Віцебскі ідэолаг на Youtube-канале абласной газеты «Витебские вести» распачаў уласны відэаблог
Святаслаў Міхайлаў займае месца, ці пасаду галоўнага спецыяліста ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. У анонсе да аднаго з відэаролікаў яго блогу «Свята место» гаворыцца, што аўтар «выведет на чистую воду «змагаров» и покажет картину мира со своего места».
Пакуль гледачам прадстаўлены ўсяго два відэаролікі, кожны з іх працягласцю каля трох мінут. Першы называецца «Тревожный чемоданчик», дзе ідэолаг насміхаецца з тых, хто не адчувае сябе ў бяспецы і таму заўсёды гатовы да нечаканага візіту сілавікоў. Напрыканцы Міхайлаў прадказальна раіць «павініцца», атрымаць «заслужанае пакаранне», і «жыць спакойна».
Наступны відэаролік віцебскага ідэолага названы таксама з прэтэнзіяй на арыгінальнасць: «Покорённые медалью». У ім Святаслаў Міхайлаў распавядае пра асобу і творчасць Ларысы Геніюш, у памяць пра якую Аб’яднаны пераходны кабінет заснаваў адмысловую ўзнагароду – Медаль Няскораных. Ім будуць уганароўваць тых, хто зрабіў значны ўнёсак у барацьбе беларускага народу за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды.
«Выбрали наши «убегуны» себе прямо идеальный пример. … от гражданства отказалась, и власть Советов не приняла, а жила себе спокойно, пенсию получала, стишки писала, публиковалась. Там, наверно, весь переходный кабинет хочет так же…», — гаворыць Міхайлаў.
Але ягоныя «досціпы» не надта карыстаюцца папулярнасцю ў гледачоў. Пасля першага відэароліка, які за першы тыдзень набраў толькі 578 праглядаў, прасоўваць відэатворчасць ідэолага ўзялася сама абласная дзяржаўная газета, прарэкламаваўшы відэаблог Святаслава Міхайлава на сваім сайце. Але і такім чынам вялікага поспеху дасягнуць не ўдалося – усяго 350 праглядаў за 7 дзён.