• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Журналіст вам нічога не абавязаны або як захаваць душэўны спакой

    Ілюстрацыя: iverillo.com/mens-health

    Для пэўнай часткі аўдыторыі журналіст мусіць быць палымяным змагаром: таўраваць крывавы рэжым (вашынгтонскі абкам, сусветную закулісу — патрэбнае падкрэсліць). Для другіх журналіст — адвакатар і лабіст: абавязаны прасоўваць інтарэсы пэўнай групы, будзь то жыхары дома, у якім цячэ дах, альбо бізнесоўцы, якім павялічваюць падаткі.

    Часам ад журналіста чакаюць, што ён будзе ў ролі аніматара і адукатара: распавядзе на любую тэму, якая цікавіць асобнага каментатара, ды яшчэ праз спецыфічную оптыку, пажадана, каб і высновы супалі з меркаваннем чытача.

    І звычайна не ўзгадваюць ні пра сутнасць журналісцкага рамяства, ні пра рэдакцыйную палітыку і тэматычную скіраванасць самога аўтара.

    Я ўжо маўчу пра ідэю падтрымаць медыя матэрыяльным ахвяраваннем — такія крытыкі ўпэўненыя, што журналісты мусяць працаваць за лайкі ў Face­book.

    Але ў нашыя талерантныя часы яшчэ адно патрабаванне актыўна распаўсюджваецца: каб журналіст, не дай божа, нікога не пакрыўдзіў.

    Гаворка ідзе не пра hate speech ды паклёпы. Такія паводзіны не ўхваляюцца заканадаўствам  і этычнымі кодэксамі журналісцкіх асацыяцый і прафесійных медыяў. Яскравы антыпрыклад сярод беларускіх СМІ — газета “Вечерний Могилев”, якая сістэмна друкуе матэрыялы, прасякнутыя нянавісцю да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці (па словах галоўнай рэдактаркі — “ідэалогіі садаміі”).

    Зусім іншая справа, калі журналіст піша матэрыял, без парушэнняў прафесійнай этыкі. А нехта з чытачоў адчувае, што тэма, датычная яго асабіста, раскрытая “няправільна”.

    Не хапіла глыбіні

    Адна з самых распаўсюджаных прэтэнзій — павярхоўны падыход журналіста, непавага да тэмы і заангажаваных у яе асобаў.

    Маўляў, не закранутыя той і гэты аспекты, не згаданы міжнародны досвед, не ўзяты каментар у пэўнага адмыслоўца — усё, ганьба! Часам у такіх развагах ёсць здаровае зерне: журналіст сапраўды не глыбінны даследчык кожнай тэмы, пра якую піша, ён не можа знаць усё, і вузкаму спецыялісту заўсёды ёсць, што дадаць. Аднак пакрыўджаны чытач забывае пра натуральныя рамкі медыйнай працы.

    Па-першае, журналісцкі артыкул — гэта не манаграфія і не аналітычнае даследаванне. Ён апрыёры не ўключае ўсю інфармацыю па тэме, бо мае жорстка абмежаваны аб’ём.

    На чым факусавацца ў адным тэксце, а што пакінуць на наступны — гэта выбар журналіста і рэдактара.

    Па-другое, любы тэкст — гэта кампраміс паміж часам напісання і глыбінёй прапрацоўкі тэмы. Працоўны час журналіста каштуе грошай, і мала якія медыя могуць сабе дазволіць, каб аўтар выдаткоўваў на адзін тэкст бясконцыя тыдні.

    Па-трэцяе, варта адрозніваць, што цікава шырокай аўдыторыі, а што — вузкаму колу заангажаваных асоб. Тым, хто асабіста шмат год звязаны з пэўнай тэмай, кожная дэталь у ёй можа падавацца бясконца важнай, а іншым чытачам гэтыя дробязі будуць нецікавымі. Уплывае і рэдакцыйная скіраванасць: БелаПАН і “Прессбол” заўсёды будуць пісаць пра спорт па-рознаму.

    Слізкае моўнае пытанне

    Асобны пункт — выкарыстанне лексікі, якая не абражае ўразлівыя групы і не з’яўляецца hate speech. З аднаго боку, гэта добры гуманістычны трэнд.  Я і сам не лянуюся зверыцца з адмысловымі даведнікамі, паглядзець парады адмыслоўцаў падчас працы над матэрыялам, які закранае тэматыку ўразлівых групаў.

    Напрыклад, раю ўсім калегам брашуру “Талерантная журналістыка”, распрацаваную Усходне-Еўрапейскай Сеткай грамадскіх міратворчых арганізацый (East Europe Gppac Net­work).

    Іншы бок медаля — рызыка ціску на журналістаў з боку розных грамадскіх актывістаў, а таксама прыватныя крыўды.

    Напрыклад, нядаўна чытачка раскрытыкавала мой матэрыял “Как реализовать право инвалидов на высшее образование в Беларуси” на той падставе, што ў загалоўку выкарыстаны тэрмін “інваліды”, хоць лепей казаць “людзі з інваліднасцю”.

    Калі пачытаць уважліва, то можна ўбачыць, што ў тэксце я пішу пераважна “людзі з інваліднасцю”. А тэрмін “інваліды” выкарыстоўваю тады, калі цытую дакументы ААН — “Канвенцыю па правах інвалідаў” і “Мэты ўстойлівага развіцця”. У гэтых дакументах не выкарыстоўваецца hate speech, а ў падрыхтоўцы ўдзельнічалі вядучыя арганізацыі па правах людзей з інваліднасцю.

    Ды і сам тэкст акурат пра правы інвалідаў. Але ж можна пашукаць нагоду для крыўды і абурэння, калі ёсць жаданне.

    Ёсць і тыя, хто пакрыўдзіцца на абрэвіятуру ЛГБТ і абвінаваціць аўтара ў дыскрымінацыі ўсіх, чые ідэнтычнасці трапляюць толькі ў ЛГБТК+, ЛГБТКІА+ альбо нешта яшчэ.

    У адным з даследаванняў мовы варожасці была такая цудоўная метадалогія, што галоўнымі распаўсюджвальнікамі hate speech выявіліся нават журналісты талерантнага KYKY.org, бо дазвалялі сабе “празмерную іронію” і цытавалі меркаванні не толькі талерантных людзей.

    Ініцыятыва Legal­ize Belarus топіць за выкарыстанне тэрміна “кантраляваныя рэчывы” замест “наркотыкі”. Незалежна ад таго, як ставіцца да дэкрыміналізацыі ўжывання марыхуаны, тэрмін “кантраляваныя рэчывы” выглядае сумнеўна, бо не выконвае сваю асноўную функцыю — тлумачыць, пра што ж гаворка.

    Уразлівай цяпер можа стаць у прынцыпе любая група. Напрыклад, палова чалавецтва, у дачыненні да якой ці то варта ўжываць фемінітывы, ці не. І калі адны жанчыны пакрыўдзяцца на тое, што журналіст прытрымліваецца слоўнікавых стандартаў і ўжывае да іх прафесіі “мужчынскія” тэрмін, то іншыя пакрыўдзяцца, калі іх называць “фатографкамі”.

    Падсумую: кожны мае права на тое, каб яго не абражалі, але не трэба шукаць абразы ў кожным слове і навязваць журналістам моватворы. Журналіст не абавязаны падтрымліваць любы супярэчлівы моўны актывізм.

    Не пераступаць праз стандарты

    Што журналіст насамрэч абавязаны, дык гэта прытрымлівацца журналісцкіх стандартаў, якія і адрозніваюць прафесійнага медыйшчыка ад суб’ектыўнага блогера. Гэтыя стандарты даволі жорсткія па сваёй сутнасці. Напрыклад, захоўваць праўдзівасць фактаў, адасабляць іх ад каментароў, асвятляць складаныя канфлікты з розных бакоў і гэтак далей. Калі ж журналіст пачынае тыя стандарты парушаць — нават дзеля самых лепшых мэтаў, — ён ператвараецца ў прадстаўніка іншай прафесіі: прапагандыста.

    І для гэтага нават не абавязкова працаваць на праўладныя медыя ў недэмакратычнай дзяржаве. Усім вядомыя прыклады, калі дзеля высокай мэты змагання супраць аўтарытарнага рэжыму медыя ператвараюцца ў баявыя лісткі, прапаганду навыварат (па паху ўжо і не адрозніш — смярдзіць аднолькава).

    У беларускай рэчаіснасці распаўсюджаны і прамежкавы тып: журналіст-актывіст. Асабліва часта іх можна пабачыць у рэгіёнах, калі адна і тая ж энергічная асоба — і праваабаронца, і эколаг, і кіраўнік мясцовай суполкі грамадскай арганізацыі, і карэспандэнт незалежнага радыё.

    Але бываюць і іншыя выпадкі, калі ідэйны актывіст пачынае пісаць менавіта таму, што імкнецца распаўсюджваць свае перакананні. Сама па сабе гэта натуральная жыццёвая сітуацыя, такі журналіст можа пабачыць новыя тэмы, непрыкментыя звонку, можа лёгка знайсці кантакты тэматычных адмыслоўцаў і іншае. Галоўнае, каб усё гэта адбывалася з захаваннем тых самых стандартаў.

    Калі нехта ўсё ж крыўдзіцца на матэрыял, дзе журналіст не ўжываў мовы варожасці, абразаў, датрымліваўся прафесійных стандартаў, то варта да гэтага ставіцца па-філасофску. Бо нават самы лепшы тэкст— не сто долараў, каб усім падабацца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці