• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйныя скаргі блогеркі Юліі Гранковай, аштрафаванай за стрым у “Одноклассники”

    Скаргі аршанскай блогеркі разбіралі па чарзе дзве суддзі Віцебскага абласнога суда. Суддзя Ірына Смалякова скончыла разбіральніцтва літаральна за 5 хвілін. Юлія Гранкова сказала, што свае меркаванні агучыла ў касацыйнай скарзе, а суддзя палічыла непатрэбным задаць блогерцы нейкія дадатковыя пытанні.

    Такім чынам, Віцебскі абласны суд таксама залічыў сайт “Одноклассники” ў сродкі масавай інфармацыі, а блогерку — у журналісты.  За “незаконны выраб прадукцыі СМІ” ( ч. 2 арт. 22.9) і “за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі” ( арт. 23.4) Юлія Гранкова мусіць заплаціць два штрафы агульнай сумай 483 рублі.

    Суддзя Святлана Іванова разглядала касацыйную скаргу на пастанову таго ж Аршанскага суда, які пакараў блогерку і паводле артыкула 23.14 — за незаконнае пранікненне на ахоўваемы аб’ект.

    Юлія Гранкова (псеўданім у інтэрнэце “Юлія Малышава”) перакананая, што менавіта памкненне паказаць людзям праўду справакавала ейнае затрыманне і затрыманне іншых валанцёраў праекту «Хрюши против»:

    “Нашы валанцёры хадзілі карміць жывёлаў, якія часова ўтрымліваюцца на спецаўтабазе, далёка не першы раз. І тады, калі нас затрымалі ў сакавіку, спачатку ўсё было нармальна: брама была адчынена, мы паказалі вартаўніку, што прынеслі ежу, і ён нас правёў да вальераў. А вось калі я ўбачыла, што сабакі ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах, і пачала гэта здымаць, прыйшоў начальнік аховы, насварыўся на нас і выклікаў міліцыю”.

    Пастанова суда пра пакаранне за пранікненне на ахоўваемы аб’ект таксама засталася без зменаў. Паводле гэтай пастановы, Юлія Гранкова мусіць заплаціць штраф памерам 25 базавых велічынь, або 575 рублёў.

    Агульная сума трох штрафаў складае 1 058 беларускіх рублёў. Юлія — маці двух малых дзяцей, яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку і не мае іншых прыбыткаў, апрача “дзіцячых” грошай. Тое, што яна стала першай у Беларусі блогеркай, пакаранай за стрым у сацыяльныя сеткі, яе абурае.

    Юлія Гранкова збіраецца аспрэчваць пакаранне за гэта ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці