Украінскіх журналістаў уганаравалі Пулітцэраўскай прэміяй — адной з самых прэстыжных у галіне СМІ
Журы Пулітцэраўскай прэміі адзначыла ўкраінскіх журналістаў, якія асьвятляюць расейскае ўварваньне. 12 журналістаў загінулі, выконваючы прафэсійны абавязак, яшчэ 13 — у баях пасьля мабілізацыі ў войска.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», найбольш прэмій сярод СМІ атрымала газэта New York Times (тры, у тым ліку ў намінацыях «За раскрыцьцё нацыянальнай тэмы» і «За раскрыцьцё міжнароднай тэмы»).
-
Найбольш прэстыжнай намінацыяй традыцыйна лічыцца «За службу грамадзтва» (яе ўладальнік атрымлівае залаты мэдаль), якую сёлета атрымала газэта Washington Post за высьвятленьне атакі на Капітолій прыхільнікамі прэзыдэнта Дональда Трампа 6 студзеня 2021 году.
-
Прыз у намінацыі «За навінны фотаздымак» заваявалі фотарэпартэры агенцтва Getty Images за падзеі 6 студзеня, і Маркус Ям з газэты Los Angeles Times за асьвятленьне вываду амэрыканскіх войск з Аўганістану.
-
Прэмію «За мастацкі фотаздымак» атрымалі фатографы агенцтва Reuters за асьвятленьне эпідэміі COVID-19 у Індыі. Адзін з ляўрэатаў — Даніш Сіддыкі — у ліпені загнуў у Аўганістане ў часе выкананьня рэдакцыйнага заданьня.
-
У намінацыі «За адметную падачу сэнсацыйнага матэрыялу» узнагароджаны журналісты газэты Miami Herald, якія асьвятлялі падзеньне высотнага будынку Champlain Towers, а прэмію за лепшае расьсьледаваньне атрымалі журналісты газэты Tampa Bay Times за публікацыю сэрыі матэрыялаў аб таксычных адыходах на адным з прамысловых прадпрыемстваў Флорыды.
Пулітцэраўская прэмія прысуджаецца Калюмбійскім унівэрсытэтам з 1917 году ў 22 намінацыях. Яна лічыцца адной з самых прэстыжных сусьветных узнагарод у галіне журналістыкі.