Віншуем БАЖаўцаў Аляксандра Зянкова і Паўла Магіліна з поспехам на “Магніфікаце-2015”!
“За кінематаграфічнае адлюстраванне тэмы перамогі веры над варварствам” узнагародзілі аўтараў дакументальнага фільма “І цемра не агарнула яго” – барысаўскіх сябраў ГА “БАЖ” Аляксандра Зянкова і Паўла Магіліна.
Дыплом першай ступені і шкляную статуэтку мадонны журналісты атрымалі 3 верасня на ХІ Міжнародным каталіцкім фестывалі «Магніфікат-2015» у Глыбокім.
Аляксандр Зянкоў кажа, што яны ўжо другі год запар удзельнічаюць у фэсце і заўжды з задавальненнем наведваюць Глыбокае:
- Асабліва прыемна было атрымаць узнагароду. Цешыць, што журы адзначыла нашу працу. У фільме “І цемра не агарнула яго” распавядаецца пра аднаўленне храма ў вёсцы Зембін Барысаўскага раёна. Калісьці яго пашкодзілі пры здымках аднаго з савецкіх фільмаў, і толькі нядаўна аднавілі…
Па словах журналіста, фестываль заўсёды натхняе і дадае імпэту на будучыню – безумоўна, хочацца здабыць гран-пры і адвезці яго ў Барысаў.
Летась Аляксандр Зянкоў і Павел Магілін прэзентавалі гледачам дакументальную стужку «Устань і ідзі!», за якую таксама атрымалі спецыяльны прыз Міжнароднага каталіцкага фестывалю “Niepokalanów” (Польшча).
Сёлетні “Магніфікат” сабраў рэкордную колькасць работ – каля 50 дакументальных і мультыплікацыйных стужак. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі 16 краін свету, сярод якіх – Беларусь, Украіна, Чэхія, Францыя, ЗША ды іншыя. Гран-пры атрымала чэшская дакументальная стужка “Кірыла і Мяфодзій” рэжысёра Атакара Шмідта.