• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Васкрасенскі: «Плюшак няма – вызваленні больш не разглядаюцца»

    Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка патэлефанаваў Юрыю Васкрасенскаму, які ўвайшоў у склад “камісіі па памілаванні”, і пагаварыў з ім пра вызваленне палітзняволеных.

    З вялікай размовы БАЖ адабраў тое, што тычыцца журналістаў.

    Леанід Судаленка і Юрый Васкрасенскі

    Л.С.: Сёння 34 журналісты за кратамі. Якія прапановы адносна іх, якая цана?

    Ю.В.: Як я дапускаю, яшчэ раз падкрэсліваю, што гэта выключна маё дапушчэнне, таму што я вывучыў унутраную логіку нашага ўрада, вось цяпер вельмі добры момант, менавіта цяпер. Не пасля 23 лютага [23 лютага 2025 года – меркаваная дата правядзення чарговых прэзідэнцкіх выбараў]. Бо 23 лютага, пасля выбараў, ужо гэты парадак дня і гэтая патрэба, каб казаць пра міласэрнасць для ўнутранага парадку дня, як ён пайшоў насустрач, не так важна. А зараз вельмі актуальна. Якая цана? Ну дык мы ж не на рынку.

    Л.С.: У апошнім выступе перад студэнтамі Лукашэнка сказаў, што будзе працягваць выпускаць. Калі чакаць наступную партыю?

    Ю.В.: Ніякіх партыяў няма, таму што няма нікіх плюшак. Патрэбная плюшка. Мы чакалі плюшку. Плюшак няма. І таму партыяў пакуль ніякіх не разглядаецца.

    Л.С.: Вось гэтая заява, што Анджэй Пачобут не выходзіць, бо не хоча выходзіць, ну прабачце, гэта ж проста міф.

    Ю.В.: Дык гэта ж заява Дуды.

    Л.С.: А я думаў, гэта заява афіцыйнага Мінску.

    Ю.В.: Дык пагугліце. Дуда і кіраўнік ягонай канцылярыі сказалі, што ён не хоча выходзіць.

    Л.С.: У папярэднія гады перад выбарамі заўжды адпускалі палітвязняў – і перад 2001 годам, і перад 2006 годам, нават перад 2010 годам. На вашу думку, вось акрамя 20-ці “буйнога калібра”, усе астатнія да выбараў выйдуць?

    Ю.В.: Залежыць не ад нас, разумееце? Зараз унікальная сітуацыя, калі ключ не ў французаў там, немцаў, ключ у палякаў. З палякамі хочуць нармалізаваць дачыненні. У новага міністра замежных справаў бабуля і маці – палякі. Зараз чакаюць ад палякаў крокаў.

    Вось вы пыталі што рабіць. Трэба прасіць, каб палякі, найперш спадар Сікорскі [міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі] альбо, магчыма, іншага калібру чалавек – зараз я вам назаву ягонае прозвішча – Ян Грабец, кіраўнік канцылярыі Туска, – каб яны сюды прыехалі.

    Калі б я быў на вашым месцы, я б да іх пайшоў і сказаў: “Хлопцы, слухайце, ну вы, блін, наёмнага забойцу памянялі, вы казалі, што не будзеце мець з Пуціным аніякіх справаў, вы памянялі і ён вам яшчэ выкінуў людзей, якія не хацелі з’язджаць. Пра што вы кажаце тады?” Хай яны прыязджаюць. Па-першае, яны забяруць Пачобута гэтага без аніякіх умоваў.

    Л.С.: А дзе гарантыі, што з імі сядуць за стол перамоваў?

    Ю.В.: Ды сядуць. Бо гэта Мінску трэба. Яны баяцца, што, маўляў, прапаганда заявіць пра свой трыумф. Ну гэта дзіцячы садок. Таму што мы ў любым выпадку заявім пра свой трыумф. Напрыклад, мы гаворым зараз, што польскі рэжым кінуў свайго грамадзяніна Пачобута – напляваў, растаптаў яго. Вось Расія сваіх не кідае. І Беларусь сваіх не кідае. А яны кінулі. То бок, прыедзе ён, ці не прыедзе – прапаганда ўсё адно ўсё перакруціць. Вы гэта цудоўна разумееце.

    Той, хто атрымае доступ да цела, павінен сказаць: “Аляксандр Рыгоравіч, слухай, ну ты ж справядлівы чалавек, ты жанчын любіш, жанчыны цябе ўсе любяць. Давай іх адпусцім. Давай журналістаў адпусцім”. І Аляксандр Рыгоравіч пойдзе насустрач. Але яму нехта з гэтых людзей павінен сказаць. Вось самы рэальны ключ, які я бачу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці