• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ужо ўявіла сябе ў ложку, акружаную падушкамі». Аб чым пісала Даша Чульцова ў лістах на волю

    Лісты з месцаў утрымання пад вартай – адзін з асноўных спосабаў камунікацыі з навакольным светам. Гэтак родныя могуць даведацца аб настроі зняволенага, яго жыцці ў калоніі, а самі зняволеныя – аб побыце і навінах за сценамі з калючым дротам. Журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова, якая сёння, 3 верасня, выйшла на волю пасля амаль двух гадоў зняволення за сваю працу, пісала ў лістах пра тое, як намагаецца не падаць духам і не шкадуе, што ўсё так выйшла, падтрымлівала маму і блізкіх, а таксама ўяўляла, што зробіць перш за ўсё, калі выйдзе на волю. Узгадваем, пра што яшчэ Даша распавядала ў лістах з калоніі.

    ПОБЫТ У КАЛОНІІ

    У лістах блізкім людзям Даша часта апісвала свой побыт у зняволенні і тое, як прызвычайвалася да новых умоваў:

    «Бачыла б ты мяне ўчора, ганарылася б як ніколі, ха-ха, пасля вячэры дзень стаўся вельмі насычаным, спачатку прыбіралася ў сталоўцы, сталы працірала, падлогу мыла, а пасля яшчэ і ў калідоры памыла. Такой чысціні ўдома за мной не назіраецца, ты ж ведаеш – у мяне вечны беспарадак», – цытуе ліст мама Дашы Наталля.

    У вольны ад працы час Даша пісала лісты, хоць часу на гэта было няшмат, чытала, старалася чымсьці сябе заняць. Хадзіла ў спартовую залу і наогул імкнулася весці актыўны лад жыцця.

    На пачатку новага года ў лісце з‑за кратаў журналістка даслала маці выразаны з газеты фотаздымак, на якім ёсць Дар’я. У калоніі адбывалася свята пад назваю «Каралева восень» і Даша таксама брала ў ім удзел.

    У тым лісце Даша пісала, што ёй пастаянна трэба што-небудзь рабіць, але яна спрабуе прывучыць сябе расслабляцца і спакойна пачувацца, калі яна нічым не занятая.

    Сябрам і знаёмым, сама застаючыся ў турэмных засценках, Даша дасылала на волю словы падтрымання.

    «Словы падтрымання – гэта самае важнае. І калі ты іх пішаш адсюль, са свабоды, гэта адно, а калі ты дакладна такое ж атрымоўваеш у адказ і цябе падтрымліваюць і кажуць «не перажывай»… У мяне ж «хімія». І калі Даша піша: «Не перажывай, ты зможаш, у цябе ўсё атрымаецца» – і ты чытаеш і разумееш, чалавек у няволі – і ён цябе стараецца падтрымаць яшчэ мацней, чым людзі, якія вакол цябе тут, на свабодзе», – распавядае былая сукамерніца Дашы Ганна Сунгурава.

    ЧАС ЗАМЁР

    Даша пісала родным, як у зняволенні ўзнікае ўражанне, што пасля затрымання час наагул спыніўся, застыў у 2020 годзе.

    Гэтак, пасля другога Новага года ў калоніі мама Дашы атрымала ліст ад дачкі, дзе дзяўчына пісала, як адчувае рэальнасць. Да таго ж у лютым у Дашы дзень народзінаў – споўнілася 25 гадоў, аднак, як пісала дзяўчына, яна адчувае сябе на 23 гады – столькі ёй было, калі яе пасадзілі ў турму:

    «Спадзяваліся, што я не легла спаць праз паўгадзіны пасля бою курантаў? Ха-ха! Як жа кепска вы пра мяне думаеце! Я легла за 2 гадзіны да бою курантаў. Для мяне Новы год без блізкіх і родных, без тых, каго я люблю, не Новы год зусім. Плюс да ўсяго я затрымалася ў 2020 годзе, для мяне час стаіць на месцы, змянілася толькі лічба (2022), якую я пішу на заявах там, дзе ставіцца дата. У астатнім мне ўсё гэтак жа 23, а не неўзабаве 25. Гэта дзіўна і, думаю, складана зразумець, калі не адчуць на сабе… Я перакананая, што ўсё адновіцца, калі я буду дома. Проста тут не рэальны свет, час ідзе інакш. Калі я была ў СІЗА, з камеры не было бачна вуліцы, яшчэ і цёмна амаль заўсёды за акном. І мне здавалася, што акрамя гэтага будынку нічога ў свеце не існуе».

    МАЛЮНКІ З‑ЗА КРАТАЎ

    У дзяцінстве Даша вельмі любіла маляваць, нават хадзіла ў мастацкую школу. «Гэта быў ейны нейкі асаблівы свет – маляванне», – узгадвае спадарыня Наталля. Маляваць дзяўчына працягвала і ў калоніі.

    «Нядаўна, калі яны позна ўвечары ішлі з працы і яна ўбачыла на небе прыгожы месяц, ёй захацелася намаляваць яго і даслаць мне», – дзяліцца мама Дашы.

    Пасля затрымання 15 лістапада ў аўтазаку Даша пазнаёмілася з Максімам, якога таксама затрымалі на плошчы Пераменаў. Пасля гэтага яны пасябравалі, паміж імі завязалася ліставанне. Гэтак, Даша прасіла Максіма павіншаваць маму з днём нараджэння, дасылала яму малюнкі, распавядала аб кветках, якія любіць яна, і пра што марыць:

    «Адказваю на пытанне аб кветках. Я люблю півоні. Я часам задумвалася пра тое, каб скокнуць з парашутам, глядзела відэа. Я і на самалёце ніколі не лётала. Не магу ўявіць сабе гэтых адчуванняў».

    ШТО ДАЛЕЙ?

    Праз год пасля затрымання журналістак «Белсату» Дашына мама распавядала, што пасля вызвалення дзяўчына хацела б вярнуцца да ўлюбёнай працы.

    «Яна кажа, што спачатку адаспіцца, адмыецца, а потым будзе працаваць. Застанецца ў журналістыцы. Іншых варыянтаў не разглядае», – казала спадарыня Наталля.

    Невядома толькі, дзе Дар’я будзе працаваць журналісткаю. Маці дзяўчыны кажа, што, магчыма, хацела б, каб дачка з’ехала з Беларусі, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца, але канчатковае рашэнне будзе за самою Дашаю.

    Таксама дзяўчына пісала, што на волі ўяўляе сябе ў ложку, акружаную падушкамі, віном і ежай. Будзе глядзець «Забіць Біла» і «Шалёных сабак» Кўэнтына Тарантына.

    Турма не прымусіла Дашу ўсумніцца ў сваім жыццёвым выбары. У лістах да маці яна пісала, што, калі б ведала, да чаго прывядзе яе журналісцкая праца, яна б усё роўна абрала менавіта гэты шлях. І што яна ні аб чым не шкадуе.

    Чытайце яшчэ: 

    Журналістка Дар’я Чульцова выйшла на волю пасля амаль 2 гадоў калоніі 

    “За максімальнае пагружэнне”. Журналісцкія конкурсы Мінінфарма звяліся да “агратрэшу”

    «Хвароба — душ, які змывае з цябе ўсё лішняе». Каця Пытлева і яе шчыры аповед пра рак

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці