Віцебскія журналісты павіншавалі жыхароў вуліцы Чэхава, якія абаранілі парк ад вырубкі
Грамадскія пратэсты супраць знішчэння парка былі ў фокусе ўвагі мясцовых і рэспубліканскіх СМІ з вясны да восені мінулага году. Менавіта жыхары вуліцы Чэхава звярнуліся да журналістаў па інфармацыйную падтрымку. А збор подпісаў пад лістамі пратэсту, які ініцыявала тамтэйшая жыхарка, пенсіянерка Клара Мікалаеўна Сянкевіч, стаў адным з першых сюжэтаў журналісцкіх матэрыялаў.
Такім чынам журналістам удалося прыцягнуць увагу да праблемы, якая да канца яшчэ не вырашана, але вынікі на сённяшні дзень — станоўчыя. У парку паміж вуліцамі Чэхава і Урыцкага знесены будаўнічы плот, якім была абгароджана пляцоўка для будучага будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага сабора, дзеля чаго і збіраліся высекчы дрэвы…
На сустрэчу з мясцовымі жыхарамі, апрача журналістаў, завіталі і грамадскія актывісты Віцебска. А Клара Мікалаеўна, атрымаўшы ад БАЖаўцаў самаробны дыплом з фотаздымкамі мінулагодніх падзеяў, не магла стрымаць слёз:
“Гэта наша агульная перамога, мы ўсе вельмі ўдзячныя за падтрымку! Дзякуючы шырокаму розгалас, наша супольнае грамадскае меркаванне ўлічылі гарадскія ўлады. Усё-ткі разам мы — сіла, і своечасовае інфармаванне гараджан пра падзеі вакол парка адыграла важную ролю”.
Другі, калектыўны дыплом быў уручаны жыхарам вуліцы, якія прыйшлі на сустрэчу з журналістамі да помніка Уладзіміру Караткевічу.
Гэта — традыцыйнае месца збору гараджан, устурбаваных праблемай знішчэння парка, гаворыць кіраўніца Віцебскай філіі ГА “БАЖ” Алена Сцяпанава:
“Сустрэча атрымалася вельмі цёплай. Гэта быў не сход, і не нейкая акцыя з нагоды бягучых падзеяў: проста надарылася магчымасць сустрэц ца, паразмаўляць пра парк і ягоны лёс. Дарэчы, мы доўга разважалі, што можна зрабіць, каб мясцовыя жыхары самі арганізавалі сабе свята — асабліва з улікам таго, што гэта стары раён горада, і пераважная большасць насельнікаў — пенсіянеры. Вырашылі, што набудзем для іх цукерак, а спадарыні паважнага веку збяруцца ў каго-небудзь на гарбату… Можна сказаць, што з жыхарамі бліжэйшых вуліц ужо склаліся партнерскія адносіны, якія сталі пачаткам нашай супольнай ініцыятывы “Разам”. Яна прадугледжвае ў тым ліку і добраўпарадкаванне парка, і ўвогуле ягонае “ажыўленне”. Бо падчас сходаў пратэсту мясцовыя жыхары скардзіліся, што яго не прыбірае ЖКГ, што тут не ладзяцца забаўляльныя мерапрыемствы, і што гэта ім не падабаецца”.
Цяпер парк выглядае крыху весялейшым: з боку вуліцы Чэхава з’явілася каляровая гірлянда з віншаваннем, яе добра відаць з вакон жылых дамоў. Менавіта ад журналістаў мясцовыя жыхары даведаліся, што сталі пераможцамі конкурсу, які штогод праводзіць сайт “Народныя Навіны Віцебска”. Званне “Чалавек года-2016 ” атрымаў “калектыўны намінант” — людзі, якія першымі забілі трывогу, калі даведаліся пра пагрозу знішчэння дрэў. Паводле вынікаў галасавання, за гэта прагаласавалі 149 з 485 удзельнікаў апытання.
Падсумоўваючы вынікі мінулага году, віцебскія БАЖаўцы запыталіся ў гараджан, асвятленне якой тэмы было найбольш яскравым і паўплывала на сітуацыю ў рэгіёне. 93 % рэспандэнтаў адзначылі менавіта асвятленне грамадскага канфлікту вакол Парка партызанскай славы. Што, дарэчы, дадало вядомасці Грамадскаму аб’яднанню «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у Віцебску.