• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія журналісты Вячаслаў Лазараў і Дзмітрый Казакевіч затрыманыя да суда

    Журналісты-фрылансеры, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”, былі затрыманы 11 кастрычніка перад пачаткам акцыі мірнага пратэсту  каля Лядовага палаца ў Віцебску. Вячаслаў Лазараў і Дзмітрый Казакевіч нават не паспелі распачаць працу — яны проста размаўлялі з людзьмі, што рыхтаваліся пайсці ў калоне.

    На працягу паўгадзіны міліцыя затрымала яшчэ двух журналістаў: фатографа Алеся Пілецкага, які супрацоўнічае з Tut.by і “Народнай Воляй”, і Таццяну Мацвееву, якая супрацоўнічае з Tut.by і БелаПАН. Пазней, ужо напрыканцы мірнага шэсця, быў затрыманы фотакарэспандэнт БелаПАН і рэдактар сайта “Народныя Навіны Віцебска” Сяргей Серабро.  

    Тры гадзіны Пілецкага, Мацьвееву і Серабро трымалі ў Першамайскім РАУС, пасля чаго вызвалілі. Усе трое мелі пры сабе рэдакцыйныя пасведчанні.

    Вячаслаў Лазараў і Дзмітрый Казакевіч мелі толькі рэдакцыйныя заданні, камізэлькі з надпісам “Прэса” на момант затрымання яны нават не паспелі апрануць. У Першамайскім РАУС на іх склалі патаколы як на ўдзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства — паводле артыкула 23.34 КаАП і пакінулі пад вартай да суда.

    Калі адбудзецца суд невядома, бо ў віцебскіх міліцыянтаў ёсць практыка трымаць затрыманых людзей за кратамі да 72‑х гадзін.

    Для Змітра Казакевіча гэта ўжо не першае затрыманне ў якасці ўдзельніка несанкцыянаванай акцыі. Але аднойчы яму ўдалося давесці суду, што складзены ў дачынені яго пратакол з абвінавачаннем ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі беспадстаўны, і што падчас затрымання АМАПам ён выконваў свае прафесійныя абавязкі. З тае пары яго яшчэ некалькі разоў затрымлівалі, і міліцыянты пагражалі, што за працу без акрэдытацыі будуць складаць новыя пратаколы паводле 23.34 КаАП.

    У Вячаслава Лазарава на мінулым тыдні правялі ператрус. Супрацоўнікі міліцыі шукалі відэатэхніку, на якой працуе журналіст.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці