Віктар Марціновіч з’язджае ў Швейцарыю
Сваю новую кнігу “Возера Радасці” для гарадзенцаў беларускі пісьменнік і журналіст Віктар Марціновіч прадставіў 20 лістапада. Пісьменнік быў уражанны закасцянеласцю Гародні як горада, але здзіўлены публікай, што прыйшла яго паслухаць.
— Горад Гродна за той час, што я ў ім не быў, ніяк не змяніўся. Гэта такі магічны горад беларускі. Любы беларускі горад мае сваю магію. Дык вось магія Гродна ў тым, што час тут прыпыніўся. Так, мяняюцца шыльдачкі на месцах, так плоцік на ўзбярэжжы ля прыстані быў чырвоненькі, стаўся — блакітненькім, але вось нешта істотнае, тое, з чаго складаецца сэрца гораду, — яно быццам бы не б’ецца. Я думаю, што гэты эфект паходзіць з ціску зверху на людзей, якія маглі б нешта зрабіць, а ў выніку нічога не робяць. Яны проста сядзяць і чакаюць. У той час, калі ў Магілёве, Берасці, у Мінску ўсё дынамічна змяняецца гэтымі самымі людзьмі. Гродна нібыта чакае як навала сыдзе. Такое асабістае і персанальнае адчуванне.
— Як вашу кнігу ўспрынялі гродзенцы?
— Гродзенская публіка ўспрыняла вельмі станоўча. Людзей было даволі шмат. Але справа не ў тым, што іх было даволі шмат. У Берасці іх было напрыклад троху больш. А ў тым, што яны былі вельмі абазнаныя.
У тым, што яны, напрыклад, прапанавалі мне зачытаць фрагмент і сапраўды слухалі. Гэта — дзівосна!!! У Мінску ўжо ніхто чытанне літаратуры не слухае…
То бок у Гродна гэта былі цудоўныя людзі — не выпадковыя. Сустрэцца з невыпадковымі чытачамі, матываванымі — падарунак любому пісьменніку. За што я вельмі Гродна ўдзячны.
Сустрэча ў Гродна была арганізавана кампаніяй “Будзьма Беларусамі” і стала апошняй з беларускіх прэзентацый аўтара. Пісьменнік і журналіст на паўгода з’язджае працаваць ў Швайцарыю і Германію, дзе павінна адбыцца вялікая колькасць яго прэзентацый. Таксама Віктар Марціновіч плануе за мяжой працаваць над новым раманам, аднак сюжэт і нават назву рамана ён пакуль трымае ў сакрэце.
Сустрэча адбывалася “пад зямлёй” у цокальным паверсе Творчай прасторы “Дом46”.