Улады Малдовы зацьвердзілі закон аб забароне трансьляцыі расейскіх навінаў
Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон прыгразіў пратэстамі пасьля таго, як старшыня парлямэнту Андрыян Канду зацьвердзіў у абыход кіраўніка дзяржавы прызначэньне новых чальцоў кабінэту і закон аб забароне навінавых перадач з Расеі.
«Інстытут прэзыдэнта пакідае за сабой права зьвярнуцца з заклікам да мабілізацыі сотняў тысяч грамадзян для спыненьня канстытуцыйных парушэньняў і беззаконьня, — напісаў у сераду кіраўнік Малдовы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Маліцеся, каб атрымаць гэты ўдар на парлямэнцкіх выбарах, а не да гэтага».
Пра падтрымку пазыцыі Дадона ўжо абвясьціла апазыцыйная Партыя сацыялістаў Малдовы.
Сьпікер парлямэнту Малдовы Андрыян Канду ў сераду зацьвердзіў закон, які забараняе трансьляцыю навін і інфармацыйна-аналітычных перадач з Расеі, паведаміла прэс-служба малдаўскага парлямэнту. Канду падпісаў закон замест прэзыдэнта Ігара Дадона, якога на пачатку студзеня часова адхілілі ад пасады.
Дадон двойчы адхіляў закон «аб барацьбе з замежнай прапагандай», нягледзячы на тое, што паводле Канстытуцыі прэзыдэнт, нягледзячы на нязгоду, абавязаны зацьвердзіць дакумэнт, калі парлямэнт двойчы яго прымае. У выніку Канстытуцыйны суд Малдовы часова адхіліў прэзыдэнта ад пасады і надзяліў правам падпісаць закон менавіта Канду.
Аналягічныя працэдуры ў Малдове ўжо ўжываліся раней. У кастрычніку 2017 года Канстытуцыйны суд дазволіў Канду замест прэзыдэнта падпісаць указ аб прызначэньні міністрам абароны Яўгена Стурзу, а 2 студзеня 2018 га дазволіў у абыход Дадона прызначыць кіраўніка МЗС і яшчэ шэсьць членаў ураду.
Закон забараняе трансьляцыю ў Малдове інфармацыйна-аналітычных, ваенных ці палітычных тэле- і радыёпраграм у выпадках, калі яны былі выраблены ў краінах, якія не ратыфікавалі Эўрапейскую канвэнцыю аб трансгранічным тэлебачаньні, напрыклад у Расеі. Рэтрансляцыя забаўляльных праграм або іншых перадач з Расеі ў Малдове дазволена.
На думку прарасейскага прэзыдэнта Дадона, гэты закон «уяўляе сабой адкрыты замах на свабоду грамадзян у Малдове». У парлямэнце, дзе большасць прадстаўляюць дэпутаты праэўрапейскай скіраванасьці, з гэтым меркаваньнем ня згодны.