Улады заблакавалі доступ да сайта Асацыяцыі палітвязняў Беларусі
Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфармацыі абмежавала доступ да сайта Асацыяцыі палітвязняў Беларусі. Блакіроўка інтэрнэт-старонкі apbel.com здзейсненая на патрабаванне пракурора Магілёўскай вобласці Валерыя Куліковіча.
Пракуратура сцвярджае, што падставай для прыняцця дадзенага рашэння сталі парушэнні закона «Аб сродках масавай інфармацыі».
«У прыватнасці, на партале размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія маюць прыкметы экстрэмізму і накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў улады. Дзеянні асоб, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, загадзя неправамерна легітымізаваліся і ім надаваўся псеўдастатус “палітвязняў”. Пасля такім грамадзянам прапаноўвалася аказаць бязвыплатную замежную спонсарскую дапамогу», — паведамляецца на сайце Генеральнай пракуратуры РБ.
Асацыяцыя палітвязняў Беларусі была створаная ў 2024 годзе былымі палітычнымі зняволенымі, якія вымушана мігрыравалі ў розныя краіны. Асноўная мэта ініцыятывы — гэта падтрымка палітвязняў і іх сем’яў як у Беларусі, так і за яе межамі.