Вайна ў Курскай вобласці: як журналістам не апынуцца паміж двух агнёў?
Украінская камісія па журналісцкай этыцы выпрацавала рэкамендацыі асвятлення падзеяў у Курскай вобласці, значная частка якой кантралюецца УСУ.
Наступ украінскіх сіл абароны ў Курскай вобласці Расіі істотна памяняў рэальнасць і ўмовы працы журналістаў: Курская вобласць з’яўляецца міжнародна прызнанай тэрыторыяй РФ, але значную частку вобласці кантралююць УСУ.
І вось ужо ФСБ Расіі ўзбудзіла крымінальную справу супраць здымачнай групы тэлеканала TG1 журналісткі Стэфаніі Бацісціні і аператара Сімонэ Траіні. Іх абвінавачваюць у незаконным перасячэнні мяжы.
Журналістам пашанцава: іх своечасова адклікалі ў Італію.
Як паводзіць сябе журналістам, каб не апынуцца паміж молатам і накавальняй? Украінская камісія па журналісцкай этыцы выпрацавала шэраг парадаў і рэкамендацый, якія дазволяць украінскім і замежным журналістам знізіць рызыкі падчас працы на гэтай тэрыторыі.
Даведка. Камісія па пытаннях журналісцкай этыкі з’яўляецца органам самарэгулявання працы журналістаў і рэдакцый ва Украіне. Задача камісіі — садзейнічаць выкананню прафесійных этычных нормаў ва ўкранскіх СМІ і фармаванне грамадскага запыту на якасную журналістыку.
Памятайце пра свой статус
Найперш медыйшчыкі мусяць памятаць пра розніцу ў статусах грамадзянскай асобы і камбатанта (чалавека, які ўваходзіць у склад узброеных сіл краіны, якая ваюе).
Паводле Жэнеўскіх канвенцый, журналісты, якія знаходзяцца з прафесійнымі місіямі ў зоне баявых дзеянняў, з’яўляюцца грамадзянскімі асобамі.
Паводле законаў РФ, журналіста можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за незаконнае перасячэнне мяжы (санкцыя артыкула — да 5 гадоў зняволення).
Камісія па этыцы раіць:
— захоўваць адрозненні паміж грамадзянскімі асобамі і камбатантамі і не выкарыстоўваць ваенізіраваныя ці ваенныя знакі адрозненняў, пажадана не апранаць ваенную форму і камуфляж;
— не браць у рукі зброю;
— пралічваць рызыкі дзейнасці ў зоне баявых дзеянняў і верагоднасць трапляння ў палон;
— азнаёміцца з загадам Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Украіны, у якім прапісаныя абавязацельствы журналістаў.
Як называць тое, што адбываецца ў Курскай вобласці?
Камісія расцэньвае дзеянні УСУ на тэрыторыі Курскай вобласці як міжнародны ўзброены канфлікт і як працяг самаабароны Украіны ў межах артыкула 51 Статуста ААН.
Паўстае пытанне: ці можна называць тэрыторыі Курскай вобласці, якія кантралююць УСУ, акупаванымі? Прававы рэжым акупацыі пачынаецца з моманту, калі акупіруючая сіла ўстанаўлівае фактычны кантроль над тэрыторыяй. З моманту стварэння першай ваеннай камендатуры ў горадзе Суджа можна казаць пра пачатак акупацыі асобных раёнаў Курскай вобласці.
Таму камісія па этыцы раіць апісваць падзеі ў Курскай вобласці наступнымі тэрмінамі:
— «працяг міжнарожнага ўзброенага канфлікта паміж Расіяй і Украінай», «украінскай самаабаронай ад расійскай агрэсіі», «баявымі дзеяннямі на тэрыторыі Расіі/Курскай вобласці», «узяццем пад кантроль асобных тэрыторый», «контрнаступленнем Узброеных сіл Украіны на тэрыторыі Курскай вобласці», «акупацыяй Курскай вобласці» і гэтак далей;
— адмовіцца ад тэрміна «вызваленне», таму што тэрыторыя Курскай вобласці, якая кантралюецца УСУ, уваходзіць у склад РФ.
Журналістам нагадваюць, што на іх распаўсюджваецца дзеянне ўкраінскага заканадаўства і на акупаваных тэрыторыях Курскай вобласці. Парушэнне законаў і загадаў УСУ караецца не толькі пазбаўленнем акрэдытацыі і забаронай працаваць у зоне баявых дзеянняў, але можа закончыцца і турмой.
Таму журналістам рэкамендуецца падпарадкоўвацца патрабаванням прадстаўнікоў сіл абароны наконт праверкі фота- і відэаматэрыялаў і забароны на правядзенне здымкаў. А таксама азнаёміцца з Крымінальным кодэксам Украіны (гаворка пра артыкулы, якія рэгламентуюць асвятленне ваенных дзеянняў) і пачытаць патрабаванні на забарону абнародавання інфармацыі.
Журналісты павінны дбаць пра бяспеку мясцовых жыхароў і ваеннапалонных
Камісія рэкамендуе некалькі тэмаў для асвятлення на тэрыторыях Курскай вобласці, падкантрольных УСУ: гуманітарная сітуацыя, пошук доказаў парушэння міжнароднага права і міжнародных злачынстваў, асвятленне спраў палонных, асвятленне дзейнасці ўкраінскіх вайскоўцаў.
Аднак журналістам нагадваюць пра недатыкальнасць прыватнага жыцця — каб не ставіць пад пагрозу здароўе і жыццё мясцовых жыхароў. Клопат пра абарону асоб, якія фігурыруюць у журналісцкіх матэрыялах, з’яўляецца найпершым абавязкам журналістаў.
Таму камісія рэкамендуе:
— не дапускаць прадузятых адносінаў да грамадзянскага насельніцтва, якое пражывае на падкантрольных УСУ тэрыторыях;
— прытрымлівацца прынцыпа дабравольнай і інфармаванай згоды героеў матэрыялаў пра зону баявых дзеяннняў;
— прыняць усе магчымыя меры для абароны асобаў расійскіх ваеннапалонных і грамадзянскіх жыхароў, у тым ліку змяненне голаса, выкарыстанне «размыцця», закадравага голаса.