«Нагадваць пра беларускіх журналістаў за кратамі і наогул пра ўсіх нашых палітвязняў». Відэа Акцыі салідарнасці
У Міжнародны дзень свабоды прэсы Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы ў Лукішскай турме ў Вільні арганізавалі акцыю салідарнасці са зняволенымі беларускімі медыйшчыкамі. У відэароліку паказваем, як гэта было.
Арганізатары акцыі зладзілі сімвалічную фотасесію з партрэтамі зняволеных журналістаў у Лукішскай турме. Месца было абрана не проста так: менавіта тут у свой час сядзелі вядомыя беларусы. Зараз жа ўнутры Беларусі за кратамі знаходзяцца такія вядомыя журналісты. як Ірына Леўшына, Марына Золатава, Ігар Лосік, Андрэй Кузнечык, Ігар Карней, Анджэй Пачобут, Андрэй Аляксандраў і іншыя. Усяго ў спісе палітзняволеных калег на дадзены момант — 35 прозвішчаў. Уся віна гэтых медыйшчыкаў палягае толькі ў тым, што яны сумленна выконвалі свой прафесійны абавязак.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец падкрэсліў: «Пакуль мы не можам дабіцца галоўнай мэты — вызвалення нашых калегаў. Але ў нашых сілах нагадваць пра нашу трагічную сітуацыю, нагадваць пра Беларусь, нагадваць пра беларускіх журналістаў за кратамі і наогул пра ўсіх беларускіх палітвязняў».
Сумесная акцыя БАЖ і СЖЛ завяршылася сімвалічным вызваленнем беларускіх журналістаў-вязняў з Лукішскай турмы.
БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.
#WorldPressFreedomDay #WPFD2024 #PressFreedom #BecauseTheJournalist