Віктар Марціновіч: Пётр, які прыдумаў усё
Калі вымяраць поспех грашыма (а чым яго яшчэ, калі падумаць, варта вымяраць), дык кніга Сашы Раманавай пра Пятра Марцава – самы паспяховы беларускі кніжны праект за апошнія пяць гадоў. Яшчэ на этапе краўдфандынгу ды папярэдняй продажы «Марцаў» сабраў грошай болей, чым у гэтым годзе давалі за перамогу на Гедройцы. І тое здарылася за кошт мабілізацыі такога звычайна млявага беларускага чытача.
Калі вымяраць поспех грашыма (а чым яго яшчэ, калі падумаць, варта вымяраць), дык кніга Сашы Раманавай пра Пятра Марцава — самы паспяховы беларускі кніжны праект за апошнія пяць гадоў. Яшчэ на этапе краўдфандынгу ды папярэдняй продажы «Марцаў» сабраў грошай болей, чым у гэтым годзе давалі за перамогу на Гедройцы. І тое здарылася за кошт мабілізацыі такога звычайна млявага беларускага чытача.
Акрамя кароткага ўступу ды вельмі кранальнага паслямоўя наратар у гэтай кнігі адзін: сам Пётр Паўлавіч. Гэта гісторыя, якая была расказаная, запісаная, а потым расшыфраваная з запісу, зробленага ў 2009‑м. Ты адкрываеш кнігу, думаючы, што цябе чакаюць шматгалосыя ўспаміны сучаснікаў, а бачыш фактычна вербацім, дзе нябожчык Марцаў на пустой сцэне даверліва вядзе аповед пра сваё жыццё.
Прычым жанр гэтага аповеду робіцца то бандыцкай драмай, то эратычнай байкай, то анекдотам пра Васіля Іваныча ў Монтэ-Карла. Унікальнасць кнігі — менавіта ў гэтым змешчаным фокусе нарацыі. Марцаў распавядае нешта Сашы. Ён упэўнены, што нагаворвае фактуру, якая будзе белетрызавацца і дапрацоўвацца. Пасля гэтага той запіс ляжыць пяць гадоў, а галоўны герой — памірае. І вось з аўдыё працуе спачатку аўтар, потым — з тэкстам — рэдактар, побач з’яўляецца такая сур’ёзная постаць, як Валянцін Акудовіч. І Пётр ажывае і пачынае размаўляць з намі вуснамі Сашы. Пры пасярэдніцтве пісанага слова Марцаў робіцца «Марцавым». Ягоныя анекдоты ператвараюцца ў апокрыфы.
І калі задача ў тым, каб прэзентаваць народу з кароткай памяццю новага героя, дык ці не найлепшы гэта падыход? Мужчына ў сталым веку згадвае маладыя гады перад юнай і прыгожай дзяўчынай. Пасля гэтага мужчына знікае са свету, а замест размовы ў свет прыходзіць кніга.
Так, канечне, гэта не чысты нон-фікшн: месцамі мы сустракаемся са скажэннямі прозвішчаў, не названы адзін з ключавых фігурантаў гісторыі пра 1994‑ы, прадстаўнік «Газпрама». Але я зыходжу з таго, што чыстага нон-фікшну не існуе наогул. Бо ў любой жыццёвай аповесці да халеры ўскосных герояў, якія маюць уласцівасць крыўдаваць. Расказ нябожчыка, пакінуты для жывых, — ці не самы шчыры варыянт з магчымых. Бо на нябожчыкаў не крыўдуюць.
«Марцаў» атрымаўся нашмат больш чыстасардэчным, чым клінаўская «Шклатара» ці «Дурні» Яўгена Будзінаса.
Апошняя кніга — дакладна пра тое ж, пра што і «Марцаў», нездарма аўтары сябравалі. Шэраг анекдотаў і дзейных асоб перасякаецца. Пры тым, што падобным у абедзвюх кніжках выйшаў хіба што Іван Ціцянкоў. Пры тым смеласць месцамі тут нават празмерная. Смеласць не таго, хто кажа. Смеласць тых, хто здымае, рэдагуе ды публікуе. Захоўваючы імёны і прозвішчы.
Бо, напрыклад, у сітуацыі з тым, чаму не быў адменены рэферэндум па зменах у Канстытуцыю, фігуранты яшчэ маюць шанец пакрыўдзіцца. Дарэчы, гэта адзіны ў найноўшай гісторыі просты адказ на пытанне аб тым, чаму ў 1996‑м не адбылося імпічменту. Настолькі проста не асмеліліся казаць нават некаторыя эмігранты ў сваіх успамінах.
Ідэальная рэцэнзія на тэкст Сашы Раманавай мусіць абмінаць асобу самога Марцава, каб не пачынаць адвечную спрэчку пра тое, «а ці такім ён хлопцам быў». Бо кніжка — не пра Марцава. Кніжка — пра «Марцава».
Пра чалавека, які прыдумаў беларускі інтэрнэт. Які вымусіў «Гарызонт» вырабляць мадэмы. Пра чалавека, які набыў два познесавецкіх камп’ютары ЕС-1030, не ўлічыўшы, што шафы з імі займаюць два пакоі ў НІІ.
І пасля паспяхова перапрадаў іх начынне на каштоўныя металы (гісторыю пра набыццё ды перапродаж ЕС-1030 распавядае любы бізнесовец з 90‑х, гэтаксама як і гісторыю пра клірынгавыя цыгарэты, колы ад БелАЗаў ды чырвоную ртуць). Цікава, што «Марцаў» у кнізе — гэта чалавек, які адначасова адчайна змагаецца з сістэмай і ёй жа ўвесь час дапамагае. Гэта ён дамогся таго, што Эйдзін з Хадзеевым прыдумалі ідэю «саюзнай дзяржавы», з якой краіна кармілася не меней за 10 гадоў. І — зноўку — няма такіх аналітыкаў з дзевяностых, якія б не сцвярджалі, што «саюзную дзяржаву», гэтаксама як і транзітны газавы шантаж, прыдумалі менавіта яны. Час быў такі. Апакрыфічны.
Дарэчы, асоба Кіма Хадзеева і яе роля ў прыходзе Лукашэнкі да ўлады ў 1994‑м — адна з каштоўных знаходак кнігі «Марцаў». Бо адхіленне Кебіча і ўзмацненне ягонага апанента прадстаўляецца тут не шэрагам дурацкіх супадзенняў, не памылкай «маладых ваўкоў», якія не здолелі кантраляваць цуд, які спарадзілі, а вынікам інтэлектуальных намаганняў аднаго з самых разумных мінчукоў ХХ стагоддзя.
Хадзееў быццам бы сказаў Марцаву: «Беларусі патрэбны чалавек, які возьме яе ў кулак». І абгрунтаваў вось як: «Тут няма дзяржаўнасці. І нацыя размытая. Гэта рускамоўныя беларусы, узгадаваныя на чужой культуры. Таму ім патрэбны чалавек, які сцісне нацыю ў кулак і пратрымае, пакуль яна не выспее». Калі я чытаў гэты фрагмент, мне чамусьці падумалася пра Акудовіча. Але, відавочна, не Акудовічам тут тлумачыцца тое, што даволі касмапалітычны ў іншых успамінах Кім Хадзееў у «Марцаве» задаецца пытаннямі выспеласці беларускай нацыі.
Згадваючы сваю працу на землятрусы у Спітаку, Марцаў пераказвае гісторыю пра расчышчаны завал, у якім замест абяцанай жонкі сквапны тамтэйшы мужчына шукаў грошы. У 2009‑м у Арменіі гэтую гісторыю таксісты яшчэ расказвалі як тое, што здарылася менавіта з імі. «БДГ», якая зарабляла 600 тыс. на рэкламе; АМАПаўцы з аўтаматамі, якіх нібыта замаўляў Пётр; Рамзан Кадыраў, пасланы Марцавым у дупу, Сяргей Караганаў, які нібыта яшчэ нешта вырашаў у Маскве ў 2003‑м годзе; асабістая ахова, дзякуючы якой Пятру ўдалося пазбегнуць выканання смяротнага загаду, які ўжо быў аддадзены на самым версе. Прычым цудоўнае выратаванне адбылося дзякуючы таму, што асуджаны проста сядзеў два месяцы на кватэры ў Мінску і нікуды не выходзіў!
Усё гэта захапляльна, крута, чытэльна. Усё гэта — неад’емныя часткі вельмі прывабнага вобразу. Які па з’яўленні кнігі застаецца ўплеценым у культуру і памяць найбольш трывалым чынам — праз пісаны тэкст.
Калі «#крымнаш» яшчэ толькі наспяваў, адзін разумны чалавек у Маскве напісаў, што новы лаялісцкі трэнд у расійскай журналістыцы паходзіць ад змены медыйнай генерацыі. Вучні Андрэя Васільева — легендарнага галоўрэда «Камерсанта», змяняюцца выхаванцамі Уладзіміра Сунгоркіна з «Камсамольскай праўды». І таму LifeNews — гэта толькі пачатак. У гэтым сэнсе людзі майго веку, якія памятаюць, як было ў «Імені» часоў Змітра Плакса, Паўла Шарамета, Ірыны Халіп і Мікалая Халезіна, — людзі, сфармаваныя Марцавым. І вельмі добра, што ў айчыннай культуры з’явіўся помнік, пастаўлены гэтаму чалавеку.