Віктару Шэндэровічу не далі выступіць у Беларусі
Расейскі сатырык і грамадзкі дзяяч Віктар Шэндэровіч напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што не атрымаў дазволу на творчую вечарыну ў канцэртнай залі «Менск». Сустрэча з гледачамі была заплянаваная на 28 кастрычніка.
«Мае восеньскія выступы ў Беларусі адмяняюцца. Атрымаць канцэртны дазвол з прэзыдэнцкай адміністрацыі аказалася справай немагчымай», — паведаміў Віктар Шэндэровіч.
Арганізатарам гастроляў выступала Берасьцейская абласная філярмонія. Там пацьвердзілі адмену канцэрту «па незалежных ад іх прычынаў» і пачалі вяртаньне грошай за набытыя квіткі. Дагэтуль канцэрты Шэндэровіча праходзілі без праблем.
Сёлетнюю юбілейную праграму пад назвай «Усё лепшае» плянавалася прымеркаваць да 60-гадовага юбілею пісьменьніка.
Віктар Шэндэровіч — пасьлядоўны крытык палітычных рэжымаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. На пачатку 2000‑х абодва былі сталымі пэрсанажамі ягоных сатырычных праграмаў «Куклы», «Итого», «Бесплатный сыр», якія выходзілі на расейскіх тэлеканалах.
Шэндэровіч выступае супраць наступу на правы і свабоды грамадзянаў Расеі, арганізуе адзіночныя пікеты. Неаднойчы яго затрымлівала расейская паліцыя.