Віцебскія праваабаронцы адзначылі працу журналістаў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача
Рэдакцыя сайта “Віцебская вясна” заснавала званне “Абаронца правоў чалавека году”. Глыбоцкія журналісты Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач прызнаныя пераможцамі ў намінацыі “За журналісцкую дзейнасць у прасоўванні каштоўнасцяў правоў чалавека”.
Цягам 2018 года на сайце «Віцебскай вясны» неаднаразова з’яўляліся публікацыі пра судовы пераслед журналістаў у Глыбокім. Таццяну Смоткіну двойчы судзілі за супрацоўніцтва з “Радыё Рацыя”, а Змітра Лупача ажно 9 разоў – за сюжэты, паказаныя на тэлеканале “Белсат”.
Паводле артыкула 22.9 КаАП абодвух шматкроць штрафавалі “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Зміцер Лупач стаў абсалютным лідарам па штрафах сярод калег на Віцебшчыне, пакараных за журналісцкую дзейнасць.
Зміцер Лупач з’яўляецца таксама адміністратарам сайта “Каталіцкі Веснік”, уганараванага калегамі з “Віцебскай вясны”: рэсурс http://catholicnews.by прызнаны пераможцам у намінацыі “За прасоўванне ідэі талерантнасці”. “Каталіцкі Веснік”, які працуе выключна на беларускай мове, мае і найвышэйшую наведвальнасць сярод іншых рэгіянальных беларускамоўных інтэрнэт-СМІ.
Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач – даўнія сябры ГА “БАЖ”, шмат год запар Таццяна кіруе мясцовай суполкай арганізацыі. Глыбоцкія бажаўцы стала падтрымліваюць сувязі з калегамі ў іншых рэгіёнах, і сёлета Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” была адзначана лістом падзякі за актыўны ўдзел у “Эстафеце добрых спраў”.