Успамінайце пра яго з радасцю: вечар памяці Шарамета адбыўся ў Мінску (ФОТА)
Узгадаць калегу прыйшлі беларускія журналісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. 28 лістапада Паўлу Шарамету споўнілася б 45 гадоў.
Маці Паўла Шарамета спадарыня Людміла першай узяла слова. Яна прыгадала, як ганарылася і цешылася сваім сынам:
«Я глядзела яго, слухала штодзень, штораніцы, і думала: які прыгожы, спелы і які малады чалавек… Як цікава ён працуе, якія магчымасці ў яго наперадзе. Нехта падумаў гэтак жа. Ды напалоўхаўся. Яго ня стала.
Як маці хачу пажадаць: беражыце сваё жыццё. Нягледзячы ні на што, ён з намі, ён тут.
Калі б ён быў з намі, мы б смяяліся і рагаталі. Я прашу вас, давайце мы гэтак жа светла адзначым яго юбілей».
Спадарыню Людмілу госці вечара віталі воплескамі.
«Павел паспеў папрацаваць у Беларусі, Расіі, ва Украіне. І паўсюль здабываў поспех, а што яшчэ больш значна — аўтарытэт і павагу ад калегаў. Ён быў адкрыты і энергічны чалавек. Як можна было так шмат зрабіць за 45 гадоў? Гэта цяжка зразумець, асэнсаваць. Але ён зрабіў, і ўсё гэта застаецца з намі. А значыць, і Павел застаецца з намі», — сказаў у сваёй кароткай прамове старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец.
«Менш за ўсё я калі-небудзь думала, што буду выступаць на вечары памяці Паўла. Мяне заўжды здзіўляла ўменне Паўла хутка перастройвацца, быць у любой сітуацыі аптымістам. Тэлебачанне — такі «наркотык», ад якога цяжка адмовіцца. На той момант ён быў яркай зоркай тэлевізійнай беларускай журналістыкі.
У крамах прадавачкі бралі аўтографы ў яго. І ён у адзін момант з тэлевізійнага журналіста стаў газетным. І вельмі добрым, хоць у тэорыі кажуць, так не бывае, што гэта розныя віды прафесіі.
Пасля зноў пакінуў газету, сышоў на тэлебачанне, на сайт, у выдавецкую дзейнасць, у выкладанне. Гэта пацверджанне таго, што калі чалавек разумее, для чаго ён у прафесіі, ён заўжды знойдзе магчымасць сябе рэалізаваць, — сказала вядомая беларуская журналістка Святлана Калінкіна. — У яго была тысячапрацэнтная прафпрыдатнасць да журналістыкі. Прафпрыдатнасць — гэта цікавасць да людзей. Не да сябе, а менавіта да людзей. Ён ішоў плаціціь за бензін на запраўцы і тут жа вяртаўся з гісторыяй ад касіра запраўкі.
Ён шмат чаго не распавядаў у інтэрвію. А цяпер гэта можна казаць. Павел дапамагаў дзіцячым дамам, прывозіў туды лекі, адзенне. Перавёз тоны апазіцыйнай літаратуры, кніг, якія забароненыя тут. Дапамагаў беларускім журналістам у Маскве, ва Украіне.
У яго было такое насычанае жыццё, што некаторыя і за сто год столькі не пражывуць.
Усё, што адбылося, — доказ таго, што мы нечага не разумеем у светабудове. Так не павінна быць. Людзі, яркія, адкрытыя, не павінны так рана сыходзіць. І ўсё адно я ўдзячная Паўлу, што ён сваёй прысутнасцю столькім людзям асвяціў жыццёвы шлях».
«Пасля выбараў (1994 года) Паўла планавалі зрабіць тэлевізійным тварам улады. Група Паўла паехала ў Будапешт на саміт АБСЕ, дзе былі Клінтан, Коль, Мітэран, Ельцын. Паслалі групу не афіцыйнай агенцыі, а групу маленькай прыватнай тэлекампаніі (на пачатку 1990‑х Павел Шарамет быў аўтарам і вядучым тэлепраграмы „Праспект“, якую рабіла тэлекампанія ФіТ). Гэта быў недвухсэнсоўны намёк Паўлу. Але ён зрабіў выбар на карысць журналістыкі, а не прапаганды», — зазначыў рэжысёр Леанід Міндлін.
«Павел быў чалавекам, які свята верыў, што праўда можа змяніць свет. Нам таксама як ніколі патрэбная праўда. Пра тых замоўцаў, аўтараў выканання гэтага нахабнага пакарання. Не толькі для Паўла, але і ўсёй журналістыкі. Калі мы любім Паўла, пошук гэтай праўды павінен быць справай гонару кожнага з нас», — сказала Жанна Літвіна, экс-старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Таксама падчас вечара памяці Паўла Шарамета прагучалі словы яго ўкраінскіх калег. Павел апошнія гады жыў і працаваў у Кіеве.
Расійскі журналіст, а цяпер намеснік генеральнага дырэктара першага крымскататарскага тэлеканала «ATR» Айдар Муждабаеў распавёў, як выпадкова сустрэў Шарамета ў Кіеве ў першыя дні пасля пераезду, і як гэта падтрымала маральна на новым месцы:
«Ен часта расказваў пра Беларусь. Слухаў, як я гавару пра крымскіх татар, спачуваў нашаму народу, быў уважлівы, а не для праформы. Калі распавядаў пра Беларусь, мне гэта таксама было цікава, бо Беларусь у пэўным сэнсе таксама народ у выгнанні — у выгнанні са свабоды, з той Беларусі, у якой многія беларусы хацелі б жыць. Ён перажываў за сваю радзіму. Мы заўсёды лёгка камунікавалі, ён быў вясёлы чалавек. Пасля той сустрэчы я вырашыў, што раз так зверху на мяне «зваліўся» ў Кіеве Шарамет, то гэта добры знак і ўсё будзе добра. І вось прайшоў час. У мяне ўсё добра, а Паўла няма…»
«Я ўдзячная, што ён успрыняў нашу трагедыю як сваю асабістую. Дзяліўся тым, як праводзіць сваё расследаванне. Дзякуючы ягонай настойлівасці мы наўпрост можам цяпер казаць пра тых асоб, якія датычныя да выкрадання Дзмітрыя і іншых палітыкаў», — сказала Святлана Завадская, жонка калегі Паўла Шарамета — зніклага відэааператара Дзмітрыя Завадскага.
Вольга Корсун — журналістка сайта «Белорусский партизан», які ў 2005 годзе заснаваў Павел Шарамет, — згадала пра сваё знаёмства з Шараметам і яго ўрокі для сябе.
«Для мяне ён быў чалавекам-легендай. Павел навучыў мяне любіць журналістыку, а не сябе ў журналістыцы. Дапамог мне зразумець, што гэта справа, якой я хачу займацца. Навучыў мяне верыць, што праўда пераможа, навучыў не баяцца і працаваць паводле прынцыпу: «Рабі што павінен, і будзь што будзе».
З першага дня знаёмства ён прасіў мяне размаўляць з ім па-беларуску. Часам спрабаваў адказваць па-беларуску. У шматлікіх сітуацыях праяўляў сябе як сапраўдны патрыёт Беларусі. Калі загінуў Барыс Нямцоў, я падумала з жахам як было б страшна даведацца, што Паўла больш няма. І я была вымушаная ставіць навіну пра забойства Паўла. Гэта быў самы складаны матэрыял у маім жыцці.
Я вельмі радая, што паспела сказаць яму «дзякуй!» Гэта важна — паспець выказаць удзячнасць людзям.
А за дзень да сваёй смерці ён сказаў: «Усё будзе добра».
Арганізатарам вечара выступіла ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Павел Шарамет загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку падрыву аўтамашыны. Выбух здарыўся ў 7.45 на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце.
Следства адпрацоўвала чатыры версіі забойства: асабістыя непрыязныя адносіны з загінулым; прафесійная дзейнасць; дэстабілізацыя становішча ў Кіеве; памылка (аўтамабіль, у якім быў узарваны Шарамет, належаў уладальніцы газеты «Украинская правда» Алёне Прытуле).
Павел Шарамет пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам.