• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Мажэйка: Медыякрытыка супраць права блогераў на фэйкі

    Медыякрытыка не працуе ў кулуарах

    Адно з першых абурэнняў Эдуарда Пальчыса — чаму я не спытаў у яго асабіста, пра што ідзе гаворка, а адразу напісаў крытычную калонку на БАЖ. Нажаль, падобна, што гэта тыповае пытанне да медыякрытыкі ў Беларусі. Калега Аляксандр Класкоўскі неяк пісаў адносна серыі сваіх публікацый на Mediakritika.by, што да яго таксама звярталіся пакрыўджаныя медыйшчыкі з пытаннямі — ну навошта ты выносіш усё гэта ў публічную сферу, напісаў бы прыватна.

    Аднак тэма значна шырэйшая за непаразуменне з блогерам Пальчысам. Напрыклад, адзін з самых папулярных беларускіх відэаблогераў Nex­ta высмоктвае інфанагоды з пальца і выдае штучныя маніпулятыўныя загалоўкі, накшталтКоля Лукашенко выступил ПРОТИВ БАТЬКИ! И это в Беларуси?!” (маніпуляцыя паспяховая: відэа мае больш за мільён праглядаў). Агульнавядомае вольнае абыходжанне з інфармацыяй на “Хартыі”, дзе любую дробязь могуць выставіць як цвік у труну крывавай улады (“Наталья Радина: Спецслужбы работают против Лукашенко”, “Андрей Санников: Режим Лукашенко так же опасен для региона, как и его кремлевские начальники”).

    Калі мы хочам жыць у цывілізаваным медыйным асяродку, дзе папулярныя блогеры не вешаюць локшыну на вушы аўдыторыі ў пагоні за лайкамі і праглядамі, а інфармуюць беларусаў пра рэальныя падзеі і аналізуюць іх, то як раз і варта публічна разбіраць тыповыя кейсы junk news. Гэта медыякрытыка, а не персанальныя напады. І цяжкасць з яе ўспрыманнем толькі падкрэслівае, наколькі медыякрытыка насамрэч запатрабаваная.

    Змагары з левалібералізмам або некампетэнтны доктар і іпатэчны махляр

    Нагадаю, што ж першапачаткова напісаў Пальчыс: у Брытаніі “то звальняюць за адмаўленне 79 гендэраў, то бяруць пад арышт незадаволеных дзеяннямі ісламскіх радыкалаў”. І цяпер у якасці доказаў сваіх словаў прывёў спасылкі на канкрэтныя кейсы Дэвіда Макерэта і Томі Робінсана. Праблема толькі ў тым, што гэтыя крыніцы пацвярджаюць не словы Пальчыса, а маю тэзу аб тым, што ён корміць чытачоў junk news.

    Так, у першым выпадку гаворка вядзецца пра тое, што рэлігійнага доктара не прынялі на працу ў дзяржаўную ўстанову – Дэпартамент па працы і пенсіі — бо ён адмаўляўся звяртацца да кліентаў згодна з іх актуальным полам: як баптыст, доктар Mack­ereth верыць, што пол вызначаецца толькі пры нараджэнні. Безадносна рэлігійных поглядаў, доктар мусіў бы ведаць, што дзеці могуць нараджацца з нявызначаным полам (гэта завецца гермафрадытызм), і ў такіх выпадках хірургі дапамагаюць немаўлятам, фактычна вызначаючы іх будучы пол. А першая аперацыя па змена пола, звязаная з ідэнтычнасцю, прайшла, верагодна, амаль паўстагоддзя таму. Як бачым, доктара звольнілі праз прафесійную непрыдатнасць, за адмову выконваць лагічнае для дзяржслужачага правіла – звяртацца да грамадзяніна адпаведна з тым, як той сябе вызначае. Бо дзяржаўная ўстанова – не царква, і чыноўнік — не святар; ягоная задача – выконваць закон, а не чытаць пропаведзь. Зрэшты, пра “адмаўленне 79 гендэраў” гаворка ў першакрыніцы наогул не вядзецца.

    Пра Томі Робінсана ўсё яшчэ прасцей – ён быў арыштаваны за непавагу да суда, калі пачаў стрыміць у фэйсбук людзей, якія заходзілі ў залю – суддзя Хізэр Нортан расцаніла гэта ў тым ліку як ціск на журы. Як паведамляе Inde­pen­dent, Томі Робінсан на гэты момант ужо быў асуджаны ўмоўна за непавагу да суда – тады паседжанне вялося адносна групавога згвалтавання летась у Кэнтэрберы. А дагэтуль Робінсан быў арыштаваны за бойкі з футбольнымі фанатамі і нават сядзеў у турме за іпатэчнае махлярства. Менавіта гэтая гісторыя ў трактоўцы Пальчыса выглядае яе “бяруць пад арышт незадаволеных дзеяннямі ісламскіх радыкалаў”.

    Ці мае блогер права на фэйкі?

    Нагадаю: нягледзячы на ўсю гэтыю крытыку, я падкрэсліваў права Пальчыса на свабоду выказвання: “гэта яго прыватны Face­book, дзе ён можа пісаць што хоча і не абавязаны займацца фактчэкінгам”. Але ж гэта не азначае, што ў аўдыторыі публічнай персоны, вядомага блогера не можа быць пытанняў да даставернасці кантэнту. Тым болей, што дзейнасць Пальчыса фінансуецца праз краўдфандынг яго чытачамі.

    Яе зазначылі хлопцы з Цэнтра новых ідэй у сваім падкасце, блогер, які прызвычаіўся смела ісці ў атаку на ўсіх навокал, мусіць разумець, што пытанні могуць аднойчы ўзнікнуць і да яго дзейнасці. Зоркам новых медыя трэба быць гатовымі да крытыкі і адэкватна да яе ставіцца, а не прымаць блізка да сэрца як асабістую крыўду. Калі ж акрамя абразаў ёсць аргументы — можна адказаць нават на пляцоўцы БАЖ, тая самая медыйная этыка безумоўна дае такую магчымаць.

    Куды вядзе слізкая сцежка junk news

    Можна адказаць і ў Face­book, але ж вось бяда — ён не любіць гіперлінкі. Менавіта гэтай акалічнасцю сацсеткі Пальчыс патлумачыў, чаму раней не дадаў спасылкі на першакрыніцы. Зрэшты, пра гэта ж я і пішу! Junk news з’яўляюцца тады, калі дзеля віральнасці на сучаснай платформе аўтары сістэмна спрашчаюць матэрыялы — адмаўляюцца не толькі ад доўгіх тэкстаў, але і ад гіперспасылак.

    Наступныя лагічныя крокі — спрашчаць сэнсы, пісаць выключна хвосткімі лозунгамі (хай сабе і не зусім дакладнымі), зводзіць усё да эмацыйнага відэа альбо карцінкі. І сапраўды, не сакрэт, што найбольшы распаўсюд у сацыяльных сетках атрымлівае кантэнт, які выклікае хуткую эмоцыю і жаданне падзяліцца гэтым з сябрамі.

    Медыйшчык мусіць умець выкарыстоўваць алгарытмы таго ж Face­book, але ж пытанне тут глыбейшае: што ўсё ж першаснае – алгарытмы сацсетак альбо медыяпісьменнасць і прынцыпы журналістскай этыкі? І для каго мы працуем: для фэйсбуку і папулярнасці там сваёй старонкі за любы кошт – альбо для беларускай аудыторыі, якая заслугоўвае медыйнага прадукту першага гатунку, а не junk news?

    Гэты канфлікт яшчэ раз нагадаў, як нам бракуе культуры ўнутрымедыйнай крытычнай дыскусіі, як важна пазбягаць саскоку з агульных праблемаў на асобы. Бо галоўнае ж пытанне не ў тым (прынамсі для мяне), хто лепшы ці горшы — Пальчыс альбо Мажэйка. Выклік для ўсіх беларускіх медыйшчыкаў — распаўсюд фэйкаў і попыту на іх, чым умела карыстаюцца ў першую чаргу ўсё ж не беларускія блогеры, а калякрамлёўскія прапагандысты. Дык не варта ліць ваду на іх млын.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці