«Маёй праўкай журналісты былі незадаволеныя». Як Васіль Быкаў працаваў у «Гродзенскай праўдзе»
Амаль 20 гадоў са сваіх няпоўных 80 Васіль Быкаў працаваў у газеце «Гродзенская праўда». Ён прыйшоў сюды на пасаду карэктара, а выходзіў ужо знакамітым пісьменнікам. У «Гродзенская праўдзе» Быкаў спрабаваў сябе ў якасці журналіста, адточваў майстэрства рэдактра і раскрыўся як таленавіты празаік. БАЖ сабраў сведчанні і ўспаміны самога Быкава пра яго «рэдакцыйны» перыяд жыцця.
«Новая старонка біяграфіі»
Васіль Быкаў прыехаў у Гродна амаль адразу пасля дэмабілізацыі, у 1947 годзе, на Дзень Перамогі. У той час яму было 23 гады. Калегі падказалі, што ў горадзе ён зможа знайсці працу па спецыяльнасці — мастаком (перад вайной Быкаў вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы).
Некаторы час Быкаў сапраўды працаваў у майстэрні мастацкага фонду, але замоваў было няшмат. Тады будучы пісьменнік уладкаваўся ў рэдакцыю. Вось як ён сам апісвае гэтаю падзею ў аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому»:
«У Горадні якраз непадалёк ад нашай майстэрні была рэдакцыя абласной газэты “Гродзенская праўда”. Часам у піўнушцы на рагу дзьвюх вуліцаў мы сустракаліся зь некаторымі яе газэтчыкамі. Тады ў рэдакцыі працаваў бухгалтарам стары (год пад 70) палкоўнік былой царскай арміі, ён таксама заходзіў туды — выпіць з палучкі піва. Калі-нікалі мы размаўлялі, той распавядаў шмат цікавага з свае царскай службы.
Аднойчы ў хвіліну п’янаватай добрасьці ён і сказаў мне, што ня шкодзіла б падумаць пра сваю будучыню, і тым зачапіў нейкія чульлівыя струны ў маёй душы. Вы ведаеце беларускую мову, сказаў ён, а ў нас частку тыражу пачынаюць выпускаць па-беларуску. Зайдзіце ў сакратарыят, можа, будзе патрэба.
Дзён праз колькі я сапраўды зайшоў у сакратарыят, дзе мяне спаткала Ганна Iльлінічна Цыпіна, старая газэтчыца, прапанавала напісаць заяву па-беларуску. I, як мне здалося, паколькі не знайшла ў ёй занадта памылак, прыняла мяне на працу карэктарам беларускага выданьня. Трохі папрацаваўшы ў карэктарскай, перайшоў у сакратарыят. Пачыналася новая старонка маёй біяграфіі».
У рэдакцыі «хадзілі спрэс у вайсковым»
Васіль Быкаў піша, што ў рэдакцыі «было спакойна» і яму там падабалася. «Працавалі тут амаль усе прыезджыя ці дэмабілізаваныя і хадзілі спрэс у вайсковым — шынялях, гімнасьцёрках, ботах». Па ўспамінах відавочцаў, будучы пісьменнік і сам у тыя часы звычайна апранаўся ў старэнькую гімнасцёрку і пацёрты шынэль.
У «Доўгай дарозе дадому» Быкаў узгадвае пра сваіх першых калег і першыя працоўныя абавязкі:
«Загадчыкамі адзьдзелаў былі пераважна былыя палітработнікі-вайскоўцы, хіба за выключэньнем аддзела сельскай гаспадаркі, якім камандаваў нядаўні камбрыг Войска Польскага маёр Пётра Барэйка. Камандаваў, як і на вайне — энэргічна і напорыста, асабліва падчас суцэльнай калектывізацыі Заходняй Беларусі. Натуральна, што з такімі кадрамі карэктарам і стылістам працы хапала, і наш рэвізійны карэктар Мікола Аўчароў бясконца канфліктаваў з усімі, адстойваючы «сьвяшчэнныя» нормы расейскай граматыкі.
Маім калегам па сакратарыяце быў Георгій Цьвятніцкі, чалавек трохі старэйшага за мой веку, сталы жыхар Горадні, вельмі дасьведчаны, выхаваны на старой расейска-польскай культуры. Ня маючы вялікай адукацыі, ён ведаў некалькі моваў і наогул ведаў усё. Калі ў каго ўзьнікала якое пытаньне (апроч, вядома, марксызму-ленінізму), на якое не было адказу ў БСЭ, зьвярталіся да Георгія Аляксеевіча, той, падумаўшы, адказваў. Апроч таго, ён, можа, адзіны ў тагачаснай рэдакцыі дасканала разьбіраўся ў паліграфіі, рабіў вёрстку палос, разьметку шрыфтоў і ў гэтым сэнсе быў чалавек незаменны.
Большую частку майго рабочага часу адбіраў пераклад на беларускую мову расейскіх матар’ялаў, перададзеных па тэлетайпе агенцтвам БелТА. Усе яны былі не малыя памерам — розныя пастановы, прамовы, канешне, з адзнакай «тэрмінова ў нумар», і мне даводзілася іх дыктаваць Станіславе Фадзееўне — ці не адзінай у рэдакцыі машыністцы, што ведала беларускую мову. Часам пісаў што-небудзь з драбноты па разьдзелу інфармацыі. Тады ж у выхадны накрэмзаў першае апавяданьне пра апошні дзень вайны. Намесьнік рэдактара А. Салаўёў прачытаў і сказаў: очань значыцельна! Скупая яго пахвала дала веру ў нейкія ўласныя здольнасьці».
«Захацелася пісаць у газэту»
На старонках «Гродзенскай праўды» з’явіліся першыя публікацыі Васіля Быкава. Спачатку гэта былі невялікія журналісцкія карэспандэнцыі. Пісьменнік узгадваў:
«Між тым самому захацелася пісаць у газэту. Схадзіў на Гарадзенскі шклозавод, напісаў невялікі нарыс “Шклавары”. Надрукавалі, акуратна выразаў і паклаў у свае паперы. Зь нецярпеньнем чакаў лятучку, калі раз на тыдзень рабілі разбор надрукаванага. Асабліва ніхто не пахваліў, але і не палаялі, і то добра».
Але даследчыкі адзначаюць, што «Шклавары» (надрукаваныя ў 1956 годзе) — гэта не першы артыкул Быкава. Упершыню ён як журналіст выступіў на старонках абласнога выдання 11 ліпеня 1948 года. Менавіта тады ў рубрыцы «На городские темы» надрукавалі яго нататку «Когда построят водную станцию?». Быкаў крытыкаваў мясцовыя ўлады, якія зацягвалі будаўніцтва. З‑за іх маруднасці гродзенцы не маглі займацца водным спортам.
Ужо ў наступным нумары ад 14 ліпеня выйшаў яшчэ адзін артыкул Быкава — «Майстры народнай творчасці рыхтуюцца да 30-годдзя БССР». А ў публікацыі ад 28 ліпеня 1948 года малады карэспандэнт апавядаў пра працоўныя дасягненні работніка скураной фабрыкі Івана Саеўскага. Журналісцкія нататкі і фельетоны Быкава выходзілі на старонках газеты і ў 50‑я гады.
Быкаў, які не меў спецыяльнай падрыхтоўкі ў галіне журналістыкі, вучыўся ў старэйшых калег. Сярод іх ён вызначаў Андрэя Абрамавіча Салаўёва, які адначасова быў і адным з першых рэдактараў літаратурных твораў пісьменніка.
У 1949 годзе менавіта ў «Гродзенскай праўдзе» друкуецца першае апавяданне Васіля Быкава на ваенную тэму з сімвалічнай назвай «У першым баі». З таго часу адно за адным выходзяць быкаўскія апавяданні і аповесці пра вайну.
«Мая беларуская натура працівілася моўнаму гвалту»
Пасля другой дэмабілізацыі (з 1949 па 1955 год Быкаў служыў на Далёкім Усходзе) пісьменнік ізноў вярнуўся ў Гродна. За той час у «Гродзенскай праўзе» змянілася шмат людзей, сышоў былы галоўны рэдактар.
«Новы, Васіль Булай, найперш папытаўся пра маю партыйнасьць і, учуўшы адказ, моўчкі разьвёў рукамі, — пісаў Быкаў у «Доўгай дарозе дадому». — Ён наогул не любіў свае думкі выказваць словамі. Відаць, засвоіўшы пэўныя ўрокі 30‑х гадоў, у гутарцы аддаваў перавагу жэстам, якія можна было разумець як заўгодна. Але тут я зразумеў правільна — працы няма».
Аднак праз хуткі час з дапамогай усё таго ж Андрэя Салаўёва Быкаў вярнуўся ў рэдакцыю на сваю былую пасаду.
«Я на той раз меў шмат сакратарскіх абавязкаў. Найперш вычытваў тасаўскія і белтаўскія стужкі, што перадаваліся па тэлетайпе, пасьля правіў тэксты перакладаў зь беларускай на расейскую і наадварот. Вычытваў таксама расейскія матар’ялы. Для таго давялося грунтоўна заняцца стылістыкай. Андрэй Абрамавіч неяк уручыў мне тоўстую кнігу — курс газэтнай стылістыкі для завочнікаў, які я добрасумленна праштудыяваў.
Газэтная практыка, вядома ж, куды як адрозьнівалася ад пурытанскай тэорыі, і маёй праўкай журналісты былі незадаволеныя. Усе так пішуць, казалі яны.
Сапраўды, менскія газэты, у тым ліку «Советская Белоруссия» і «Звязда» (ды і «Правда» таксама), кіраваліся ўласнымі партыйнымі правіламі стылістыкі. Чаму «Гродзенская праўда» павінна кіравацца інакшымі? I я махнуў рукой. Хай ідуць, як ішлі дагэтуль, гэтыя несьмяротныя выразы накшталт: вядуць барацьбу, вядуць уборку, вядуць нарыхтоўку. Ды шмат іншых».
У 1953 годзе Акадэмія навук Беларусі выдала расейска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй акадэміка Крапівы, які мусіў рэгламентаваць у тым ліку і мову газеты. Вось як Васіль Быкаў адгукаецца пра гэтую настольную кнігу тагачасных рэдактараў:
«Беларуская лексыка амаль упадабнялася да расейскай, што, паводле задумы, павінна было працаваць на зьліцьцё народаў у адну братнюю сям’ю. Народы не зьліліся, але моўнай шкоды той слоўнік нарабіў нямала, гэтая шкода адчуваецца і дагэтуль.
Працуючы ў сакратарыяце, я змушаны быў правіць беларускія тэксты паводле таго слоўніка, хаця часьцяком мая беларуская натура працівілася моўнаму гвалту.
Успаміналіся маміны словы і выразы, якія былі іншыя, нават іншай прыроды, але ж іх на газэтную старонку ня ўставіш. Iх выкрасьліць карэктар, перад якім на стале ляжыць моўны закон у выглядзе таго ж слоўніка акадэміка Кандрата Крапівы, адзначанага Дзяржаўнай прэміяй СССР».
«У Горадні няблага пісалі маладыя»
Агулам Быкаў працаваў у рэдакцыі «Гродзенскай праўды» амаль 20 гадоў — з 1947 па 1949 і з 1956 па 1972. Спачатку на пасадзе карэктара (з якой у першы час сумяшчаў працу рэтушора здымкаў), потым стыль-рэдактара і літсупрацоўніка, а пасля смерці ў 1960 годзе Міхася Васілька стаў літаратурным кансультантам газеты. Пра апошнюю пасаду пісьменнік узгадвае як пра спакойны час, калі рэдакцыйныя справы «ня надта даймалі».
«Звычайна на дні прымаў маладых паэтаў зь іх вершамі, пісаў адказы на іхнія допісы, рабіў агляды паэзіі, што дасылалася ў газэту. Раз у месяц або ў квартал газэта друкавала літаратурную старонку, на якую трэба было падабраць тузін вершаў і адно-два апавяданьні. Увогуле тое было няцяжка і не рабіла клопату.
У Горадні няблага пісалі маладыя. Са сваім адметным голасам ішла ў літаратуру студэнтка Данута Бічэль і яе таварышы Ул. Шурпа, Ул. Васько. У дзіцячым доме падрастала спрытненькая школьніца Вольга Iпатава, на якую мы з Карпюком надта ж спадзяваліся. Часам у рэдакцыю заходзіў разважлівы менскі асьпірант Сяргей Габрусевіч, вершы якога сталі паяўляцца і ў рэспубліканскім друку. У Наваградку пачаў пісаць вершы ўласны карэспандэнт газэты Валянцін Блакіт. Аднойчы прынёс неблагую падборку на рускай мове выкладчык музычнага вучылішча Валянцін Чэкін, тым запачаткаваўшы наша зь ім працяглае таварышаваньне».
Як і ў любой рэдакцыі, не абыходзілася без «дужа актыўных вершатворцаў», якія жадалі прабіцца на старонкі газеты. Васіль Быкаў узгадвае забаўны выпадак з адным з такіх аўтараў.
«Падпалкоўнік Е. кожны панядзелак прыносіў два-тры вершы, напісаныя за выхадныя пад пэўныя даты наступнага тыдню. Ён не спазьняўся, тое было добра, але газэта не магла рэалізаваць усёй ягонай вершаванай прадукцыі, якая да таго ж была ня надта высокай якасьці. Часьцяком я ня ведаў, што яму адказаць, усе мае аргумэнты даўно былі вычарпаны. Тады я сказаў аднойчы: «Нашто вам харошыя вершы друкаваць у нашай правінцыйнай газэце? Пашліце куды ў Маскву». — «А што, думаеце, пройдуць?» — «Напэўна!» — «I ў “Правду” падыдуць?».
Ён забраў вершы і пабег, а я першы раз уздыхнуў з палёгкай — ужо адтуль яму дадуць адказ! I якое ж было маё зьдзіўленьне, калі праз даволі кароткі час Е. прынёс мне «Правду» са сваім вершам на першай старонцы. Выгляд ён меў трыумфатара і вельмі дзякаваў мне за параду. Праўда, болей ягоных вершаў у «Правде» не зьявілася. На вялікі мой жаль».
«Толькі двое нас у рэдакцыі былі беспартыйныя»
З «Гродзенскай праўдай» у жыцці Васіля Быкава звязаны і вельмі важныя асабістыя моманты. Гаворка найперш пра знаёмствы з людзьмі, якія сталі для яго вельмі блізкімі, — з сябрам Аляксеем Карпюком, першай жонкай Надзеяй Кулагінай і другой жонкай Ірынай Суворавай.
Гарадзенскі празаік Аляксей Карпюк быў адным з найбліжэйшых сябраў пісьменніка. «Шмат гора і клопату было перажыта разам», — узгадваў Быкаў. А упершыню яны сустрэліся «на стромкай рэдакцыйнай лесьвіцы» «Гродзенскай праўды»:
«Карпюк кінуў мне ў яго звычайнай таропкай манэры: “Здароў! Кажуць, аповесьць пішаш?” — “Пішу, ага”. — “Правільна, пішы”. Сказаў і пабег уніз на падворак».
Пра знаёмства з першай жонкай Надзеяй Кулагінай засталося кароткае сведчанне ў аўтабіяграфічных нататках «Пункціры жыцьця». Быкаў піша, што гэта адбылося ў рэдакцыі, дзе Надзея, тады студэнтка педінстытута, у вольны час працавала падчытчыцай — дапамагала рабіць сверку карэктурных адбіткаў.
У тых жа нататках чытаем пра Ірыну Сувораву:
«Аднойчы, прыйшоўшы ў сакратарыят, убачыў новую супрацоўніцу прамысловага аддзелу, якім загадваў Л. Красьнянскі. Гэта была практыкантка з універсітэту: маленькае, чарнявенькае дзеўчанё з вялікім чорным бантам на патыліцы. Хто тады думаў, чым яна стане для мяне – але праз шмат год…»
Iрына тады прыязджала на практыку ў Гродна з журфака БДУ. А пасля стала супрацоўніцай «Гродзенскай праўды» і рабіла ў газеце амаль да самай пенсіі.
«Iрына адной зь першых у рэдакцыі адзначыла мае літаратурныя спробы, выявіўшы адмысловыя веды і дасканалы літаратурны густ, — пісаў Быкаў у «Доўгай дарозе дадому». — Пасьля яна паслугоўвала мне таксама ў якасьці машыністкі-друкаркі і першага крытыка маіх твораў. Я быў ёй удзячны за ўсё, і тая ўдзячнасьць пакрысе перарасла ў сталае пачуцьцё.
Пачуцьцё тое набыло пэўны характар, калі я трапіў у чорную паласу літаратурна-палітычных зьдзекаў, калі гарадзенскае начальства і шмат якія з маіх калегаў-пісьменьнікаў і журналістаў пачалі праяўляць да мяне непрыязь. Iрына стаяла на сваім, падтрымлівала і верыла ў мой шчасьлівы літаратурны лёс, хаця з кожным годам рабіць тое выпадала ўсё болей складана.
Важна яшчэ і тое, што толькі двое нас у рэдакцыі былі беспартыйныя. Як астатнія пачыналі засядаць на сваіх рытуальных партсходах, мы выпраўляліся на прыроду, якую Iрына любіла зь няўрымсьлівасьцю гараджанкі».
Штапельная сукенка на памяць
У «Гродзенскай праўдзе» дагэтуль захоўваюць памяць пра Быкава. У рэдакцыі ёсць музейная экспазіцыя — адзін з нешматлікіх напамінаў пра пісьменніка ў Гродне — горадзе, дзе ён правёў значную частку жыцця і з якім звязаны плённы перыяд творчасці. Цікава, што яшчэ паўгады таму, у кастрычніку 2023-га, абласная газета з гонарам распавядала пра экспанаты гэтай выставы. Тут ёсць асабістая справа Быкава з датай прыняцца на працу — 31 снежня 1947 года. Аўтографы пісьменніка і яго аўтаручка са слядамі чарнілаў. Лісты да калег і тэлеграма, якую Быкаў даслаў у рэдакцыю з нагоды атрымання газетай ордэна Дружбы народаў.
У адным з рэтраспектыўных артыкулаў пра Быкава ў «Гродзенскай праўдзе» ёсць такое сведчанне: усе, хто працаваў побач з пісьменнікам, запомнілі яго маладым. «Распавядаюць, што ён быў добрым, чулым, ніколі нікому ні ў чым не адмаўляў. Не сварыўся з калегамі, крытыкаваў канструктыўна. А яшчэ пра яго ўспамінаюць, што быў ён выключна сціплым нешматслоўным чалавекам».
Захаваўся кранальны успамін карэктаркі Людмілы Габруковіч. Яна прыйшла ў газету ў 1952 годзе маладою дзяўчынай і працавала там 50 гадоў.
«Рэдакцыя размяшчалася па вуліцы Савецкай, у тым будынку, дзе цяпер абласны Цэнтр народнай творчасці, а побач, на рагу, — крама тканін. Аднойчы «выкінулі» штапель. Жанчыны рэдакцыі кінуліся ў чаргу па пакупку. А ў мяне ў кашальку грошай не хапала, каб купіць адрэз штапеля да лета, хаця вельмі хацелася. Хтосьці з супрацоўніц параіў пазычыць грошай у Васі Быкава, маўляў, ён добры чалавек, не адмовіць».
У той час Быкаў ужо быў вядомым аўтарам, атрымліваў ганарары, і супрацоўнікі час ад часу бралі ў яго ў доўг «да палучкі». Людміла, перасіліўшы сорам, папрасіла Васіля пазычыць грошай і купіла сабе тканіну ў ружовыя кружочкі. Новую сукенку дзяўчына насіла з радасцю, а пасля захоўвала шмат гадоў.