«Вершнікі Апакаліпсісу СМІ», альбо па слядах аднаго семінара
Нядаўна да нас завітаў вельмі разумны чалавек — журналіст і публіцыст з Расіі Ігар Якавенка. І ў чарговы раз мы пачулі пра тое, што хутка мы сутыкнемся з «лічбавым айсбергам». Дакладней, з двума айсбергамі.
Першы айсберг — блогеры выціснуць навіновую журналістыку. Таму што, паводле Якавенкі, ніводная рэдакцыя, нават самая моцная, не можа трымаць тысячы супрацоўнікаў па ўсім свеце, каб апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы — то бок, у гушчары падзеяў. Блогеры ж існуюць паўсюль. Чалавек, які на «кароткай назе» з інтэрнэтам, можа зняць відэа і фота на мабільнік, хуценька напісаць тэкст, выкласці гэта ў нэт — і вось табе гатовы сюжэт. З гэтым, на ягоную думку, не зможа канкураваць ніводнае СМІ.
Другая небяспека, на думку сп-ра Якавенкі, зробіць увогуле непатрэбнай прафесію навіновага журналіста. Гэтая перспектыва больш аддаленая, але яе посвісты ўжо чуваць у заходніх медыя. Напрыклад, Bloomberg замяніў журналістаў, якія займаліся аглядам рынкаў нерухомасці і ім падобных, «штучным інтэлектам». Машына танней і лепш за журналістаў стварае гэтыя агляды.
З гэтым трэба нешта рабіць, лічыць Якавенка, і прапануе адным з выйсцяў аўтарскую журналістыку.
Гэта квінтэсенцыя разважанняў расійскага калегі пра нашу будучыню ў межах размовы пра аўтарскую журналістыку. На жаль (і ўжо не ў першы раз заўважана), на гэтым семінары занадта мала было часу для дыскусіяў і пытанняў. Нашым сябрам з FOJO на такія дыскусіі варта было б адводзіць не менш за паўдня.
Канец «журналістыкі 2.0»
На маю думку, такія перасцярогі ў нечым апраўданыя, але істотна перабольшаныя. У нас у краіне таксама былі апалагеты «народнай журналістыкі», а Аляксандр Класкоўскі нават прыдумаў вызначэнне: «журналістыка 2.0». Па аналогіі з «вэб 2.0», канешне.
Але гэтая «журналістыка 2.0» так і памерла, не нарадзіўшыся. Збольшага таму, што інтэрнэт — гэта не столькі сродак масавай інфармацыі і камунікацыі, колькі дагэтуль — забаўка. Ужо, пэўна, ніводзін журналіст не ставіццца сур’ёзна да таго, што там пішуць, і давярае толькі асобным аўтарам альбо гадамі правераным рэсурсам.
Прынамсі, нашых журналістаў ад «журналістыкі 2.0» калі не адвучыў, то моцна пазбавіў даверу канцэрт нямецкага гурта «Rammstein» у Мінску ў 2010‑м годзе.
Напярэдадні прыезду нямецкіх цяжкавікоў у сінявокую ў тырнэце з’явіўся ліст ад імя ветэранаў, якія патрабавалі забараніць канцэрт гурта «Rammstein», бо тыя разбэшчваюць моладзь, прапагандуюць гомасэксуалізм, парнаграфію і, увогуле, з’яўляюцца фашысцкімі недабіткамі, што непрымальна для краіны, якая святкуе 65-годдзе Вялікай перамогі.
Ведаючы, наколькі ўважліва ўлады прыслухоўваюцца да такога меркавання грамадскасці, журналісты, што займаюцца культурай, паставілі на вушы ўсіх. Арганізатары канцэрту, якія пра гэты ліст пачулі ад прадстаўнікоў СМІ, «подсели на стрём». Усе аддзелы гарвыканкама, пачынаючы ад аддзела культуры і заканчваючы аддзелам лістоў і звароту грамадзянаў, стаміліся казаць, што такога ліста не атрымлівалі («Ага, не атрымлівалі, мы ведаем, як у нашай краіне проста атрымаць праўдзівую інфу ад уладных органаў!», — думалі нашыя акулы пяра). Дні тры ўсе «культурніцкія журналісты» спрабавалі знайсці канцы – хаця б аднаго чалавека, які гэты ліст бачыў ужывую.
А ў выніку аказалася – пажартаваў блогер. Зрабіў тэкст нейкіх ветэранаў, выклаў на сваю старонку нібыта «скан ліста», чым паставіў пад сумнеў сам факт канцэрту. Бо пасля гэтай шуміхі ўжо Рада па маральнасці пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца запатрабавала як мінімум зрабіць закрыты «прагон» канцэрта – каб яны вызначыліся, ці можна дапускаць сусветных зорак да беларускай аўдыторыі.
І такіх прыкладаў, калі інфармацыя блогера аказвалася альбо свядомай правакацыяй, альбо жартачкамі, альбо «добрасумленнай памылкай», — мільёны. І не толькі ў Мінску.
У шэраг вызначэнняў журналістыкі ад Ігара Якавенкі (прафесіяналізм; валоданне рамяством; талент і журналісцкія каштоўнасці) я б дадаў яшчэ адно: адказнасць. Журналіст — чалавек, адказны перад сваімі чытачамі. Калі ён нешта напісаў – значыць, гэтаму можна верыць. Блогер жа пазбаўлены гэтай адказнасці: «Мой блог, што хачу, тое і пішу». І калі зазвычай можна казаць, што «напісанае журналістам — праўда», пра блогера такога не скажаш.
Таму блогеры не заб’юць журналістыку, як тое бачыцца апалагетам «народнай журналістыкі». Адказнасць і праўда — прынцыповае адрозненне журналістыкі ад блогерства.
«Штучны інтэлект»
Нам шмат ужо казалі, што журналістыку заменяць робаты. І Bloomberg тут — не першапраходцы. Ёсць некалькі кампаній, якія спецыялізуюцца на аўтаматычным стварэнні не толькі звязаных, але і асэнсаваных тэкстаў: Narrative Science, Automated Insights, Yseop. Нават расійскі Яндэкс у мінулым годзе анансаваў, што навіны для яго будзе ствараць «штучны інтэлект». Амерыканская кампанія Narrative Science пяць гадоў распрацоўвае платформу Quill, якая пачынала з напісання навінавых загалоўкаў, а цяпер стварае 10 — 15-старонкавыя справаздачы для фінансавых кампаній кшталту швейцарскай Credit Suisse.
Як гэта працуе? Схема, па якой аўтаматычна пішуцца навіны, укладаецца ў простую паслядоўнасць дзеянняў. Робат атрымлівае порцыю дадзеных у зручнай, стандартызаванай і структураванай форме. Затым ён вылічвае (літаральна лічыць) навінавы складнік. Па фармальных прыкметах праграма выбірае найбольш прыярытэтны ракурс навіны, падбірае кантэкст і ў выніку генеруе звязаны тэкст. Некаторыя алгарытмы дазваляюць эмацыйна афарбоўваць нейтральныя навіны, надаючы тэксту аптымістычны ці песімістычны тон.
Падаецца, нібыта проста. Але складана. Складанасць у тым, якія зыходныя дадзеныя атрымае робат.
Напрыклад, што будзе рабіць робат таго ж Bloombergа, ацэньваючы карпарацыю Toshiba? Сем год яе топ-менеджары скажалі справаздачы па прыбытковасці, за гэтыя гады прыпісаўшы сабе $2 млрд прыбытку, павышаючы капіталізацыю кампаніі. Зразумела, робат не ў стане ацаніць, наколькі фальшывыя яму падкідваюцца лічбы. З‑за гэтага агляд рынку — памылковы.
Скажэнне ж справаздачаў банкаў ва ўсім свеце стала хваробай. Найбуйнейшы амерыканскі банк Goldman Sachs прыніжаў ацэнкі рызык па каштоўных паперах, за што паплаціўся штрафам у $5 млрд. Адзінаццаць былых супрацоўнікаў Deutsche Bank, Barclays і Societe Generale стануць першымі абвінавачанымі па справе аб махінацыях з міжбанкаўскай стаўкай Euribor, па якой усталёўваюцца працэнтныя стаўкі на вялікую колькасць фінансавых прадуктаў, уключаючы іпатэчныя пазыкі. А Euribor і Libor вызначаюць кошт, па якой банкі выдаюць адзін аднаму крэдыты, з’яўляюцца ключавымі для фінансавых прадуктаў агульным аб’ёмам больш як $450 трыльёнаў.
Яшчэ пара-тройка такіх скандалаў — і Bloomberg выкіне свайго робата на звалку, а замест яго зноўку набярэ журналістаў, бо тыя могуць сумнявацца ў першапачатковых лічбах.
Інфармацыя мае схільнасць скажацца. І не толькі на свядомым узроўні. Хакерскія атакі, наўмыснае скажэнне інфармацыі альбо простая нядбайнасць: паставіў чалавек лішні нуль – і вось ужо квадратны метр жытла каштуе не 1000, а 10 000 долараў. Машына гэтую памылку прыме за чыстую манету.
У якасці прыкладу як «ведаць усё» Ігар Якавенка прыводзіў Вікіпедыю. Маўляў, ніводзін журналіст ніколі не будзе ведаць столькі, колькі там. Але «Вікі» — прыклад, хутчэй, адмоўны, чым станоўчы. Мы самі бачылі, як пасля падзеяў у Крыме рускамоўны сегмент Вікіпедыі быў літаральна перапісаны «крэмлеботамі» — зразумела, на сваю карысць.
І ўвогуле, пра тое, чаму журналістыка не будзе замененая робатамі, магла бы лепш распавесці ўкраінка Марго Гонтар, якая ўжо некалькі год выкрывае навіновыя фэйкі на расійскіх тэлеканалах.
Надмагілле ў «вершнікаў Апакаліпсісу»
На журфаку існуе такі прадмет, да якога мала хто ставіцца сур’ёзна: гісторыя журналістыкі. З гэтай гісторыі бачна, што журналісцкі «Апакаліпсіс» нам прарочаць увесь час. Са з’яўленнем братоў Люм’ер была думка, што кіно заб’е тэатр. Калі з’явілася радыё, казалі, што яно заб’е газеты. Тэлебачанне павінна было забіць і кіно, і тэатр, і радыё. І яшчэ год 15–20 таму нам казалі: інтэрнэт — капец усяму: тэатру, кіно, газетам, тэлебачанню, радыё і часопісам.
І што? Дзе доўгачаканы канец? Кіно існуе нароўні з тэатрам. Ад наяўнасці ў хаце «зомбаскрыні» кіно толькі выйграла, бо пачалося развіццё тэхналогіяў: Dolby Surround, 3D і гэтак далей. Радыёстанцыі расквітнелі так, што ў краіне не хапае хваляў для новых.
Некаторыя «вершнікі Апакаліпсісу СМІ», якія прадказвалі скон асобным формам журналістыкі, ужо самі даўно ў труне. І суседзі па могілках над імі смяюцца: як жа ж, газеты яшчэ выходзяць, хаця павінны былі сканаць ужо сто год як!
Што скажуць на гэта новыя «вершнікі Апакаліпсісу»?