Уладальніка крымскататарскага тэлеканалу ATR асудзілі на 19 гадоў калёніі
Вярхоўны суд анэксаванага Расеяй Крыму ў чацьвер завочна прысудзіў 19 гадоў калёніі строгага рэжыму бізнэсоўцу Ленуру Ісьлямаву праз абвінавачаньне ў арганізацыі падрыву лініі электраперадач на поўдні Ўкраіны ў 2015 годзе, што прывяло да блэкаўту на паўвостраве і шкоды на 2 млрд расейскіх рублёў.
Прысуд вынесены завочна, бо Ісьлямаў апошнія гады жыве ва Ўкраіне і абвешчаны ў вышук у Расеі, паведамляе «Інтэрфакс».
Расейскія ўлады абвінавачвалі Ісьлямава паводле трох артыкулаў — у стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня, у публічных закліках да экстрэмізму і ў дывэрсіі.
Спрэчкі ў справе завяршыліся тыдзень таму: пракурор запрасіў 19 гадоў калёніі строгага рэжыму, абарона патрабавала вынесьці апраўдальны прысуд і прасіла суд адмовіць у задавальненьні заяўленых грамадзянскіх пазоваў на агульную суму больш за адзін мільярд рублёў.
Ісьлямаў лічыць справу палітычна матываванай і выкліканай яго непрыманьнем анэксіі Крыму. Адвакат Ісьлямава Мікалай Полазаў заявіў у спрэчках, што абвінавачаньне не падало ніякіх рэальных доказаў віны падсуднага.
Ісьлямаў — уладальнік крымскататарскага тэлеканалу ATR, былы віцэ-прэм’ер Крыму пасьля яго анэксіі Расеяй. Пасаду віцэ-прэм’ера ён атрымаў паводле квоты Мэджлісу крымскататарскага народу. У тым самым 2014 годзе зьехаў ва Ўкраіну і атрымаў украінскае грамадзянства.