовы досвед быў рэальна першым, калі напярэдадні паседжання давялося вывучаць Адміністрацыйны кодэкс, рабіць выпіскі, раіцца з праваабаронцамі, каб ведаць элементарнае: што ў судзе можна, а чаго нельга.
Потым ты прыходзіш у суд і бачыш іншы бок у гэтым працэсе. А ён, гэты бок, бывае і не зусім адукаваны, і не зусім лагічны ў сваіх паказаннях. Ты кажаш пра тое, што дзейнічаеш па законе, а потым пастанова суддзі – і ты разумееш, што ўсе твае аргументы праляцелі міма. Гэта крыўдна. Але ўсё адно ёсць карысць: ты маральна адчуваеш сябе вышэй за тых, хто служыць у гэтай структуры і проста абавязаны цябе пакараць. І яшчэ важна, што цяпер я ведаю законы, ведаю Канстытуцыю. У школе ды ўніверсітэце няма прадмету, дзе б толкам вывучалі заканадаўства. Аказваецца, у ім ёсць шмат цікавага, што не працуе ў жыцці!
Калі гэта ведаеш, то з’яўляюцца новыя стымулы і для тролінгу ў судзе. Чаму не павесяліцца ў межах закона? Падчас апошняга працэсу, напрыклад, я пачаў прамаўляць па-польску. Бо суддзя адмовіўся запрасіць перакладчыка, каб дапамагчы мне зразумець рускамоўную юрыдычную тэрміналогію. Па законе ў судзе грамадзянін мае права карыстацца любой мовай, якую ведае. Вось я патроліў суд польскай. Трэба было бачыць вочы суддзі…
— Сваю працоўную дзейнасць ты пачынаў выхавальнікам у дзіцячым садку. Аднак абраў журналістыку…
— Я скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт беларускай філалогіі і культуры, спецыяльнасць паводле дыплому – настаўнік, літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік. Мяне чакала размеркаванне ў вясковую школу, куды мне не хацелася, таму працу я пачаў шукаць яшчэ на выпускным курсе. Высветлілася, што ўсе месцы ў віцебскіх школах занятыя, а вось у дзіцячых садках былі вакансіі. Мне прапанавалі месца ў цэнтры развіцця дзіцяці – гэта той самы дзіцячы садок, але з крыху вышэйшым статусам. Умоўна кажучы, адрозненне як паміж школай і гімназіяй. Камісія па размеркаванні была трохі ў шоку: як гэта — хлопец пойдзе працаваць у садок?
Перспектыва працаваць у жаночым калектыве мяне не бянтэжыла, я ўжо прывык, бо на курсе ў нас было 30 дзяўчат і 5 хлопцаў. Так што выхавальнікам я адпрацаваў амаль тры гады, і ўражанні засталіся вельмі прыемныя. Прынамсі, ад працы з дзецьмі.
— Ты прынцыпова беларускамоўны чалавек, а працаваў у рускамоўным садку. Даводзілася пераходзіць на рускую мову?
— Абсалютна не! Калі мяне афармлялі на працу, кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі ведала, што бярэ беларускамоўнага выхавальніка. І з дзецьмі я размаўляў па-беларуску. Калі нешта не разумелі – тлумачыў. Дарэчы, на мой погляд, у нас была ідэальная мадэль двухмоўнага выхавання: у групе працавалі два чалавекі, рускамоўная калега і я. Дзеці атрымлівалі пароўну веды і навыкі на дзвюх мовах. Да ўсяго мы ставілі беларускамоўныя сцэнкі, вучылі вершы. І бацькі былі толькі «за».
Тое, што я з дзецьмі размаўляў па-беларуску, выклікала незадавальненне толькі аднойчы, падчас нейкай «высокай» праверкі. Мне заявілі, што гэта недапушчальна, але ўступіліся бацькі, нават былі гатовыя збіраць подпісы ў маю абарону. Гэта пытанне з часам «замялі», а неўзабаве я і сам вырашыў пакінуць сістэму адукацыі.
— Чаму, што цябе напружвала? І ці адчуў ты сябе больш вольным, калі выбраў сцежку фрылансера?
— Напружвала, хутчэй, не праца, а тое, што было па-за ёй. Прыкладам, я адмаўляўся хадзіць на суботнікі. А навошта? Мой выходны дзень – гэта маё права. Вядома ж, кіраўніцтву не дужа падабалася мая вольніца, ды яшчэ тое, які прыклад я падаваў іншым калегам. Па праўдзе, амаль год я спрабаваў спалучаць працу выхавацеля з журналістыкай. Але спалучаць было ўсё цяжэй і цяжэй. Да ўсяго памянялася кіраўніцтва ў раённым аддзеле адукацыі, шмат хто пачаў сыходзіць. Урэшце сышоў і я.
Цяпер ні хвіліны не шкадую, што пайшоў у недзяржаўную журналістыку. Па-першае, у мяне класны калега-аператар, вельмі таленавіты прафесіянал, з вялікім досведам працы. Па-другое, я ніколі не разумеў тых, хто імкнуўся ўціснуцца ў дзяржаўную газету. Былі ў мяне аднакурснікі, якія гадамі пісалі ў гарадскую газету, выпрошвалі туды размеркаванне, а потым траплялі ў поўную залежнасць. Гэта была плата за сацыяльныя гарантыі, да якіх яны імкнуліся. Які тут творчы пошук?! То трэба было асвятляць канцэрты рускай папсы, то бегчы ў Лядовы палац на хакей. Адным словам, праца такая, што ні задавальнення, ні прафесійнага росту.
— Нядаўна ў цябе нарадзіўся сын, якому зараз паўгода. Малое дзіця вымагае шмат клопату. Ці не замінае гэта працы?
— Не замінае. Я лёгка спраўляюся, калі ўначы трэба ўстаць да малога, пераапрануць яго, памыць. Трохі, можа, і адукацыя дапамагае, і працоўныя навыкі, што засталіся з дзіцячага садка, хоць мае выхаванцы былі старэйшыя – ад трох да шасці гадоў. Прынамсі, я ведаю, што дзіця – гэта ўжо чалавек, хоць і маленькі. Я вельмі радуюся, што ў мяне расце сын. Шмат часу з ім праводжу, калі жонка ходзіць здаваць іспыты, бо яна вучыцца завочна.
— Адкуль у цябе такая дасканалая мова?
— Я вучыўся ў рускай школе, але на філфаку ўсе імкнуліся размаўляць па-беларуску. Цяпер я размаўляю на роднай мове практычна заўжды, нават не заўважаю гэтага.
Падмурак закладаўся ў дзяцінстве. Я з няпоўнай сям’і, мама дома размаўляла па-расейску, але памятаю, як у прысутнасці бабулі і дзядулі яна пераходзіла на беларускую. Такая была завядзёнка. Мае дзяды з Магілёўшчыны, жылі ў Слаўгарадскім раёне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС яны пераехалі пад Віцебск. Ад нашага дому да іхнай хаты было каля 500 метраў, і калі мы прыходзілі ў госці, то я трапляў у абсалютна іншы моўны асяродак. Бабуля размаўляла на чысценькай мове, і з ёй было прынята размаўляць толькі па-беларуску. Яшчэ адыграла ролю тое, што ў 1990‑я ў садках беларускамоўнае выхаванне культывавалася, і я, будучы дашкольнікам, свабодна размаўляў у групе па-беларуску.
Магчыма, з дзяцінства заклалася і цікаўнасць да мовазнаўства: я вельмі люблю слухаць і аналізаваць гаворкі. Прафесія журналіста ў гэтым сэнсе ідэальная для мяне, бо я сустракаю багата людзей, шмат іх слухаю і размаўляю з імі.
— Мне даводзілася разам з табой ездзіць у аддаленыя рэгіёны. Калі недзе спыняліся перакусіць, то я часам цябе шкадавала: ў маленькіх вясковых крамах ніякіх разнасолаў, а ты ж вегетарыянец.
— Я даўно прывык. Мяса не любіў ніколі, заўсёды аддаваў сасіску ці катлету аднакласнікам. Калі стаў старэйшы, ад мяснога адмовіўся свядома. Я лічу, што нікога нельга забіваць. А калі ты ясі мяса, то міжволі спрычыняешся да забойства. Гэта маё прыватнае меркаванне і я нікога не прымушаю ўспрымаць мае аргументы. Але я выбар зрабіў, мне так камфортна, і мяняць свой рэжым не збіраюся. Цяжка было толькі ў войску. Я служыў у запасе, бо ёсць такая форма службы, калі маеш вышэйшую адукацыю. Мне прызначылі службу ў артылерыйскіх войсках, у Бароўцы, што пад Лепелем. Перыядычна выклікалі, як на зборы.
Там порцыі былі вялікія, хапала салатаў, разнастайных гарніраў. Толькі на палігоне былі выпрабаванні, калі кармілі два разы на дзень: ранкам каша, перамешаная з тушонкай, а на вячэру — з кількай. Я не еў ні таго, ні другога. Таму загадзя прасіў, каб для мяне пакідалі толькі кашу. Часам пакідалі, часам не.
— І тым не менш: ці хапае ў цябе сіл, ці не церпіць здароўе праз гэтыя абмежаванні?
— Здароўе ў мяне – дзякуй Богу! Гэта я не проста так кажу: я раз на год праходжу медычны агляд. Бо я яшчэ й донар са стажам.
— Донар?! Гэта таксама з прынцыповых меркаванняў?
— Заўжды хацеў быць донарам! Мая мама – медык, я хадзіў да яе на працу, ніколі не баяўся выгляду крыві. І часам былі патрэбныя грошы. Донарская кроў заўсёды патрэбная, ёсць магчымасць уратаваць чыёсьці жыццё. Дык чаму не? Раз на два месяцы хаджу здаваць, там правяраюць і ўзровень гемаглабіну, і агульны стан здароўя. Кажу, апярэджваючы наступнае пытанне: як у вегетарыянца, у мяне паказнікі не тое што ў норме – нават лепшыя за іншых.
— Вернемся да журналістыкі. Ты чалавек адукаваны, ведаеш законы. Ці не было жадання атрымаць акрэдытацыю у МЗС і пазбегнуць судоў ды штрафаў?
— Я ж чалавек рацыянальны. І ведаю, што ўсё гэта марныя спробы. Шчыра сказаць, адразу пра гэта не думаў, бо калегам акрэдытацыі не давалі. А потым, калі атрымаў першы штраф, то цягам года па акрэдытацыю звяртацца няма сэнсу, бо пры наяўнасці адміністрацыйных пакаранняў акрэдытацыю не даюць. Калі штрафы рэгулярныя, то акрэдытацыя табе ўвогуле не свеціць. Гэта ўжо ланцужок, які не разарваць. Але на нейкія фестывалі, на культурніцкія мерапрыемствы ў Віцебску нам давалі акрэдытацыю, і мы працавалі цалкам легальна.
— Абодва твае штрафы – за матэрыялы пра беспрацоўе, якія паказалі на тэлеканале «Белсат». На тваю думку, чаму ў рэгіёнах хаваюць гэтую праблему?
— Пэўна, мясцовыя чыноўнікі хаваюць усе праблемы, якія толькі можна схаваць. Баяцца атрымаць па шапцы. Любы рэгіён у нас «харошы», пакуль ціхі. А як толькі пачынаецца нейкі варушняк, і звесткі пра гэта даходзяць да сталіцы, то ніхто не хоча быць крайнім. Сітуацыя выглядае так: у рэгіёнах робяць выгляд, што на месцы ўсё добра, а ў Мінску робяць выгляд, што не заўважаюць рэгіянальных праблем. Зрэдзьчас, калі трэба, то робіцца паказальная порка: кагосьці звальняюць, кагосьці палохаюць турмой, раздаюць вымовы і г. д. Усе чыноўнікі баяцца, аднак такая сітуацыя непазбежная, пакуль штучна падтрымліваецца імітацыя «парадку і стабільнасці».
— Усё гэта выглядае сумна. Што натхняе на працу ў такіх варунках, што дапамагае не расчаравацца ў прафесіі і ў людзях?
— Якраз-такі людзі і натхняюць! Калі мы рабілі матэрыял пра ЖЭУ № 5 Віцебска, дзе працаўнікоў хацелі перавесці на максімальна кароткі працоўны дзень і на самы нізкі заробак, то людзі не баяліся скардзіцца на ўмовы працы. А іхныя начальнікі – наадварот, бо адзін наш візіт прымусіў іх схавацца за адзверы, да нас так ніхто і не выйшаў. Пасля нашага матэрыялу тых кіраўнікоў змясцілі, паставілі новых. Неўзабаве мы сустракаліся з людзьмі, якія баранілі свае правы, яны задаволеныя. Гэта і натхняе: калі людзі не баяцца, калі яны не абыякавыя, калі просяць дапамагчы і не хаваюцца. Бо страшэнна раздражняе, калі скардзяцца на несправядлівасць, а потым кажуць: мы на тэлекамеру нічога гаварыць не будзем, давайце, вы скажаце замест нас. Так не робіцца! Зусім іншая справа, калі людзі смелыя. Тады разумееш, што ў нашай краіне яшчэ не ўсё страчана, не ўсе сядзяць угнуўшы галовы. Не ўсе задзёўбаныя, і ёсць тыя, хто памятае пра свае правы, пра сваю годнасць.
— Пра якія змены ў краіне ты марыш, у што верыш?
— Спярша скажу, у што не веру. Я не веру, што пры змене ўлады нешта ў нашай краіне істотна зменіцца. Бо дзяржаўны апарат, сістэма ўлады настолькі моцна зрасліся, што калі не змяніць сістэму цалкам, то яна будзе па-ранейшаму трымацца за сваё.
У сілу палітычных партый і аўтарытэт іх лідараў я таксма не надта веру. Бо не бачу тут нейкай крутой праграмы, якая б дала штуршок і ў якую б паверыла грамадства.
Лічу, што неабходна аднаўляць сацыяльную дзяржаву. Ствараць іншыя прафсаюзы, якія насамрэч будуць бараніць працоўных, а не існаваць фармальна. Вельмі важна, каб людзі адчувалі сябе абароненымі.
Я не мару пра тое, што ўсе суайчыннікі стануць беларускамоўнымі. Мова – гэта не толькі духоўная патрэба, але й пытанне зручнасці. Аднак я мару, каб заканадаўства, якое гарантуе роўныя правы рускамоўным і беларускамоўным грамадзянам, выконвалася. Калі яно будзе рэальна выконвацца, а не існаваць толькі на паперы, то ўсё будзе добра.
Веру ў неабходнасць свабоды слова. Не істотна, на якой мове. Галоўнае, каб гэтая свабода не зняважала і не абмяжоўвала свабоды іншага. Чалавек павінен быць свабодным! Тым больш не баяцца гэтага і ўмець правільна распараджацца сваёй свабодай. І сваім словам. Для мяне гэта важна!