Віншуем пераможцаў! У Гомелі падведзены вынікі конкурсу да 100-годдзя БНР
У міжрэгіянальным конкурсе да 100-годдзя БНР, абвешчанага Гомельскай філіяй грамадскага аб’яднанння “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, узялі ўдзел 14 журналістаў, даслана 16 матэрыялаў па ўсіх пяці камінацыях.
На конкурс прымаліся артыкулы, нарысы, фотарэпартажы, тэлесюжэты і радыёперадачы. У іх меліся знайсці адлюстраванне падзеі, асобы, што спрычыніліся да абвяшчэння і абароны БНР альбо нашы сучаснікі, якія адкрылі для грамадскасці невядомыя старонкі гісторыі на гэтую тэму. Улічвалася навізна, арыгінальнасць падачы матэрыялу.
Сябры Гомельскай філіі на сходзе падвялі вынікі конкурсу.
У намінацыі “Нарыс” пераможцам прызнаны сябра БАЖ Сяргей Чыгрын са Слоніма з нарысам “У роднай вёсцы чацвёртага прэзідэнта БНР Васіля Захаркі”.
Уладзімір Садоўскі з Мінскай вобласці ўганараваны за лепшы артыкул: “Францыск Скарына — пралетарскі першадрукар. Як у БССР святкавалі 400-годдзе беларускага друку”. У ім распавядаецца пра тое, як сто тры гады таму ідэя Старшыні Рады міністраў БНР Вацлава Ластоўскага святкаваць юбілей беларускага друку была падхопленая тагачасным кіраўніцтвам БССР і што з гэтага выйшла.
У жанры рэпартажу перамог Сямён Печанко з Мінска з публікацыяй “Гісторыя аднаго фота: першы ўрад БНР”. Рэпартаж быў надрукаваны ў інтэрнэт-газеце “Салідарнасць”.
Відэаролікі “БНР на Гомельшчыне” і “Жыццё і дзейнасць Мітрафана Доўнар-Запольскага” Марыны Драбышэўскай і Яўгена Меркіса прызнаныя лепшымі ў намінацыі “Відэасюжэт”.
У намінацыі “Радыёперадача” ўганараваны Мікола Бянько і Юля Сівец з Гомеля за радыёрэпартажы “Вуліца імя Палуты Бадуновай” і “Трагедыя Палуты”, у якіх ідзе расповед пра жыццё і дзейнасць міністаркі апекі Рады БНР.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” арганізатар конкурсу Анатоль Гатоўчыц, такая імпрэза філіі да сотых угодкаў абвяшчэння БНР выклікала інтарэс у калегаў з Гродна, Слоніма, Гомеля, Смаргоні, Віцебска, Барысава, Мінска. Аднак не ўсе аўтары прытрымліся ўмоваў конкурсу, распавядаючы часам пра падзеі супраціву бальшавікам у 20-ыя гады мінулага стагоддзя альбо пра сучасных беларускіх дэмакратычных актывістаў. Толькі адзін дуэт удзельнічаў у намінацыі “радыёперадача”.
Пераможцы конкурсу ўганараваныя дыпломамі і прызамі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, у тым ліку з сімволікай БНР. Уручэнне адбудзецца на Х з’ездзе журналісцкай арганізацыі ў красавіку.
Адны з прызоў — кубкі з сімволікай БНР