Віцебскі праваабаронца патрабуе, каб інфармацыя пра каранавірус была поўнай і галоснай
Віцебскі праваабаронца і сябра ГА “БАЖ” Леанід Свецік напісаў электронны зварот у гарвыканкам. Ён выказаў гарадской адміністрацыі шэраг прапаноў пра тое, якія захады можна зрабіць для папярэджання распаўсюду каранавірусу ў Віцебску.
Паводле Леаніда Свеціка, найперш гэта каранцінныя мерапрыемствы, якія ў горадзе практычна адсутнічаюць: па-ранейшаму працуюць дзіцячыя дашкольныя і навучальныя ўстановы, музеі і бібліятэкі, няма афіцыйнай забароны праводзіць культурніцкія і спартовыя імпрэзы.
Што найбольш хвалюе праваабаронцу, дык гэта адсутнасць інфармацыі:
— Я запатрабаваў, каб інфармацыя пра колькасць хворых і тых, у каго ёсць падазрэнне на хваробу, была галоснай. Бо адсутнасць такой інфармацыі спараджае непатрэбныя чуткі. У СМІ ўжо з’яўлялася фэйкавая інфармацыя, напрыклад, пра смерць заснавальніка абутковага прадпрыемства “Марка” Мікалая Мартынава. Беспадстаўныя чуткі могуць прывесці да панікі грамадзян, а гэта пацягне за сабой некантраляваныя наступствы.
На думку Леаніда Свеціка, у сітуацыі з распаўсюдам каранавіруса гарадскія ўлады мусілі б даць яму адказ у самым хуткім часе. Але ніякай рэакцыі з боку Віцебскага гарвыканкама пакуль няма, і аўтар звароту мяркуе, што атрымае яго не раней як праз 10 дзён, — як на звычайны зварот фізічнай асобы.