Ва ўсёй краіне затрымлівалі журналістаў, каб сарваць асвятленне акцый пратэсту ў малых гарадках
На нашых калегаў па ўсёй краіне сёння ідзе «паляванне». У чатырох гарадах здымачныя групы «Белсату» затрыманыя.
Увага! У панядзелак - прэс-канферэнцыя БАЖ з нагоды затрыманняў журналістаў
Меншчына: У Барысаве затрымалі і адпусьцілі карэспандэнтаў «Белсату»
Журналістаў «Белсату» Вольгу Чайчыц і Сяргея Кавалёва затрымалі ў жывым эфіры і пазьней адпусьцілі з Барысаўскага РУУС.
Карэспандэнтку Вольгу Чайчыц і апэратара Сяргея Кавалёва затрымалі ў жывым эфіры ў цэнтры гораду. Іх павезьлі ў Барысаўскі РАУС на так званым службовым аўтамабілі без апазнавальных знакаў органаў унутраных справаў, паведамляе «Белсат». На якой падставе іх затрымалі ім не паведамлялі.
Журналісты прыбылі асьвятляць магчымую сацыяльную акцыю пратэсту, да якой напярэдадні заклікалі беларускія анархісты ў розных гарадах Беларусі, у тым ліку ў Барысаве.
Віцебшчына: Затрыманыя Сяргей Русецкі, Уладзімер Лунёў і Алена Сьцяпанава
Па дарозе зь Віцебску ў Наваполацак у Шумілінскім раёне супрацоўнікі ДАІ затрымалі аўтамабіль зь незалежнымі журналістамі Сяргеем Русецкім і Ўладзімерам Лунёвым.
Спачатку іх абвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху і адпусьцілі. Пазьней іх зноў затрымалі ўжо ў Полацкім раёне і вязуць у Полацкі РУУС. Міліцыянты кажуць, што будуць правяраць, ці не перабітыя нумары на кузаве аўтамабіля.
Калі незалежных віцебскіх журналістаў прывезьлі ў Полацкае РУУС быццам бы на праверку, ці не перабітыя ў іх нумары на кузаве аўтамабіля, высьветлілася, што іх падазраюць ў нападзе 1 сакавіка на аддзяленьне банка ў вёсцы Фарынава Полацкага раёна — маўляў, тады рабаўнікі таксама былі на аўтамабілі чорнага колеру.
Старшы ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку Полацкага РУУС маёр Максім Крацянок дапытаў журналістаў, прабіў па базе. Алену Сьцяпанаву, Сяргея Русецкага і Ўладзімера Лунёва адпусьцілі.
Гомельшчына: Журналістку з Гомелю Ларысу Шчыракову затрымалі па падазрэньні ў крадзяжы
Незалежную журналістку з Гомелю Ларысу Шчыракову затрымалі ў Рэчыцы па дарозе ў Мазыр, дзе беларускія анархісты сярод іншых гарадоў заклікалі да сацыяльных пратэстаў 18 сакавіка. Міліцыянты прад’явілі «арыенціроўку» на падазраваную ў крадзяжы асобу. У дакумэнце ўказаныя прыкметы, падобныя да Ларысы Шчыраковай.
Таксама ДАІ спыніла незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага, які кіраваўся на магчымую акцыю сацыяльнага пратэсту ў Мазыры.
Кобрынь: Затрыманыя Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава
Незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава затрыманыя ў Кобрыні пасьля акцыі недармаедаў, якую яны здымалі. Як распавёў актывіст Алесь Мех, у Кобрыні на плошчу выйшлі каля 25 чалавек. Пасьля акцыі журналісты правялі актывістаў да аўтамабіляў, а калі тыя зьехалі, Ляўчука і Харытонаву затрымалі.
Быў складзены пратакол за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, а таксама за працу без акрэдытацыі.
Мілана Харытонава змясціла ў facebook фота міліцыянта, які складаў на журналістаў пратакол.
Як паведаміла Служба маніторынгу ГА «БАЖ» Мілана Харытонава, затрыманне праводзілі людзі ў цывільным, ніхто не прадставіўся, іх проста выцягнулі з машыны.
«Яны нас паабяцалі забіць, — кажа Алесь Ляўчук.
Была пашкоджана тэхніка журналістаў і разбіты тэлефон, некаторыя прылады канфіскавалі да суда. Зараз журналісты чакаюць ці будуць іх адпускаць ці ўсё ж яны застануцца ў Кобрынскім РАУС.