«Вечерний Минск» адмовіўся друкаваць праграму кандыдата Юрыя Хашчавацкага
Рэдакцыя газеты «Вечерний Минск» адмовілася друкаваць праграму кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Юрыя Хашчавацкага. У адмове, якую цытуе сайт ucpb.org, гаворыцца:
«Паважаны Юрый Іосіфавіч! Паведамляем, што Ваша перадвыбарная праграма, пададзеная 19.08.2016 у рэдакцыю газеты «Вечерний Минск» УП «Агенцтва «Мінск-Навіны», не можа быць апублікаваная, бо не адпавядае патрабаванням артыкулаў 47 і 75 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 37–3. З павагай, галоўны рэдактар газеты «Вечерний Минск» С.А.Протас».
У артыкулах 47 і 75 гаворыцца, што праграма кандыдата не павінна змяшчаць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, да сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, заклікаў, якія падахвочваюць або маюць сваёй мэтай падахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, іншых кандыдатаў у дэпутаты.
На думку самога Хашчавацкага, у яго праграме няма ніякага парушэння названых нормаў. Вядомы рэжысёр мяркуе, што рэдакцыі мог не спадабацца, напрыклад, наступны пасаж у яго праграме: «20 гадоў мы жывем у рэжыме адзінаўладдзя, і рашэнні прымае адзін не вельмі адукаваны чалавек, галоўнай мэтай якога з’яўляецца не развіццё Беларусі, а ўтрыманне асабістай, нічым не абмежаванай улады».
«Калі яны пакрыўдзіліся за Аляксандра Рыгоравіча, таму што я сказаў, што ён не вельмі адукаваны чалавек. Але гэта таксама праўда. Усім вядома, што гісторык па адукацыі, першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, у сталіцы якой праспект быў названы імем выдатнага асветніка Францыска Скарыны, сказаў, што Скарына жыў і працаваў у Піцеры. Гэта яго словы. Хоць Скарына памёр за 150 гадоў да таго, як быў закладзены Санкт-Пецярбург. Гісторык, а тым больш прэзідэнт павінен быў бы гэта ведаць. Калі ён гэтага не ведае, значыць, прапусціў пару лекцый, не вучыўся ў семестры, г.зн. ён не вельмі адукаваны чалавек. Таксама ўсім вядомыя яго літаратурныя веды, да прыкладу, з нагоды вершаў Быкава», — пракаментаваў Хашчавацкі.
Хашчавацкі не першы кандыдат, які сутыкаецца з адмовай публікаваць праграму. З такімі ж праблемамі сутыкнуліся, напрыклад, Мікалай Уласевічу Астраўцы ды Ігар Маслоўскі ў Брэсце. А тэлевыступ Паўла Стэфановіча не паказалі па тэлебачанні са згоды Цэнтрвыбаркама.