Улады пачалі праверку БАЖ. За 2 дні трэба прадставіць тысячы дакументаў, некаторыя з якіх па-ранейшаму ў СК
Міністэрства юстыцыі распачало маніторынг дзейнасці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. У лісце, які прыйшоў на адрас арганізацыі ў панядзелак, ідзе размова пра прадастаўленне ва Упраўленне па пытаннях дзейнасці некамерцыйных арганізацый тысяч дакументаў за перыяд з 1 студзеня 2018 года і па сёння.
І мы не перабольшваем, калі кажам пра тысячы дакументаў
Сярод таго, што прапануецца прадаставіць у Мінюст, — спісы сябраў журналісцкага аб’яднання, заявы на ўступленне ў БАЖ, пратаколы пасяджэнняў выбарных органаў, усе ўваходныя і выходныя лісты за гэты час, уся фінансавая дакументацыя і многае іншае.
Адметна, што запыт Міністэрства юстыцыі датаваны 9 чэрвеня, але быў атрыманы арганізацыяй толькі сёння. І ўжо сёння было прапанавана прадаставіць дакументы. Цяпер прадстаўнік Мінюста паведаміў, што дакументы БАЖ ў ведамстве чакаюць да раніцы серады, 23 чэрвеня.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” падкрэслівае, што ўсе 25 гадоў арганізацыя строга прытрымлівалася заканадаўства ў сваёй штодзённай працы і справаводстве. Разам з тым, прадаставіць вялізны пералік запытаных дакументаў цягам двух дзён проста неарэальна. Хоць бы таму, што частка дакументаў дагэтуль знаходзіцца ў Следчым камітэце, бо іх забралі пасля ператрусу ў офісе арганізацыі 16 лютага.
У сувязі з гэтым ГА “БАЖ” адразу накіравала скаргу на імя міністра юстыцыі з просьбай прадаставіць аб’яднанню разумныя тэрміны для прадастаўлення дакументаў.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 1300 журналістаў, рэдактараў, фатографаў, выдаўцоў і іншых асобаў, з’яўляецца прызнаным на міжнароднай арэне аб’яданнем, сябрам Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
ГА “БАЖ” многія гады дапамагае калегам абараняць свае прафесійныя правы, вядзе маніторынг сітуацыі ў галіне медыя. Мы падкрэсліваем, што і далей маем намер працаваць выключна ў прававым поле.
А кожны грамадзянін Беларусі можа вельмі проста фінансава падтрымаць нашу статутную дзейнасць праз ЕРИП (Благотворительность, общественные объединения -> Научные, технические, профессиональные -> БАЖ) альбо са сваёй банкаўскай карткі наўпрост на нашым сайце ТУТ