Вадзім Мажэйка: Чатыры правілы медыйнай гігіены
Ілюстрацыя: meduza.io
Апошнім часам вядзецца шмат размоў пра інфармацыйную бяспеку. Звычайна кажуць пра ролю дзяржавы, якая мусіць забяспечыць годныя правілы гульні на медыйным рынку (а не “Справу БелТА” і вось гэта вось усё). Яшчэ адзін папулярны напрамак развагаў — расійская прапаганда, якая ільецца на нас з розных бакоў: ад федэральных тэлеканалаў да новамодных ананімных каналаў у Telegram. Гэта ўсё, безумоўны, важна. Але, як па мне, не менш важны іншы момант — асабістая медыйная гігіена.
Як бактэрыям прасцей атакаваць таго, хто не мые рукі, так і рознага кшталту фэйкі ды маніпуляцыі небяспечныя для тых, хто сам стварае для іх спрыяльныя ўмовы. Можа падавацца, што сёння інфармацыйны асяродак асабліва кепскі: эпідэмія фэйкавых навінаў ахапіла ўвесь свет, расійскія боты і “фабрыкі троляў” уплываюць нават на заакіянскія падзеі, старыя медыя губляюць давер аўдыторыі і крыніцу фінансавай незалежнасці — рэкламны рынак сыходзіць у Facebook ды Google. А ў краінах накшталт Беларусі да гэтага дадаецца аўтарытарная ўладная сістэма, якая спалучае старыя рэпрэсіі і сучасныя лічбавыя механізмы для ўзмацнення кантролю над медыямі.
Змрочная карціна? То давайце паглядзім з іншага боку. Сёння, як ніколі, даступныя разнастайныя крыніцы інфармацыі і самаадукацыі. Узгадайце не такія ўжо і далёкія часы, калі вучыцца можна было толькі ў дзяржаўным універсітэце, а альтэрнатыўную інфармацыю атрымліваць хіба што патаемна настроіўшы прымач на хвалі “Голаса Амерыкі”. Таму кожны з нас сёння насамрэч мае досыць інструментаў, каб абараніць сабе ад большай часткі маніпуляцыі і дэзінфармацыі. Адзінае што гэтымі інструментамі трэба ўмець карыстацца, браць на сабе адказнасць, прыкладаць пэўныя высілкі. Але ж тое шмат каму ўлом, прасцей сядзець на канапе і скардзіцца на дзяржаву, якая яшчэ не адключыла расійскае ТБ.
Качка пра Качанаву
Цікавы выпадак фэйкавай навіны, якая выклікала рэзананс у медыя, — быццам бы Наталля Качанава, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта, сказала, што 30% кантэнту айчынных тэлеканалаў мусіць быць на беларускай мове. Прынамсі ў такой фармулёўцы надрукавала словы чыноўніцы газета “Калійшчык Салігорска” — карпаратыўнае выданне ААТ “Беларуськалій”. Дарэчы, у pdf-версіі газеты тэкст так і застаўся не выпраўлены.
Шчыра кажучы, мне адразу было зразумела, што навіна фэйкавая. Бо я добра памятаю фармулёўку з абноўленага закона “Аб СМІ”, дзе гаворка вядзецца пра 30% беларускага кантэнту, то бок створанага ў Беларусі, але не абавязкова на беларускай мове. А калі б раптам уладамі было б прынятае новае рашэнне пра падобную беларусізацыю, то наўрад ці б яно было агучанае Качанавай у Салігорску ў адказ на пытанне мясцовага ідэолага і надрукаванае менавіта ў малавядомай карпаратыўнай газеце.
Але цікава назіраць, як розныя медыя выкарысталі гэтую інфармацыйную нагоду.
Так, “Радыё Свабода” заўважыла хутчэй пазітыў і выдала матэрыял “Адміністрацыя Лукашэнкі «паставіла задачу» перавесьці 30% ТВ на беларускую мову”. Пры гэтым словы Качанавай былі пашыраныя на ўсю адміністрацыю прэзідэнта, якую яна ўзначальвае. Хоць у першапачатковым тэксце выкарыстаная формула “Наталья Ивановна согласилась с предложением и напомнила о том, что поставлена задача” — то бок не гаворыцца, хто ж задачу паставіў.
Асобны цікавы момант: калі на сайце “Свабоды” ў загалоўку навіны стаіць пытальнік, то ў іх Telegram-канале на тым жа месцы ўжо клічнік. Так выкананне стандартаў журналістыкі на сайце можа спалучацца з клікбэйтам у новых медыя.
Што праўда, агулам “Свабода” спрацавала ў гэтым выпадку прафесійна, бо першапачатковы тэкст хутка дапоўніўся спасылкай на грунтоўны артыкул з каментарамі прэс-сакратароў прэзідэнта і міністэрства інфармацыі, а таксама ідэолага калійнага прадпрыемства, з пытання якой і пачаўся ланцужок.
Іншая справа — прарасійскія медыя, якія сканцэнтраваліся не на высвятленні таго, што адбылося насамрэч, а на зручнай нагодзе адпрацаваць сваю праграму. Напрыклад, тэлеграм-канал “Бульба престолов” выдаў канспіралагічныя пасты: спачатку пра прымусовую лацінізацыю бульбабандэраўцамі, потым — пра тое, як гераічная актыўнасць “русского гражданского общества Телеграма” прымусіла беларускія ўлады змяніць першапачатковую пазіцыю.
У тую ж скарбонку — матэрыял газеты “Наша версія” з характэрнай назвай “Белоруссия решила провести дерусификацию телевидения”. І хоць тэкст з’явіўся праз паўтары гадзіны паля таго, як “Свабода” высветліла дэталі і надрукавала абвержанне, аднак гэтая нязручная інфармацыя ў расійскую газету не трапіла.
На мой погляд, у дадзеным выпадку не так цікава, што ж стала першапрычынай усёй гэтай гісторыі: недачуў журналіст “Калійшчыка Салігорску” ці абмовілася Наталля Качанава. Галоўнае — высновы, якія можна зрабіць, каб не весціся на такія фэйкі ў будучыні:
-
Адсочвайце змены ў афіцыйных дакументах. Калі памятаць, што дакладна напісана ў першакрыніцы (у дадзеным выпадку — Законе “Аб СМІ”), то вас будзе цяжэй увесці ў зман.
-
Аналізуйце, уключайце логіку. Хто, дзе і ў якім фармаце звычайна робіць праўдзівыя заявы? Напрыклад, ці шмат выпадкаў вы памятаеце, каб рэгіянальныя карпаратыўныя выданні прамысловых прадпрыемстваў былі крыніцай эксклюзіву адносна вялікіх зменаў у інфармацыйнай палітыцы беларускіх уладаў?
-
Не давярайце ананімным тэлеграм-каналам. Я пісаў на гэтую тэму асобную калонку, але бум ананімных тэлеграм-каналаў працягваецца. Гэты зручны сродак камунікацыі ўсё глыбей пранікае ў беларускую медыясферу. У тэлеграме камунікуюць гарадскія актывісты, стваральнікі і аўдыторыя модных падкастаў. Але там жа ствараюцца псеўдамедыя на беларускую тэматыку – з невядомымі імёнамі аўтараў, іх матывамі і крыніцамі фінансавання.
-
Чытайце сайты медыя, якія прытрымліваюцца медыйных стандартаў. «Зліўныя бачкі», якія спекулююць жоўтымі навінамі і гучнымі загалоўкамі на пустым месцы, часам памылкова таксама называюць медыя. Калі ж вам важная праўдзівасць інфармацыі — будзьце разумнейшымі, не вядзіцеся на танны клікбэйт, а чытайце адказныя выданні. Прычым мае сэнс рабіць гэта праз сайты: як прадэманстраваў гэты кейс, адно і тое ж медыя можа быць амаль эталонным адносна стандартаў на сваім сайце, але грашыць клікбэйтам у сацсетках і месенджарах.