• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка пра ток-шоу Ігара Марзалюка: Ідэалогія “беларускага міру”, госці-аднадумцы і фармат відэаблога

    Альтэрнатыва — ужо няблага

    Агулам я схільны пазітыўна ставіцца да таго факту, што на беларускім тэлебачанні развіваецца ўласны грамадска-палітычны кантэнт.

    Бо на сёння беларускі глядач, які ў сілу тых ці іншых прычынаў абірае тэлевізар, а не YouTube, апынаецца між своеасаблівымі Сцылай і Харыбдай. З аднаго боку — рэтрансляцыі расійскіх грамадска-палітычных праграм і ток-шоу, дзе спрэс базар замест дыскусіі, расповеды пра ўкрыжаваных хлопчыкаў і наўпрост вёдры лайна. З іншага боку —  забаўляльны кантэнт, збольшага таксама расійскі і часам вельмі сумнеўнай якасці.

    У гэтым кантэксце важна ствараць якасны ўласны тэлевізійны прадукт. Нават калі да яго ёсць пытанні, асабліва на пачатковай стадыі, ён усё ж стварае альтэрнатыву расійскаму пункту гледжання. Прынамсі беларускі глядач бачыць абмеркаванне беларускіх тэмаў, а не ўцягваецца штучна ў павестку дня і інфармацыйную прастору ўсходняга суседа.

    Таму стварэнне ток-шоу “В обстановке мира” цалкам упісваецца ў канцэпцыю пабудовы медыйнай вертыкалі і мяккай мадэрацыі кантэнту расійскіх тэлеканалаў.

    Ідэалогія “Беларускага міру”

    Сцісла пра сутнасць праграмы. Ігар Марзалюк сядзіць за сталом з трыма гасцямі і абмяркоўвае актуальныя грамадска-палітычныя тэмы апошніх тыдняў, як ён іх бачыць. Усё гэта адбываецца ў Мірскім замку, што дадае гульні словаў у назву ток-шоу. І выбар месца відавочна невыпадковы. 

    З лагістычнага пункту гледжання лакацыя натуральна ўскладняе працэс. Ад тэлецэнтра, дзе месціцца офіс СТВ, да Мірскага замка — 100 кіламетраў. Як дэманструе сайт тэлеканала, для здымак даводзіцца везці туды як мінімум дзве фуры апаратуры, плюс аўто з гасцямі, якія ўсе занятыя людзі. На ўласным досведзе я ведаю, што нават здымкі ў павільёне АНТ, які месціцца ў вайсковым гарадку ва Уруччы, у выніку адымаюць палову працоўнага дня. Што ўжо казаць пра выезд у Гродзенскую вобласць.

    Усё гэта — ахвяра сімвалічнаму значэнню Мірскага замка, які аўтары дэманструюць у доўгай застаўцы (дзве з паловай хвіліны), што пачынае кожны выпуск. Відэашэраг — кадры з Мірскім замкам і Ігарам Марзалюком у ім. Тэкст кожны раз прывязаны да тэмы, але ў першым выпуску ён хутчэй падобны на палітычную праграму. Адкрывае яе, ні многа ні мала, выраз “Беларускі мір”. 

    Які «Беларускі мір», згодна з ідэяй ток-шоу Ігара Марзалюка?

    Па-першае, беларускі мір талерантны: “паліфанія культур”, “рынкавая плошча, побач з якой мірна месцяцца праваслаўная царква і каталіцкі касцёл, сінагога і мячэць”, “павага да чалавека незалежна ад колера скуры, расы і мовы”.

    Па-другое, беларускі мір еўрапейскі: “Мір Беларусі — гэта мір у цэнтры Еўропы”, “Замак увасабляе сабой пераемнасць беларускай гістарычнай тоеснасці; сінтэз культурнай традыцыі, уласцівы для праваслаўнай і каталіцкай Еўропы”, нават у архітэктуры “адчуваецца ўплыў праваслаўнай традыцыі Малдовы, Румыніі, Сербіі”.

    Па-трэцяе, беларускі мір не ваяўнічы (але здольны пастаяць за сябе): “братэрства і партнёрства, пабудаванае на роўнасці і любові”, “Беларускі мір — непарушны мур замкавых сцен, як непарушна і невынішчальна наша беларуская мірная тоеснасць”.

    Не складана заўважыць, што гэтыя пункты цалкам адрозніваюць беларускі мір ад рускага міру: нават па словах ягоных прыхільнікаў, ён не талерантны, не еўрапейскі і ваяўнічы. Хоць нідзе ў застаўцы няма ані слова пра Расію (нават праваслаўныя рысы ў архітэктуры там з еўрапейскіх праваслаўных краінаў), што таксама паказальна. Дарэчы, ток-шоу білінгвічнае, як і сам Ігар Марзалюк, а першая застаўка гучыць па-беларуску.

    Такая ідэалогія можа апынуцца досыць прывабнай для вялікай часткі беларускай грамадскасці, у тым ліку крытычна настроенай да дзейснай улады. Відавочна, гэтая дэкларацыя мае патэнцыял выходзіць далёка за межы аднаго ток-шоу.

    Марзалюк як відэаблогер

    Якасць любога ток-шоу ў вялікай ступені залежыць ад таго, каго туды клічуць. Госці шасці першых выпускаў “В обстановке мира” — гэта высокія і не вельмі чыноўнікі (ад міністра інфармацыі да намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама), дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, медыйшчык (гендырэктар СТВ), прадстаўнік акадэмічнай супольнасці (загадчык кафедры БДУ) спартовец (трэнер хакейнага “Дынама”), бізнэсовец (з прэзідэнцкай Рады па развіццю прадпрымальніцтва), прадстаўніца лаяльнай грамадскай арганізацыі (“Чырвоны крыж”).

    З аднаго боку, гэтыя госці цікавыя як мінімум тым, што яны адрозніваюцца ад шэрагу твараў, якія вандруюць з адной дзяржаўнай перадачы на іншую і ўжо прымільгаліся. Але з іншага— яны відавочна рэпрэзентуюць аднолькава прымальныя для ўлады погляды.

    Анонс ток-шоу абяцае “Полярные экспертные мнения, неизвестные факты и жесткую аргументацию”, аднак фактычна гэтага няма. Госці збольшага пагаджаюцца адзін з адным (дакладней — з генеральнай лініяй). У ток-шоу няма канфлікту: напрыклад, у выпуску, дзе ў загаловак вынесена пытанне “Ці патрэбныя Беларусі Еўрапейскія гульні?”, няма ніводнага госця, які б казаў, што гульні Беларусі не патрэбныя. У выніку перадачу банальна нецікава глядзець, бо канфлікт — аснова дынамікі.

    Не дадае дынамікі і той факт, што вядучы не стаіць па-над дыскусіяй, а адначасова грае ролю аднаго з гасцей. Відавочна, што яго ў такім выпадку няма каму мадэраваць. Гэта яскрава праяўляецца ў першым жа выпуску, калі маналог Ігара Марзалюка пра Курапаты цягнецца шэсць з паловай хвілін (з 13:50 да 20:25) — неверагодная даўжыня для ток-шоу. У выніку яго перарывае толькі гендырэктар тэлеканала, які быў госцем перадачы.

    Тэхнічнае выкананне ток-шоу таксама выклікае пытанні: недзе збоку альбо ў люстэрку ў кадры ўвесь час апынаюцца то камеры і штатывы, то аператары.

    Ёсць сумнеў, што гэта ўвогуле можна аднесці да ток-шоу ў традыцыйным разуменні фармата. “В обстановке мира” часам болей нагадвае ролік папулярнага відэаблогера на YouTube, які тэхнічна зроблены з шурпатасцямі, а галоўны герой дазваляе сабе не прытрымлівацца ніякіх рамак: хоча — будуць здымкі ў сапраўдным замку, хоча — будзе адначасова і вядучым, і адным з герояў, хоча — будзе прамаўляць доўгі маналог.

    Зрэшты, відэаблогі сёння на ўздыме. Назіраць за развіццём перадачы будзе цікава.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці