• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ва ўлонні аўтазака нараджаецца грамадзянін». 10 аўтараў беларускага дызайну часоў супраціву

    Дызайн апынуўся ў авангардзе пратэснага мастацтва Беларусі. Адносна хуткі ў вытворчасці ды просты ў спосабе трансляцыі, у мінулым годзе ён зазнаў моцны імпульс і аформіўся, лічы, у цэлую хвалю. Трапныя, дасціпныя і паводле свайго характару лаканічныя выказванні змясцілі ў сабе падзеі апошніх месяцаў і сталі люстэркам грамадскіх настрояў. Паказваем дзесяць аўтараў, якія ўвасобілі ў сваёй творчасці нашы часы. 

    Уладзімір Цэслер

    Без гэтага імя беларускі дызайн — не беларускі дызайн. Цэслер стаў вядомым яшчэ дзесяцігоддзі таму ў тандэме з Сяргеем Войчанкам. Яны рабілі мастацтва ў розных яго відах — перадусім плакаты, выстаўляліся на міжнародных пляцоўках і бралі ўзнагароды. Плакат Уладзіміра, што рэкламуе джынсы Lev­i’s, вісіць у Луўры. У мінулым годзе Цэслер увайшоў у склад Каардынацыйнай рады, але не паспеў у ёй адзначыцца, як праз папярэджанне сяброў з’ехаў з краіны. Уладзімір дагэтуль знаходзіцца за мяжой, тым не менш новыя творы, якія змрочна-іранічна адказваюць на падзеі ў Беларусі, публікуе рэгулярна, і яны ўмомант разыходзяцца па сеціве.

    Руфіна Базлава

    Мастачка паходзіць з Горадні, але ўжо доўгі час жыве і працуе ў Празе. Пасля жнівенскіх падзей яна звярнулася да тэхнікі вышыўкі, якую выкарыстоўвала ў творчасці раней, і ўвасобіла ў ёй цэлую серыю сюжэтаў, што мелі месца ў Беларусі. Як аўтазак збівае чалавека, як людзі нясуць доўгі бела-чырвона-белы сцяг, як Ніна Багінская супрацьстаіць апамаўцу, як дзяўчыны дораць кветкі сілавікам, як ля Стэлы сабраўся шматсоттысячны марш, нават аўтапрабег. Усё гэта робіцца пераважна ў традыцыйных для беларускай культуры і ў прыватнасці ткацтва/вышыўкі белым і чырвоным колерах. А першай у «пратэсным» інстаграме Базлавай з’явілася варыяцыя на тэму неалагізма «ябацька».

    Юрый Ледзян

    Калі ў жніўні вярнуўся інтэрнэт і мы даведаліся, што ў мінулыя некалькі дзён адбывалася ў засценках беларускіх ІЧУ, у сеціве з’явілася геніяльная ілюстрацыя, на якой Беларусь у сваіх контурах выяўлена ў форме гематомы. Падпісана работа «Жыве Беларусь!». Так усе даведаліся пра дызайнера Юрыя Ледзяна, які такім чынам выказаў «боль за тых, каго схапілі, катавалі, зневажалі». Пасля нагоды для такіх жа шчымлівых альбо іранічных выказванняў сталі з’яўляцца пастаянна — дызайнер сярод іншага зрабіў шэраг класных маніпуляцый з фотаздымкамі, стаў праводзіць візуальныя паралелі паміж сучаснасцю ды мінулым, апублікаваў серыю «Wel­come to Min­sk».

    Ганна Радзько

    Раніцай 8 верасня з’явілася навіна пра тое, што Марыя Калеснікава разарвала свой пашпарт, каб яе не змаглі вывезці з Беларусі. Ужо пасля абеду быў апублікаваны плакат «Родина, Маш, зовет!». Ён быў зроблены па матывах савецкага плаката «Родина-мать зовет!», але па пазнавальнасці, відаць, пераўзышоў папярэдніка. Ілюстратарка Ганна Радзько вядомая і ў нашай краіне, і за яе мяжой — работы аўтаркі разыходзяцца прынтамі на адзенні ды гадзінніках, упрыгожваюць сцены кватэр. Але тое, што было зроблена пасля мінулагодніх выбараў, атрымала надзвычайнае распаўсюджанне. Людзі выходзілі з плакатамі Ганны на мірныя акцыі пратэсту, праецыравалі іх на суседнія дамы, а The Guardian апублікаваў у сваім развароце.

    Міця Післяк

    Міця Післяк жыве ў Лос-Анджэлесе і спецыялізуецца на ілюстрацыі, стрыт-арце і муралах. Шмат яго работ увасобіліся ў пазнавальных беларускіх праектах, таму ў тым ці іншым выглядзе мы іх добра ведаем. У сваім інстаграме аўтар грацыёзна змяшчае на фотаздымках намаляваных персанажаў, якія разам з падзеямі мінулага лета аздобіліся бела-чырвона-белымі сцяжкамі, шкарпэткамі, рушнікамі і іншымі намёкамі на датычнасць да канкрэтнай тэрыторыі і тэмы. І, вядома, тут з’яўляюцца ўнікальныя работы, прысвечаныя падзеям у Беларусі.

    Вольга Балай

    У жніўні фэшн-ілюстратарка Вольга Балай пераключылася на актуальныя тэмы і стала ствараць як мінімалістычныя малюнкі з выкарыстаннем толькі белага, чырвонага, чорнага і карычневага колераў, так і яркія, насычаныя работы. Героямі сталі, канешне, пратэстоўцы і амапаўцы, а таксама асобныя персоны часоў беларускага супраціву — Тадэвуш Кандрусевіч, Раман Бандарэнка, Кацярына Барысевіч, Юрый Корзун, жанчыны з бела-чырвонымі парасонамі ды іншыя.

    Кастусь Супраць

    Ілюстратар, што падпісваецца як Кастусь Супраць, летам мінулага года завёў старонкі ў розных сацыяльных сетках, каб публікаваць свае водгукі на рэчаіснасць. Там размяшчаюцца плакаты для акцый, карыкатуры на рэжым, ілюстрацыі на тэму беларускай культуры, беларускамоўныя мемы — і ўсё прынцыпова адкрыта для спампоўвання. «Гэта мой супраціў рэжыму як мастака і як чалавека», — кажа Кастусь.

    Надзея Макеева

    Ілюстратарка і стваральніца часопіса «Chrysalis Mag» Надзея Макеева паўтара года таму пераехала ў ЗША, дзе сярод іншага паспела пасупрацоўнічаць з амерыканскім Forbes. Свае перажыванні за краіну, калі лета мінулага года стала надзвычай насычаным на падзеі, аўтарка стала «выліваць» у партрэты. Раман Бандарэнка, Кацярына Барысевіч, Ігар Лосік, Максім Знак, Сцяпан Латыпаў і, вядома, галоўныя персоны перадвыбарчай кампаніі — напісаны паводле фотаздымкаў ва ўнікальнай стылістыцы Надзеі.

    Уладзімір Маляўка

    Нецэнзурнае мастацтва ў спрэс адцэнзураванай прасторы. Інстаграм-фатограф Уладзімір Маляўка, які здымае архітэктуру на смартфон, стаў дадаваць у беларускае мінімалістычные атачэнне каментары ў выглядзе недобрапрыстойных слова-двух альбо гульні слоў. Аўтар называе гэта dig­i­tal-хуліганствам, а з яго сапраўды атрымліваюцца трапныя характарыстыкі сённяшняй Беларусі.

    Ханна Мурайда

    Мастачка і ілюстратарка пад псеўданімам Ханна Мурайда жыве і працуе ў Берліне. У 2012 годзе яна скончыла беларускую Акадэмію мастацтваў і працягнула навучанне ў Германіі. Некалькі гадоў таму яе выстава калажоў «Хваля» праходзіла ў Цэнтры сучасных мастацтваў, цяпер жа работы аўтаркі ўдзельнічаюць у выставах беларускага пратэснага мастацтва, што ладзяцца, вядома, за межамі нашай краіны. У мастачкі ёсць цэлая серыя малюнкаў, зробленых яшчэ да 2020 года выключна ў чорным, белым і чырвоным колерах. Пазней, калі Беларусь загучала пратэстам, Ханна ўсяляк абыграла бела-чырвона-белы сцяг, «Пагоню» і асобныя падзеі ў краіне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці