Вэбінар з сапраўднай шведскай фрылансеркай Жазэфінай Улевік — сёння а 18‑й!
9 сакавіка а 18 гадзіне ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама ў рэгіянальных суполках у Гродне і Глыбокім адбудзецца вэбінар з дасведчанай шведскай журналісткай-фрылансеркай Жазэфінай Улевік.
Удзел у відэамосце чатырох гарадоў можа узяць любы ахвочы, абмеркаваць пачутае і падзяліцца сваім досведам працы. Вэбінар будзе складацца з двух частак, у першай з якіх Жазэфіна адкажа на раней зададзеныя пытанні, а ў другой – прыме ўдзел у відэадыскусіі.
У Мінску сустрэча пройдзе ў офісе ГА «БАЖ», вул.Камсамольская 7 офіс 32.
Дадатковыя пытанні па тэл.+375 29 138 57 96
Жазэфіна Улевік кораценька распавядае пра сябе:
Працую ў фрылансе ўжо 13 гадоў. Выдала тры кнігі. Апошнія год-два супрацоўнічаю ў якасці рэдактара з гэтым цудоўным часопісам — vi-tidningen.se. Пераважна заўсёды працавала з уік-эндаўскімі выпускамі шведскіх агульнанацыянальных выданняў. Рыхтую партрэтныя інтэрв’ю, лонгрыды, падарожныя нататкі і асабістыя кронікі.
Мне падабаецца пісаць пра адносіны. У кожным героі мяне захапляюць чалавечыя стасункі, уздыхі, абмен позіркамі, штосьці невымоўнае. Сярод іншага, мае журналісцкія тэмы захопліваюць культурніцкую і сацыяльную праблематыку.
Раней я ездзіла штогод у вялікую журналісцкую вандроўку разам з фатографам. Збылася мая даўняя журналісцкая мара. Мы ездзілі ў Мексіку, Бангладэш, Японію, на Трынідад, у Венесуэлу і ў Ліван. Было вельмі цікава, і я шмат чаго даведалася. Аднак пяць год таму я нарадзіла дзіця і стала марыць пра працу іншага кшталту. Як, напрыклад, пра напісанне кнігаў. Я напісала кнігу пра культуру падарожжаў і жыцця ў трэйлерах, пра самотную жанчыну ў Токіё, пра маладую сямейную пару жанчын, якія вырашылі стаць мамамі.
На мой погляд журналістыка – гэта найбольш захапляльная прафесія з ўсіх магчымых. Вось мой Інтэрнэт-сайт: www.olevik.se. Вось некалькі неблагіх прыкладаў маіх працаў:
Гэта партрэтнае інтэрв’ю з жонкай аднаго вельмі вядомага і вельмі супярэчлівага шведскага пісьменніка. Вось гісторыя пра правядзенне сусветнага кубку па працяглым плаванні ў ледзяной вадзе на самай поўначы Швецыі. А вось яшчэ адно партрэтнае інтэрв’ю пра найбольш вядомага, на мой погляд, на сёння шведскага пісьменніка Давіда Лагеркранца. Ён напісаў працяг трылогіі Стыга Ларсана і быў шмат крытыкаваны за гэта. Ён не хацеў даваць гэтае інтэрв’ю. Таму мы вырашылі напісаць яго без ягонага ўдзелу, размаўляючы з ягонымі сябрамі, калегамі і ворагамі.