• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскага журналіста Сяргея Русецкага будуць судзіць 22 траўня

    Разгляд справы паводле артыкула 22.9 КаАП (парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ) распачнецца ў 10.00 у Кастрычніцкім райсудзе Віцебска.

     

    Судзіць журналіста-фрылансера будзе суддзя Алеся Жарыкава. Дарэчы, дакументы адміністрацыйнай справы, распачатай супраць Сяргея Русецкага, суддзя прыняла да разгляду не адразу. Пратакол правапарушэння, складзены яшчэ ў красавіку старшым інспектарам аддзела аховы парадку і прафілактыкі Кастрычніцкага РАУС горада Віцебска капітанам Сяргеем Вяраксам, суддзя вярнула ў райаддзел на дапрацоўку.

    Пасля гэтага колькасць дакументаў у справе павялічылася, распавёў Сяргей Русецкі:

    «Былі далучаныя раздрукоўкі з сайта belsat.eu — тых матэрыялаў, дзе гаварылася пра мае затрыманні. Гэта падзеі, якія адбываліся ў сакавіку. У гэтых тэкстах сказана пра маё супрацоўніцтва з тэлеканалам. Відаць, такіх звестак бракавала, калі справу супраць мяне перадалі ў суд першы раз. Напэўна, абвінавачання за здымкі 25-га сакавіка, у Дзень Волі, суду падалося недастаткова, і спатрэбіліся канкрэтныя згадкі пра супрацоўніцтва без акрэдытацыі».

    Сяргей Русецкі кажа, што падкрэсліваў штучнасць абвінавачання. На ягоную думку, яно беспадстаўнае ўжо таму, што відэаматэрыял, адзняты з ягоным удзелам 25-га сакавіка, так і не трапіў у эфір. Адпаведна, парушэння парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ  тады проста не было, мяркуе журналіст. І ўжо каля месяца ён увогуле не супрацоўнічае з тэлеканалам, вырашыўшы спыніць журналісцкую дзейнасць у гэтым накірунку.

    Першапачаткова супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса распачаў адміністрацыйную справу супраць Русецкага паводле артыкула 23.34 — за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Аднак падчас апытання ў пастарунку, якое адбылося 11-га красавіка, апошняму ўдалося пераканаць міліцыянта, што ён прысутнічаў на святкаванні Дня Волі як журналіст: асвятляў, як з нагоды свята  людзі прайшлі па горадзе, ускладаючы кветкі ў памятных мясцінах — да мемарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава, да помніка Караткевічу… Урэшце супрацоўнік міліцыі вырашыў адну справу скасаваць, а распачаць другую — за парушэнне артыкула 22.9.  

    Нікому больш з затрыманых у Віцебску БАЖаўцаў не ўдалося пераканаць міліцыянтаў і суды ў тым, што 25-га сакавіка яны выконвалі журналісцкую працу. Журналіст-фрылансер з Оршы Арцём Сізінцаў быў асуджаны на 10 сутак нібыта за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Паводле таго самага артыкула 23.34  былі пакараныя арыштамі на 15 сутак журналісты і праваабаронцы Леанід Свецік і Канстанцін Мардзвінцаў. Іх таксама звінавацілі ва ўдзеле ў падзеях Дня Волі, якія яны збіраліся асвятляць на праваабарончых сайтах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці