Ва Ўкраіне затрымалі імаверных фігурантаў справы аб забойстве Шарамета, — «Українська правда»
Нацыянальная паліцыя Ўкраіны затрымала сямейную пару добраахвотнікаў з батальёну «Правы сэктар», якія могуць фігураваць у справе пра забойства журналіста Паўла Шарамета.
Як паведамляе ўкраінскае інтэрнэт-выданьне «Українська правда», у якім да сваёй гібелі працаваў Павал Шарамет і якое шчыльна займаецца ходам расьсьледаваньня справы аб ягоным забойстве, Уладзімір Грышчанка (пазыўны «Буча») затрыманы 24 верасьня, а ягоная жонка Іна (пазыўны «Пума») — 5 лістапада.
Суд арыштаваў іх абаіх на час расьсьледаваньня іншай справы, пачатай у ліпені 2018 году — добраахвотнікі падазраюцца ў замаху на забойства і неасьцярожных паводзінах са зброяй.
«Паводле вэрсіі сьледзтва, Грышчанкам і іхнаму знаёмаму, таксама вэтэрану антытэрарыстычнай апэрацыі, Івану Вакуленку, заказалі забойства жыхара Івана-Франкоўскай вобласьці. Яны нібыта зрабілі выбуховае прыстасаваньне і прымацавалі яго да машыны ахвяры ў горадзе Косава 13 ліпеня 2018 года. Аднак выбуху не адбылося, бо пацярпелы мужчына сам заўважыў выбуховае прыстасаваньне», — паведамляе «Українська правда».
Паводле інфармацыі выданьня, пацярпелым павінен быў стаць 61-гадовы Міхаіл Чакурак, якога цяпер таксама судзяць за напады, рабаваньне і падрыў будынку.
Справу Грышчанкаў расьсьледавала пракуратура Івана-Франкоўску, але цяпер усе матэрыялы перададзеныя ў Кіеў, у галоўнае ўпраўленьне паліцыі.
Як пісала сама Іна Грышчанка пасьля арышту свайго мужа, справа перададзеная ў Кіеў з фармулёўкай «у сувязі з датычнасьцю да іншых злачынстваў». Паводле яе, на Ўладзіслава «вешаюць» ня толькі замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласьці, а і журналіста Паўла Шарамета.
«Ці могуць яны зьвязаць гэта з Паўлам Шараметам? Я ня вельмі ўпэўнены, бо гэтага эпізоду сапраўды няма. Магчыма, яны атрымалі нейкія відавочныя доказы датычнасьці да іншых злачынстваў. Да чаго менавіта — у матэрыялах, якія я маю, такога няма», — сказаў адвакат Масі Наем, які абараняў Іну Грышчанку ў судзе ў часе абраньня для яе меры стрыманьня.
У той жа час «Українська правда» піша, што зьнешні выгляд Уладзіслава і Іны Грышчанак сапраўды падобны на падазраваных, прыкметы якіх абвясьціла афіцыйна сьледзтва. Апроч таго, справу сямейнай пары пра замах на забойства ў Івана-Франкоўскай вобласьці вядзе той жа сьледчы, што і справу аб забойстве Паўла Шарамета.
У Нацыянальнай паліцыі гэтую сытуацыю не камэнтуюць.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сёньня ў сваім відэазвароце таксама згадаў пра справу Шарамета:
«Ёсьць шмат спраў, да якіх, мы зразумелі, што нам трэба падрыхтавацца. Бо інакш гэтыя людзі будуць выходзіць на волю, таму што ўсе гэтыя справы разваляцца. У судах. Таму ўсё будзе. І са справай Каці Гандзюк, і Паўла Шарамета, і справы ў абароннай сфэры».
***
44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.
Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.