• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія журналісты павіншавалі жыхароў вуліцы Чэхава, якія абаранілі парк ад вырубкі

    Грамадскія пратэсты супраць знішчэння парка былі ў фокусе ўвагі мясцовых і рэспубліканскіх СМІ з вясны да восені мінулага году. Менавіта жыхары вуліцы Чэхава звярнуліся да журналістаў па інфармацыйную падтрымку. А збор подпісаў пад лістамі пратэсту, які  ініцыявала тамтэйшая жыхарка, пенсіянерка Клара Мікалаеўна Сянкевіч, стаў адным з першых сюжэтаў журналісцкіх матэрыялаў.

    Такім чынам журналістам удалося прыцягнуць увагу да праблемы, якая да канца яшчэ не вырашана, але вынікі на сённяшні дзень — станоўчыя.  У парку паміж  вуліцамі Чэхава і Урыцкага знесены будаўнічы плот, якім была абгароджана пляцоўка для будучага будаўніцтва копіі полацкага Сафійскага  сабора, дзеля чаго і збіраліся высекчы дрэвы…

    На сустрэчу з мясцовымі жыхарамі, апрача журналістаў, завіталі і грамадскія актывісты Віцебска. А Клара Мікалаеўна, атрымаўшы ад  БАЖаўцаў самаробны дыплом з фотаздымкамі мінулагодніх падзеяў, не магла стрымаць слёз:

    “Гэта наша агульная перамога, мы ўсе вельмі ўдзячныя за падтрымку! Дзякуючы шырокаму розгалас,  наша супольнае грамадскае меркаванне ўлічылі гарадскія ўлады. Усё-ткі разам мы — сіла, і своечасовае інфармаванне гараджан пра падзеі вакол парка адыграла важную ролю”.

    Другі, калектыўны дыплом быў уручаны жыхарам вуліцы, якія прыйшлі на сустрэчу з журналістамі да помніка Уладзіміру Караткевічу.

    Гэта — традыцыйнае месца збору гараджан, устурбаваных праблемай знішчэння парка, гаворыць кіраўніца Віцебскай філіі ГА “БАЖ” Алена Сцяпанава:

    “Сустрэча атрымалася вельмі цёплай. Гэта быў не сход, і не нейкая акцыя з нагоды бягучых падзеяў: проста надарылася магчымасць сустрэц ца,  паразмаўляць пра парк і ягоны лёс.  Дарэчы, мы доўга разважалі,  што можна зрабіць, каб мясцовыя жыхары самі арганізавалі сабе свята — асабліва з улікам таго, што гэта стары раён горада, і пераважная большасць  насельнікаў — пенсіянеры. Вырашылі, што набудзем для  іх цукерак,  а спадарыні паважнага веку збяруцца ў каго-небудзь на гарбату…  Можна сказаць, што з жыхарамі бліжэйшых вуліц ужо склаліся партнерскія адносіны, якія сталі  пачаткам нашай супольнай ініцыятывы “Разам”. Яна  прадугледжвае ў тым ліку і добраўпарадкаванне парка, і ўвогуле ягонае “ажыўленне”. Бо падчас сходаў пратэсту мясцовыя жыхары скардзіліся, што яго не прыбірае ЖКГ, што тут не ладзяцца забаўляльныя мерапрыемствы, і  што гэта ім не падабаецца”.

    Цяпер парк выглядае крыху весялейшым: з  боку вуліцы Чэхава  з’явілася каляровая гірлянда з віншаваннем, яе добра відаць з вакон жылых дамоў. Менавіта ад журналістаў мясцовыя жыхары  даведаліся, што сталі пераможцамі конкурсу, які штогод праводзіць сайт “Народныя Навіны Віцебска”. Званне “Чалавек года-2016 ” атрымаў  “калектыўны намінант” — людзі, якія першымі забілі трывогу, калі даведаліся пра пагрозу знішчэння дрэў. Паводле вынікаў галасавання, за гэта прагаласавалі 149 з 485 удзельнікаў апытання.

    Падсумоўваючы вынікі мінулага году, віцебскія БАЖаўцы  запыталіся ў гараджан, асвятленне якой тэмы  было найбольш яскравым і паўплывала на сітуацыю ў рэгіёне. 93 % рэспандэнтаў  адзначылі менавіта асвятленне грамадскага канфлікту вакол Парка партызанскай славы. Што, дарэчы, дадало вядомасці Грамадскаму аб’яднанню «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у Віцебску.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці