The Village адкрые выданне ў Беларусі
The Village анансаваў адкрыццё франшызы ў Мінску, Кіеве і Казахстане
Маскоўскае онлайн-выданне The Village анансавала адкрыццё франшызы для Украіны, Беларусі і Казахстана. Пра гэта распавёў сузаснавальнік медыяхолдынга Look At Media Аляксей Амётаў.
Кіеўскі і мінскі The Village плануецца запусціць вясной, наконт Казахстана тэрміны і падрабязнасці пакуль не анансуюцца. Гарадское онлайн-выданне ў Кіеве ўзначаліць ўкраінскі журналіст Андрэй Баштовы. Выдаўцом стаў Мікалай Балабан. Усяго ў камандзе будуць працаваць пяць чалавек. Кіеўскі The Village будзе публікаваць матэрыялы на ўкраінскай мове.
У Беларусі склад каманды пакуль не вызначаны. Аднак ужо вядома, што тут кантэнт будзе выходзіць на дзвюх мовах — беларускай і рускай.
Размова ідзе не пра прадстаўніцтвы расійскага выдання, а менавіта пра франшызу, падкрэсліваюць у LAM. Таму мясцовыя рэдакцыі будуць працаваць цалкам незалежна ад маскоўскай. Аднак адна з умоў супрацоўніцтва — захаванне гайдлайнаў выдавецкага дома Look At Media Publishing. «Фарматы, тэмы і візуальны складнік будуць такімі ж, як у The Village», — растлумачыў Амётаў. «Мы будзем таксама дзяліцца экспертызай па фарматах, спецпраектах і натыўнай рэкламе», —дадаў ён. Што тычыцца манетызацыі, то LAM будзе атрымліваць адсотак ад абароту франшызы.
Таксама Амётаў заявіў, што, акрамя міжнароднай франшызы, у бліжэйшы час анансуе рэгіянальныя: цяпер завяршаецца размеркаванне гарадоў-удзельнікаў.