СМІ: Варшава вядзе перамовы з Мінскам аб вызваленні Анджэя Пачобута
Варшава вядзе перамовы з Мінскам аб вызваленні палітвязня Анджэя Пачобута, паведамляе польскае Radio ZET са спасылкай на неназванага высокапастаўленага чыноўніка Міністэрства замежных справаў.
Адзначаецца, што перамовы вядуць “чыноўнікі ніжэйшага звяна МЗС і консульскіх службаў Польшчы”.
Паводле інфармацыі медыя, у якасці аднаго з аргументаў, які Варшава можа выкарыстаць пры кантактах з Мінскам, “з’яўляецца пытанне аб поўным закрыцці памежных пераходаў”.
Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства паведаміў Radio ZET, што Польшча не верыць сігналам з Беларусі — заявам пра гатоўнасць абмяркоўваць міграцыйны крызіс на мяжы, уведзенаму бязвізаваму рэжыму для грамадзян 35 краін Еўропы.
“Калі нічога не зменіцца, мы цалкам закрыем памежныя пераходы з Беларуссю. І гэта таксама ўдарыць па таварах, якія імпартуюцца з Кітая”, — сказала крыніца медыя.
Заяўлена, што ўмовамі для “больш шырокага адкрыцця пагранпераходаў” з’яўляюцца вызваленне Пачобута, спыненне “адпраўкі мігрантаў з беларускага боку на мяжу з Польшчай”, а таксама супраца з польскімі службамі “па пытанні забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка, які быў смяротна паранены пры абароне памежнага бар’ера”.
Варта адзначыць, што гэтыя ж пункты намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна назваў напярэдадні ў інтэрв’ю Radio ZET у якасці “канкрэтных умоў”, якія Беларусь павінна выканаць, калі яна “хоча нармалізаваць стасункі”.
Польшча даўно дабіваецца вызвалення журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута, які ў Беларусі прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі ў рамках палітычна матываванай справы.
З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўрасаюза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.
28 траўня на мяжы з Беларуссю зазнаў напад 21-гадовы вайсковец польскай 1‑й танкавай брыгады Матэвуш Сітэк, які памёр у бальніцы 6 чэрвеня. Варшава запатрабавала ад Мінска выдаць, як сцвярджаецца, мігранта, які нанёс мужчыну нажавое раненне. Паводле інфармацыі СМІ, кампетэнтныя органы Польшчы высветлілі асобу вінаватага ў гібелі вайскоўца, ён усё яшчэ на беларускай тэрыторыі, але пасля выкрыцця можа паспрабаваць уцячы на Блізкі Усход.
Смерць Сітэка стала адной з прычын, з якой 13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць часовая буферная зона, а ў Варшаве загаварылі пра магчымасць закрыцця пагранпераходаў.