Віцебскія журналісты на волі, але міліцыя сарвала ім працу падчас нядзельных пратэстаў
Фатографаў Алеся Пілецкага і Ігара Мацьвеева затрымалі ў нядзелю 15 лістапада. Ігар Мацьвееў, які супрацоўнічае з сайтам “Народныя Навіны Віцебска”, нават не паспеў зрабіць ніводнага здымка падчас акцыі мірнага пратэсту.
— Пакуль людзі збіраліся каля ратушы, у мяне тройчы правяралі дакументы і заплечнік. Бачылі і фотаапарат, і камізэльку з надпісам “Прэса”. Нават запыталіся, што я збіраюся тут фатаграфаваць. Адказаў: “Усё, што заўважу цікавага”. Калі я адышоў на некалькі метраў да месца збору, да Успенскага сабора, мяне затрымала міліцыя. У Кастрычніцкім РАУС у мяне спыталі, што я рабіў “на акцыі”. Але ж на акцыі я нават і не быў! Зрабіў заўвагу, што мяне трымаюць у пастарунку ўжо чатыры гадзіны замест дазволеных трох. Неўзабаве адпусцілі. Пратакола не складалі, — распавёў Ігар Мацьвееў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
Без пратакола адпусцілі і фотакарэспандэнта Алеся Пілецкага, які супрацоўнічае з “Народнай воляй” і Tut.by. Большую частку часу, пакуль ён знаходзіўся пад вартай міліцыянтаў, давялося правесці ў міліцэйскай машыне і ў аўтазаку, распавёў журналіст:
— Я ведаю, што я заўважны на вуліцы, бо высокі і знешнасць адметная. Ведаю, што міліцыянты мяне пазнаюць, асабліва з улікам таго, што мяне і раней затрымлівалі падчас акцый пратэсту. Калі калона пратэстоўцаў рушыла, я пайшоў па другім баку вуліцы. Спыніла патрульна-паставая служба, паглядзелі дакументы, у тым ліку пасведчанне і рэдакцыйнае заданне, бачылі, што я ў адпаведнай камізэльцы. Але выклікалі міліцэйскую машыну і колькі часу вазілі па горадзе. Потым подвезлі да аўтазака і загадалі перайсці туды, прычым машыны былі прыпаркаваныя такім чынам, каб мінакі не заўважылі, хто заходзіць у аўтазак. Зноўку вазілі па горадзе, у аўтазак забіралі і іншых людзей, але ў сваім адсеку я сядзеў адзін.
У райаддзеле міліцыі з Алесем Пілецкім размаўляў намеснік начальніка — распытваў, чаму журналісты “аднабока перадаюць сітуацыю”. Але доўга размаўляць не выпадала, бо сканчаліся тры гадзіны, прадугледжаныя заканадаўствам “для ўстанаўлення асобы”.
На думку фатографа, затрымалі яго толькі для таго, каб пазбавіць магчымасці працаваць — паказваць людзям рэальныя падзеі маршу ў памяць пра збітага да смерці Рамана Бандарэнку.
Адзіны станоўчы вынік затрымання, кажа Алесь Пілецкі, філалагічны: аказваецца, на прафесійным жаргоне міліцыянты называюць аўтазак “каробачкай”.