• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ва Украіне журналісты не маюць праблем з працаўладкаваннем

    Як прыцягнуць студэнтаў ва ўніверсітэт роднай краіны і ў чым падвох свабоды слова, распавядае Яўген Цымбаленка — намеснік дырэктара па навукова-педагагічнай працы (навуковая дзейнасць і міжнароднае супрацоўніцтва) Інстытута журналістыкі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі.

    Беларусь прынялі ў Балонскі працэс з умовай, што будуць праведзеныя структурныя рэформы ў вышэйшай адукацыі — нашу сістэму ВНУ чакаюць вялікія перамены. Украіна ж далучылася да Балонскага працэсу яшчэ ў маі 2005 года.


    — Пераход да Балонскай сістэмы доўгі і адбываўся ў некалькі этапаў. Ёсць некалькі прынцыповых момантаў, на якія трэба звярнуць увагу. Перш за ўсё, гэта —100-бальная сістэма ацэнкі ведаў. Гэта няпроста было для выкладчыкаў, асабліва для людзей старэйшага ўзросту. Ведаю, што некаторыя выкладчыкі ставілі сябе ў нататнік адзнакі па пяцібальнай сістэме, а затым пераводзілі іх у 100-бальную. Але сістэма прадугледжвае ў тым ліку і ацэнку актыўнасці, наведвальнасці студэнтам заняткаў. Да гэтага трэба прывыкнуць.

    Для студэнтаў праблема ў тым, што ў школе — 12-бальная сістэма. Уступныя экзамены ў нас паводле 200-бальнай сістэмы, а тут яны вучацца па 100-бальнай. Звычайна да канца 2–3 курса ўсё наладжваецца, але сам працэс пераходу стварае кашу ў галаве.

    Навошта выпускніку падвойны дыплом

    Нашы выпускнікі магістратуры атрымліваюць дыплом Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта і Познаньскага ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча. То бок студэнты ў магістратуры вучацца два семестры ў Кіеве і два семестра ў Познані. Прадметы з блока свабоднага выбару ў нас залічваюцца ў польскі дыплом, прадметы, якія ў Польшчы абавязковыя, залічваюцца ў свабодны блок нашага дыплома. Такім чынам, мы нічога не парушаем, а чалавек атрымлівае паўнавартасную адукацыю і два дыпломы.

    З лютага я займаюся міжнароднай дзейнасцю, у тым ліку пішу лісты ў польскія і нямецкія навучальныя ўстановы з прапановай пашырыць праграму падвойных дыпломаў. Таксама вядзем перамовы з Вільнюскім універсітэтам.

    Чаму мы вырашылі прыняць праграму двайных дыпломаў? У апошнія некалькі гадоў у нас назіраецца спад ахвотных вучыцца ў магістратуры. Пытанне: куды дзяваюцца нашы бакалаўры? Яны едуць і самі паступаюць за мяжу. Каб прыцягнуць студэнтаў вучыцца ў нас, і была задуманая праграма падвойнага дыпламавання.

    Ёсць замежныя студэнты, але іх не так шмат, як было дзесяць гадоў таму. Магчыма, гэта звязана з тым, што кошты на адукацыю ва Украіне выраслі і наблізіліся або зраўняліся з еўрапейскімі. Магчыма, наш узровень адукацыйных праграм не задавальняе замежных студэнтаў.

    Але ёсць і пазітыўны досвед: студэнт з Ірака скончыў магістратуру медыя і камунікацый на англійскай мове. Гэты студэнт паралельна вывучыў рускую мову, бо яна дае больш магчымасцяў, чым украінская. І восенню прыедзе вучыцца ў нас на доктара філасофіі.

    У нас ёсць група выкладчыкаў, якія могуць працаваць на англійскай мове. З 2016 года дзейнічае магістарская праграма з навучаннем на англійскай мове. У Польшчы нашы студэнты навучаюцца на польскай. З Віленскім універсітэтам крыху іншая сітуацыя: яны катэгарычна ставяцца да моўнага пытання і хочуць працаваць толькі на літоўскай, хоць рускую ведаюць многія. Я іх разумею і падтрымліваю. Але, з іншага боку, літоўскую мову вучыць нашым студэнтам не вельмі цікава. Таму што куды з ёй, акрамя як у Літву? Праўда, у іх ёсць і англамоўныя праграмы, каб прыцягваць студэнтаў з Еўропы. Але цэнавая палітыка там крыху вышэй, чым у Польшчы.

    Магістр — гэта прэстыжна. Хоць для працы дастаткова дыплома бакалаўра. У магістратуру павінны ісці тыя студэнты, якія плануюць займацца навукай. Гэта першы крок да таго, каб стаць выкладчыкам, паступіць у аспірантуру. У Еўропе гэта — магчымасць пашырыць кругагляд для практыка. Яны не ўспрымаюць гэта як навуковую спецыяльнасць.

    У нас жа наадварот. Тыя, хто ўжо працуюць, альбо не пойдуць у магістратуру наогул, альбо пойдуць на завочную форму навучання, каб атрымаць прэстыжны дыплом. Калі мы выпускаем 150 бакалаўраў, то хацелася б каля ста бачыць у магістратуры, цяпер паступаюць каля пяцідзесяці. Раней 90% бакалаўраў ішлі вучыцца ў магістратуру.

    Чаму працадаўца просіць «усё забыць»

    З працай у выпускнікоў Інстытута журналістыкі вельмі добра, бо медыярынак велізарны і спецыялісты запатрабаваныя. У адрозненне ад іншых гуманітарных спецыяльнасцяў — юрыстаў, эканамістаў, міжнароднікаў — у нашых студэнтаў няма праблем з працаўладкаваннем. Прафесія журналіста зараз у краіне запатрабаваная, але я б не сказаў, што яна прэстыжная, як гэта было ў савецкі час. На 4‑м курсе мы ўжо шукаем студэнтаў і просім здаваць сесію, таму што яны схадзілі на практыку, адчулі смак прафесіі, свабоды, заробку, і пачынаюць «адсоўваць» вучобу на другі план. Размеркавання ў нас няма.

    Адзінае, што не вельмі добра, на мой погляд: асноўны кантынгент абітурыентаў — гэта дзяўчаты. Яны прыходзяць з думкай стаць тэлезоркай. Мала хто разумее, што журналістыка — гэта распрацоўка тэмы, пошук сюжэту, герояў, збіранне фактаў. А не проста копі-паст або прыгожае чытанне тэксту з аркушыка.

    Пасля другога курсу яны прыходзяць на практыку, і ім кажуць: «Забудзьцеся, чаму вас вучылі». Я не лічу, што гэта вынік кепскай адукацыі. Гэта вынік акадэмічнага падыходу. Мы рыхтуем «універсальнага салдата», які пасля атрымання дыплома зможа працаваць у любым медыя. Кожны СМІ мае сваю палітыку, свой твар, стварае тавар, які трэба прадаваць. Адсюль і заявы «забудзьцеся пра ўсё, чаму вучылі, і рабіце так».

    Сітуацыя з адукацыяй на ўсходзе Украіны

    Некаторыя ВНУ, як Данецкі нацыянальны універсітэт, пераехалі на ўкраінскую тэрыторыю. І больш-менш нармальна пачуваюцца. Я там быў і бачыў, што яны захаваліся, шукаюць, як развівацца і працаваць. Некаторыя пакінулі толькі дыстанцыйную адукацыю: ёсць пакойчык для дэканату, і яны ўсё яшчэ называюцца навучальнай установай, хоць узровень ужо зусім не той. Ёсць тыя, хто засталіся ў ДНР/ЛНР.

    Да нас прыязджаў выкладчык, які жыве ў Марыўпалі, а працуе на акупаванай тэрыторыі. Ён казаў, што там практыкуюцца моцныя інфармацыйныя атакі на звычайных людзей. Прыходзіш у краму, а табе пастаянна транслююць паведамленні аб тым, як добра ў Расіі, якія ўсе малайцы тут і гэтак далей. У грамадскім транспарце таксама аўдыёсуправаджэнне адпаведнае. На квітках з транспарту надпісы «Віншуем з вялікай перамогай!» І гэтак далей. Гэта значыць, у рэгіёне сочаць, каб людзі не выпаўзалі з‑пад інфармацыйнага каўпака. Наша тэлебачанне і радыё не вяшчаюць там.

    Вада і факты

    Ва Украіне цяпер давер да тэлебачання і інтэрнэту прыблізна на адным узроўні. Думаю, у далейшым інтэрнэт будзе выходзіць наперад.

    Раней было сапраўды прасцей арыентавацца ў медыяпрасторы. Былі два бакі, якія цягнулі на сябе, шукалі падтрымкі. Зараз ва Украіне ёсць чатыры медыяхолдынгі, якім належаць буйныя медыя. Усе яны маюць свае інтарэсы. Часта ў інфармацыйнае поле ўкідваецца інфармацыя, якая паспяхова адцягвае людзей ад больш важных праблем. Напрыклад, паднялі тарыфы — пачалося бурленне меркаванняў. У гэты ж час з’яўляецца інфармацыя пра нейкі карупцыйны скандал. І ўсё — людзі пераключыліся, забыліся пра тарыфы. Тое ж з ваеннымі дзеяннямі на ўсходзе Украіны — гэтым часта спекулююць. Праверыць можна толькі праз відавочцаў-знаёмых.

    Яскравы прыклад — газета «Вести», якая выходзіць на васьмі поўнакаляровых палосах, раздаецца бясплатна, рэдакцыя размяшчаецца ў прэстыжным офісным будынку. Хто і для чаго будзе выдаваць гэтую газету? Нават чэргі збіраюцца раніцай у месцах, дзе яе раздаюць.

    Я магу лёгка зразумець, дзе факты, а дзе вада. Але я медыяадукаваны. Цяпер бакоў шмат, парадку няма. Я бачу два шляхі выхаду. Першы — нерэальны. Гэта — шлях Майсея: пазбавіцца ад усяго, вырасціць новае пакаленне, якое не будзе знаёма з карупцыяй, маніпуляцыяй і прапагандай. Але гэта нерэальна, у Майсея таксама не атрымалася. Другі шлях — развіваць медыяадукацыю, медыяпісьменнасць, каб навучыць людзей разумець, калі медыя ім хлусяць. Такія СМІ страцяць аўдыторыю і знікнуць як від, бо ўласнікі не будуць іх фінансаваць.

    А на што здольныя СМІ, ёсць яркі прыклад — Руанда. Мы таксама на ўсходзе краіны прагледзелі…

    Анлайн-канферэнцыя з Сашай Раманавай. Пятніца, 13.00. Дасылайце пытанні!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці