Віцебскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу глыбоцкага журналіста
У Віцебскім абласным судзе 19 жніўня разглядалі касацыйныя скаргі глыбоцкіх журналістаў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача.
Суддзя Святлана Іванова адмовілася разглядаць скаргу Таццяны Смоткінай у адкрытым рэжыме, таму яе рашэнне стала вядома пазней – скаргу адхілілі.
Скаргу Змітра Лупача яна адхіліла. Тыдзень таму, нагадаем, суддзя перанесла судовае паседжанне для дадатковага вывучэння гэтай справы. Выслухаўшы выступоўцаў, яна абвясціла, што пастанова Глыбоцкага райсуду ад 23 ліпеня (суддзя Ірына Казак) застаецца ў сіле. Гэта азначае, што Зміцер Лупач мусіць сплаціць штраф памерам 4,5 мільёны.
Падставай для адміністрацыйнай справы супраць журналіста стаў матэрыял «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года», размешчаны 9 чэрвеня на сайце «Еўрарадыё».
“Разбор касацыйнай скаргі Таццяны Смоткінай суддзя адмовілася праводзіць адкрыта, даведаўшыся, што ні журналістка, ні яе абаронца не прыехалі на суд. Між тым, прысутнасць асобы, якая накіравала касацыйную скаргу, на разглядзе не абавязковая. А ў зале суда былі неабыякавыя да гэтай справы людзі – журналісты і праваабаронцы. Суддзя не звярнула на гэта ўвагі, хаця разгляды касацыйных скаргаў, паводле заканадаўства, мусяць праходзіць публічна”, – паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” праваабаронца Павел Левінаў.
Нагадаем, што Глыбоцкі раённы суд (суддзя Людміла Вашчанка) 28 ліпеня прызнаў Таццяну Смоткіну вінаватай у парушэнні арт. 22.9 ч.2 КаАП і аштрафаваў на 4,5 мільёна. Нагодай для справы стаў артыкул “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі», размешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”.