• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Унікальны выпадак у сусветнай практыцы: пандэмія, а Мінздароўя больш за месяц не адказвала на пытанні журналістаў

    Апошні раз брыфінг у Міністэрстве адбыўся 24 красавіка!

    Тады намесніца міністра Алена Богдан зачытала падрыхтаваную інфармацыю і адмовілася адказваць на пытанні карэспандэнтаў. Гэта таксама быў адзіны дзень, калі прадстаўніца Мінздароўя публічна прынесла спачуванні сем’ям памерлых ад эпідэміі.

    Перад тым прэс-канферэнцыя адбылася 17 красавіка з удзелам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Падчас яе міністр і яго калегі прыкладна 45 хвілін выступалі з уступнымі словамі, пасля чаго каля 10 хвілін адказалі на некалькі пытанняў журналістаў — пры гэтым выбіралі самі, хто можа задаць пытанні.

    Тая прэс-канферэнцыя скончылася пратэстамі. Сын памерлага ў Барысаве фельчара звінаваціў міністра ў хлусні наконт яго бацькі. Міністр заявіў, што ў прычыне смерці гэтага медработніка яшчэ трэба разабрацца, на што сын прадэманстраваў пасведчанне аб смерці таты з пазначаным у ім COVID-19.

    Акрамя таго, журналісты выявілі, што названыя міністрам Каранікам лічбы хворых па раёнах Віцебскай вобласці ў разы разыходзяцца з колькасцю, абвешчанай у той жа дзень мясцовымі ўладамі.

    У большасці еўрапейскіх краін у час пандэміі ўпаўнаважаныя асобы санітарных службаў штодзённа інфармавалі грамадскасць пра сітуацыю. У многіх краінах кіраўнікі ведамства рабілі гэта асабіста. Статыстыка, у тым ліку па раёнах, не складае ў іншых еўрапейскіх краінах таямніцы.

    Па афіцыйных звестках, па стане на 28 мая ў Беларусі зафіксавана без малога 40 тысяч выпадкаў каранавіруса. 

    Па нашай інфармацыі, бальніцы многіх гарадоў краіны застаюцца практычна цалкам запоўненыя хворымі на COVID-19.

    Як можна зрабіць выснову, супастаўляючы наяўныя звесткі, у большасці раёнаў краіны колькасць пнеўманій нашмат, часам у дзясяткі разоў, перавышае як звычайныя для гэтага сезона паказчыкі, так і афіцыйна зарэгістраваную колькасць выпадкаў каранавіруса.

    Апошнія афіцыйныя звесткі пра загружанасць бальніц і колькасць шпіталізаваных пацыентаў з пнеўманіяй прагучалі амаль месяц назад, 2 мая — тады іх было 12 800. Усе наступныя дні колькасць выяўленых выпадкаў каранавіруса перавышала колькасць вылечаных хворых. Гэта азначае, што цяпер такіх пацыентаў у бальніцах нашмат больш.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці