Улада і прэса. 30 гадоў вайны, якая скончыцца разам з Лукашэнкам
Распачаў вайну супраць незалежнай прэсы ўвядзеннем цэнзуры, а 30-годдзе кіравання сустракае, трымаючы за кратамі 38 журналістаў.
БАЖ згадвае самыя важныя этапы стасункаў Лукашэнкі з медыямі. Матэрыял будзе цікавым і міленіялам, і зумерам, і людзям, якія бачылі ўсё гэта на ўласныя вочы.
Як усё пачыналася
Не паспеў Лукашэнка перасесці з дэпутацкага крэсла ў прэзідэнцкае, як узяўся чыніць беззаконне: першай справай ён зняў галоўнага рэдактара парламенцкага органа – «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча. Гэта адбылося ў траўні 1995 года з парушэннем усіх працэдур – менш чым праз год пасля выбараў.
Вярхоўны Савет 13 склікання (толькі ён меў права мяняць кіраўніка ўласнага друкаванага органа) і грамадства моўчкі выцерлі смачны плявок у твар. Так пачалася неаб’яўленая вайна супраць незалежнай прэсы.
Відаць, спачатку нянавісць Лукашэнкі да незалежных медыяў насіла характар персанальнай помсты. Згадайце, як пра гэтага персанажа пісала газета «Свабода» (на чале з галоўным рэдактарам Ігарам Гермянчуком, дэпутатам ад апазіцыі – Партыі БНФ). А згадайма тлусты адбітак міліцэйскай падэшвы на касцюме Лукашэнкі ў раёне філейнай часткі, калі кандыдат у прэзідэнты ў 1994 годзе прарываўся ў Дом ураду?
Легендарнае фота апублікавала ўсё тая ж «Свабода». Які ж дыктатар змог бы такое цярпець?..
Асабістая помста вылілася ў вайну супраць незалежных СМІ: спачатку па логіцы выбудоўвання аўтарытарызму, а пасля 2020 года – у логіцы таталітарызму.
«Белыя плямы», як сімвал цэнзуры
Зняццё з пасады Іосіфа Сярэдзіча стала фінальным акордам супрацьстаяння новаяўленага прэзідэнта з парламентам, якое выклікала незавершаны імпічмент.
Яшчэ ў снежні 1994 года дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык падрыхтаваў альтэрнатыўны антыкарупцыйны даклад (менавіта на антыкарупцыйным дакладзе, у якім згадваўся пакойны Шушкевіч са скрыняй цвікоў, узляцеў Лукашэнка да прэзідэнцкай пасады), у якім фігуравалі сам Лукашэнка і ягонае атачэнне. Спроба дэпутата апублічыць факты карупцыі ў рэспубліканскай прэсе закончыліся першай буртальнай праявай цэнзуры: 23 снежня 1994 года «Советская Белоруссия», «Звезда» і «Республика» выйшлі з белымі плямамі на месцы антыкарупцыйнага даклада, які прэзідэнцкая адміністрацыя забараніла публікаваць. Наклад «Народнай газеты» і «Газеты Андрэя Клімава», якія паспелі надрукаваць дакумент, былі канфіскаваны ў друкарні.
У лютым у інтэрв’ю дзяржаўным СМІ Лукашэнка сфармуляваў сваю пазіцыю да беларускай прэсы:
«Вы працуеце на дзяржаўнай тэлевізійнай ці радыёкампаніі. Падкрэсліваю: на дзяржаўнай, і гэта абавязвае вас усё рабіць на карысць нашай дзяржавы. Журналісты не павінны ўдзельнічаць у гульнях «вялікай палітыкі». Следам паляцелі галовы галоўных рэдактараў «Советской Белоруссии», «Республики» і «Народнай газеты».
Першы крок – самы складаны: Лукашэнка зняў рэдактара парламенцкай газеты, а Вярхоўны Савет не змог адстаяць свайго стаўленніка ў сваім уласным выданні.
Крымінальныя справы супраць журналістаў
Першым афіцыйным «ворагам прэзідэнта» стаў малады і амбіцыйны Павел Шарамет.
Ён у 1994 годзе стаў аўтарам і вядоўцам праграмы «Праспект» на БТ, і ўжо на наступны год быў узнагароджаны прэміяй Алеся Адамовіча як лепшы тэлежурналіст краіны. У траўні 1995 года пасля гучнага канфлікту сышоў з БТ.
Ужо ў 1996 годзе Павел Шарамет стаў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты», і ў тым жа годзе ўзначаліў беларускае бюро ОРТ (цяпер – «Первый канал»).
У ліпені 1997 года ОРТ паказаў рэпартаж Паўла Шарамета з беларуска-літоўскай мяжы (пра кантрабанду і фактычную адсутнасць мяжы). Рэжым адрэагаваў чакана: журналіста арыштавалі па абвіначанні ў незаконным групавым перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго года выпрабавальнага тэрміну, ён сядзеў за кратамі тры месяцы і быў дэпартаваны ў Расію толькі пасля таго, як Барыс Ельцын не пусціў самалёт Лукашэнкі ў РФ і публічна запатрабаваў вызвалення Шарамета.
Пасля вызвалення журналіст доўгія гады працаваў у РФ, а затым з’ехаў ва Украіну. Раніцай 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве па дарозе на працу Шарамет загінуў: спрацавала выбухоўка, закладзеная у аўтамабіль журналіста. Адказнасць за забойства журналіста пакуль ніхто не панёс…
Напачатку 2000‑х пачалася хваля «паклёпніцкіх» судовых працэсаў.
4 чэрвеня 2002 года суд Ленінскага раёна Гродна па абвінавачанні ў «паклёпе на прэзідэнта» асудзіў галоўнага рэдактара газеты «Пагоня» Міколу Маркевіча (2,5 года абмежавання волі) і журналіста выдання Паўла Мажэйку (2 гады).
16 верасня 2002 года ў Мінску на два гады зняволення па тым жа абвінавачані (паклёп на прэзідэнта) асуджаны галоўны рэдактар газеты «Рабочий» Віктар Івашкевіч.
Пасля публічнай поркі незалежных журналістаў напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2004 года рэжым зрабіў паузу ў крымінальных справах.
Але ўжо 18 студзеня 2008 года былы рэдактар газеты «Згода» Аляксандр Здзвіжкоў, які ў лютым 2006 года перадрукаваў карыкатуры на прарока Мухаммеда з дацкага выдання Jyllands-Posten, быў асуджаны на тры гады калоніі за распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варжнечы. Праз месяц Вярхоўны суд замяніў тры гады калоніі на тры месяцы арышту.
Наступнае абвастрэнне нянавісці да незалежных журналістаў адбылося адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года: сябра БАЖ Аляксандр Атрошчанкаў асуджаны на 4 гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму, шэсць сябраў БАЖ (Наталля Радзіна, Ірына Халіп, Дзмітрый Бандарэнка, Павел Севярынец, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута) прызнаныя вязнямі сумлення.
Паказальная гісторыя Ірыны Халіп. Журналістку арыштавалі 19 снежня 2010 года і змясцілі ў «амерыканку» – СІЗА КДБ, дзе яна правяла паўтара месяца, не маючы магчымасці бачыцца з трохгадовым сынам. 29 студзеня 2011 года яе перавялі пад хатні арышт, забараніўшы любыя кантакты са знешнім светам, у тым ліку і са сваякамі. 16 траўня 2011 года Заводскі суд Мінска прызнаў Халіп вінаватай ва ўдзеле «ў масавых беспарадках» і асудзіў на два гады з адтэрміноўкай выканання пакарання на 2 гады. Яе вызвалілі ў зале суда.
Чарговае антымедыйнае абвастрэнне ў Лукашэнкі адбылося ў 2018 годзе, а масавы характар пераследу стаў прадвеснікам палітычных зменаў.
12 чэрвеня 2018 года супраць кіраўніка незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая ўзбудзілі крымінальную справу па абвінавачанні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў: з яго запатрабавалі заплаціць 74 тысячы еўра падаходнага падатку. Праз дзень ён заплаціў 191 тысячу рублёў.
А 23 жніўня Алесь Ліпай, хворы на сэрца, памёр ва ўзросце 52 гадоў. Крымінальную справу спынілі толькі ў верасні.
Наступнай стала «справа БЕЛТА». 7 жніўня таго ж 2018 года прайшлі вобшукі і затрыманні ў офісах ТUT.by і агенцтва БелаПАН. 14 з 15 затрыманых журналістаў пазней былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці, але наўзамен заплацілі і штраф, і кампенсавалі «шкоду». Да суда ў якасці абвінавачанай дайшла толькі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава.
У чым іх абвінавачвалі? Нібыта журналісты «наўмысна з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці здзейснілі несанкцыянаваныя доступы да камп’ютарнай інфармацыі, што суправаджаюцца парушэннем сістэмы абароны, якая захоўваецца ў камп’ютэрнай сістэме і сетцы рэспубліканскага УП «БЕЛТА», што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне іншай істотнай шкоды». Прасцей кажучы, БЕЛТА не здолела арганізаваць бяспеку ўласнай інфармацыі, а заплацілі за гэта незалежныя медыі.
Гвалт, знікненні, забойствы
Шлях Лукашэнкі да аўтарытарызму пракладзены і па целах нашых калег.
Аператар тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі знік 7 ліпеня 2000 года. Проста паехаў у аэрапорт сустракаць свайго калегу і сябра Паўла Шарамета – і знік па дарозе. На стаянцы ў аэрапорце знайшлі машыну зніклага журналіста, але на ёй не было слядоў барацьбы. Змітру Завадскаму было толькі 27 гадоў.
Пра датычнасць «эскадрона смерці» да знікнення журналіста супрацоўнікі пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак паведамілі яшчэ ў 2001 годзе. У 2003 годзе суд прызнаў Змітра Завадскага памерлым, а ў 2006 годзе расследаванне справы па знікненні тэлеаператара было прыпыненае.
Прайшло толькі чатыры гады, і 20 кастрычніка 2004 года ўвесь Мінск скаланула жорсткае забойства журналісткі апазіцыйнай газеты «Салідарнасць» Веранікі Чаркасавай. Забойца нанёс жанчыне 46 нажавых раненняў.
Следства адразу ўхапілася за «бытавую версію» забойства журналісткі, і нават пэўны час падазравала 15-гадовага сына Антона Філімонава і айчыма Уладзіміра Мялешку, у той час як журналісцкая супольнасць у выніку ўласнага расследавання прыйшла да высновы, што яе забіў кілер. Забойства не раскрытае дагэтуль.
Заснавальніка і дырэктара сайта «Хартыя-97» Алега Бебеніна знайшлі павешаным на сваім лецішчы ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці 3 верасня 2010 года. Генпракуратура пастанавіла, што смерць журналіста наступіла ў выніку самазабойства. Між тым, Алег Бебенін з’яўляўся кіраўніком перадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Да выбараў 19 снежня 2010 года заставалася тры месяцы.
Закрыццё газет і радыё
Лукашэнка хутка скеміў, што зняць рэдактара або пасадзіць найлепшага журналіста не азначае затыкнуць рот выданню. Таму за асобнымі журналістамі дайшла чарга і да медыяў. На першапачатковым этапе «нармалізацыі» беларускіх медыя рэжым напоўніцу выкарыстоўваў эканамічныя рычагі. Арганізаваць іск чыноўніка аб «абароне гонару і годнасці» на непад’ёмную суму – праз пару-тройку такіх іскаў газета сама закрыецца.
1 верасня 1996 года беларускі ўрад закрыў «Радио 101.2»: маўляў, станцыя стварае перашкоды для працы радыёстанцыі «Алтай». Пазней адабраную частату перадалі пралукашэнкаўскаму БРСМ – і во дзіва, ніякіх тэхнічных памехаў болей не ўзнікала.
У лістападзе 1997 года Вышэйшы гаспадарчы суд забараніў газету «Свабода» Ігара Герменчука. Тую самую, якая першай паказала Лукашэнку з адбіткам міліцэйскай падэшвы на задніцы. Пазней такі ж лёс чакаў і яе пераемніц: газету «Навіны» (зачынена ў 1999 годзе) і «Нашу Свабоду» (2002 год).
У 1999 годзе прэзідэнт ЗАТ «БДГ» Пётр Марцаў закрыў газету «Имя» з‑за немагчымасці забяспечыць нармальныя ўмовы працы для журналістаў і гарантаваць ім бяспеку.
12 лістапада 2001 года гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці ліквідаваў газету «Пагоня».
У траўні 2003 года Мінінфарм прыпыніў на тры месяцы выхад «Белорусской деловой газеты» і дадатка да яе «БДГ. Для служебного пользования». Пасля арганізаванай кампаніі траўлі выдання, запужвання друкарань «БДГ» мусіла друкавацца ў Смаленску. У рэшце рэшт у 2006 годзе, пасля афіцыйнай забароны друкавацца ў Беларусі і распаўсюджвацца праз «Белпошту» і «Белсаюздрук», газета спыніла сваё існаванне.
Моцным ударам па незалежных друкаваных выданнях стала забарона распаўсюджвацца праз сістэму дзяржаўных прадпрыемстваў «Белпошта» і «Белсаюздрук». У 2005 годзе 15 рэспубліканскіх і мясцовых выданняў («Наша ніва», «Народная Воля», «Товарищ», «Витебский курьер» ды іншыя) зніклі з падпісных каталогаў РУП «Белпошта».
Ломам па інтэрнэце
Развіццё інтэрнэта паставіла перад рэжымам сур’ёзную праблему. Друкаваныя газеты можна проста забараніць, а што рабіць з няўлоўным інтэрнэтам.
Беларускі рэжым пайшоў пратаптанай сцежкай – блакаваць. 9 верасня 2001 года падчас прэзідэнцкіх выбараў на знешнім шлюзе РУП «Белтэлекам» упершыню былі заблакаваныя рэсурсы. У цэнтры ў Мінска на некалькі гадзін знікала мабільная сувязь.
Далей – больш: у 2004 годзе падчас рэферэндума, які дазволіў Лукашэнку балатавацца ў прэзідэнты трэці раз — насуперак Канстытуцыі незалежныя сайты зноў апынуліся ў чорных спісах інтэрнэт-правайдэраў. Гэтым разам блакіроўкам папярэднічалі DDoS-атакі.
У 2006 годзе прэзідэнцкая кампанія таксама праходзіла ва ўмовах блакіроўкі. Найбуйнейшая блакіроўка адбылася падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, калі на некалькі гадзінаў спынялася праца порта SSL – ён выкарыстоўваецца для ўстаноўкі шыфраваных злучэнняў з сацсеткамі: «Фейсбук», «Твиттер», «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама пры адпраўцы электроннай пошты.
А наперадзе быў 2020 год…
Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года беларускі рэжым «паклаў» інтэрнэт на трое сутак: 9—12 жніўня. Сэрвіс NetBlocks Cost of Shutdown Tool (COST) падлічыў, што за двое з паловай сутак эканоміка краіны страціла 141 мільён долараў.
Ідэалогія і прапаганда
Лукашэнка пачаў дзяліць беларускую прэсу на «сваіх» і «чужых» (дзяржаўную і недзяржаўную) адразу пасля «белых плямаў» у цэнтральных газетах.
Галоўнымі інструментамі дзяржаўнай прапаганды з’яўляюцца найперш тэлеканалы «Беларусь 1», АНТ, СТВ, агенцтва БелТА, рэспубліканскія газеты. Кіраўнікоў і найбольш крыклівых прапагандыстаў Еўрасаюз ужо з 2006 года ўносіць у чорныя спісы. Важнай часткай распаўсюджвання прапагандысцкіх наратываў з’яўляюцца «раёнкі», якія ёсць у кожным са 118 раёнаў краіны.
Лукашэнка пачаў выбудоўваць ідэалагічную вертыкаль з указа «Аб удасканаленні кадравага забеспячэння ідэалагічнай працы ў РБ», падпісанага ў лютым 2004 года. На кожным дзяржаўным прадпрыемстве, арганізацыі, установе ўводзілася пасада намесніка кіраўніка па ідэалагічнай працы. Колькасць лукашэнкавых камісараў засакрэчаная.
Але толькі паглядзіце, як выбудаваная ідэалагічная праца ў адным асобным міністэрстве:
Усю гэтую дзяржаўную машыну курыруе намеснік кіраўніка лукашэнкавай адміністрацыі па інфармацыйнай працы Уладзімір Перцаў, прызначаны на гэтую пасаду 8 красавіка 2024 года.
2020—2021—2022—2024…
Пасля падзей 2020 года рэжым Лукашэнкі зліквідаваў большасць незалежных грамадска-палітычных выданняў ці прымусіў іх эмігрыраваць; лічаныя выданні, якія застаюцца ў Беларусі, мусілі адмовіцца ад асвятлення грамадска-палітычных падзеяў і займаюцца самацэнзурай.
Па афіцыйных звестках, на 1 ліпеня 2024 года ў Беларусі зарэгістраваныя: 915 друкаваных СМІ (366 газет, 534 часопісы, 14 бюлетэняў, 1 каталог), з якіх 399 дзяржаўных і 516 недзяржаўных; 7 інфармацыйных агенцтваў: 2 дзяржаўныя і 5 недзяржаўных; 58 сеткавых выданняў (50 дзяржаўных і 8 недзяржаўных); 177 тэлерадыёвяшчальных СМІ, з іх 98 дзяржаўных (57 радыёпраграм і 41 тэлепраграма) і 79 недзяржаўных (29 радыёпраграм і 50 тэлепраграм).
Галоўнымі нацыянальнымі медыямі ўлады лічаць: Белтэлерадыёкампанію, ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», выдавецкі дом «Беларусь сегодня», выдавецкі дом «Звязда», БелТА.
Аднак гэтым лічбам, як і рэжыму Лукашэнкі, даверу ніякага. Беларускі раследвальніцкі цэнтр (БРЦ) падлічыў, што з сярэдзіны 2022 года Беларусь згубіла больш за трэць зарэгістраваных СМІ.
Сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца 38 беларускіх журналістаў. БАЖ і большасць незалежных выданняў прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
А рэпрэсіі ўнутры краіны не спыняюцца ні на дзень. Падобна, што вайна супраць незалежных медыяў ў Беларусі можа скончыцца толькі разам з рэжымам Лукашэнкі. Нягледзячы на пераслед, БАЖ працягвае працу.
Падтрымаць важную працу БАЖ для абароны журналістаў і медыяў Вы можаце сваім данатам ТУТ!