Уладзімір Някляеў просіць Якубовіча і Давыдзьку ацаніць яго інтэрв’ю «Белсату»
Паэт, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў звярнуўся з адкрытым лістом да галоўнага рэдактара газеты «Советская Белоруссия» Паўла Якубовіча і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі.
Палітык просіць ацаніць яго інтэрв’ю «Белсату», за якое ён атрымаў адміністрацыйнае спагнанне.
Тэкст ліста Някляеў размясціў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Не думаю, што мне трэба прадстаўляцца. Таму адразу да справы. У тэлевізійным «Клубе галоўных рэдактараў», дзе вы з’яўляецеся вядучымі медыяперсонамі, прагучала думка: для таго, каб зрабіць крок на шляху дэмакратычных перамен, беларускаму грамадству трэба выйсці з зоны супрацьстаяння. Прасцей сказаць, тым, хто пры ўладзе (ці каля яе), паразумецца з тымі, хто ў яе апанентах. Слушна. Ну, вось я вырашыў паспрабаваць», — піша Някляеў.
Суд Ленінскага раёна Мінска, нагадвае Някляеў, прысудзіў яму 10 сутак турмы за інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат», у якім нібыта ўтрымліваецца «заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». «У якім, дарэчы, я не ўдзельнічаў», — падкрэслівае паэт.
«Вось фрагмент з інтэрв’ю, які пастаўлены мне ў віну.
«Журналіст:
— Я так разумею, што вы таксама збіраецеся на суботнюю (21 кастрычніка) акцыю?
— Не ведаю. Калі буду ў Менску. Я магу не быць у Менску ў гэты дзень.
Журналіст:
— А чаму беларусы ўсё ж такі павінны пайсці на гэтую акцыю?
— Дэкрэт №3, супраць якога актыўна пратэставалі на працягу больш як года не толькі прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, але і ўсе беларусы, па сутнасці не адменены. Лукашэнка спачатку згадзіўся з тым, што ён няправільны, што трэба нават вярнуць грошы тым людзям, якія былі ў іх забраныя, і некаторым людзям вярнулі. Я быў на адной сустрэчы, і там казалі: «Чаго мы пойдзем на гэтую пратэстную акцыю, калі нам вярнулі грошы?» Але па сутнасці ён, я маю на ўвазе дэкрэт, не адменены, і нават там зроблены не лепшыя для простага люду, а больш жорсткія ўдакладненні. Практычна па гэтым дэкрэце ўсіх, хто па нейкай прычыне часова ці стала не мае працы, можна заявіць як тунеядцаў — і займацца паборамі з іх. Так што калі ёсць воля бараніць свае правы, то трэба ісці і іх бараніць», — піша паэт і палітык.
Як адзначае Някляеў, рэдакцыі газеты «Народная воля», якая не засталася абыякавай да судовага працэсу, у якім відавочны наступ на свабоду слова, звярнулася да Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага ПЭН-Цэнтра, паважаных творчых арганізацый, з просьбой зрабіць літаратурна-моўную экспертызу інтэрв’ю «Белсату». Ва ўсіх трох экспертызах закліку да ўдзелу ў пратэстнай акцыі, якая адбылася 21 кастрычніка ў Мінску, не выяўлена.
«Але суд не прыняў да ўвагі высновы паважаных творчых арганізацый, у прафесіяналізме якіх, мяркую, і ў вас няма ніякага сумневу. Маўляў, арганізацыі гэтыя грамадскія, а справа ў нас — дзяржаўная. І мне прысудзілі турму. Хоць экспертызы якой-небудзь дзяржаўнай установы ў матэрыялах судовай справы не было», — адзначае паэт.
«Я звяртаюся да вас не з тым, каб вы за мяне хадайнічалі, прасілі — не. Я хачу толькі, каб вы з дзяржаўнага боку, як кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ, далі прафесійнае заключэнне адносна прычыны, па якой суд пастанавіў мяне зняволіць. Ёсць у тэксце інтэрв’ю заклік да ўдзелу ў акцыі 21 кастрычніка, ёсць падставы для турэмнага зняволення, ці няма? Так — ці не? Толькі гэта. Больш нічога», — напісаў Някляеў.
Напрыканцы ліста паэт дадаў пастскрыптум: «Зрабіць гэта можна ў тым жа тэлевізійным «Клубе галоўных рэдактараў», куды, між іншым, маглі б і мяне запрасіць. Ну, калі сапраўды лічыце, што «беларускаму грамадству трэба выходзіць з зоны супрацьстаяння». Да таго ж я хоць і колішні, але таксама галоўны рэдактар».