«Ісці па дошках праз ваду туды, дзе жыве адзін чалавек». Украінскі журналіст раскзаў пра паездкі на Берасцейшчыну і Піншчыну
Львоўскі журналіст Канстанцін Чавага даўно даследуе ўкраінска-беларуска-польскае памежжа і спадзяецца, што аднойчы межы знікнуць.
Львоўскі журналіст Канстанцін Чавага, які працуе ў выданні «Кур’ер Галіцыйскі», даўно цікавіцца ўкраінска-беларуска-польскім памежжам і некалькі разоў адведваў Беларусь, калі гэта было магчыма. «Кур’ер Галіцыйскі» — выданне палякаў ва Украіне, а сам Канстанцін Чавага паходзіць з сям’і з польскімі каранямі.
На думку журналіста, нельга жыць у гета, трэба ведаць, як жывуць суседзі. Калі дазнавацца пра тое, што адбываецца ў Польшчы, не з’яўляецца складанасцю, то пра нашых блізкіх суседзяў — беларусаў — у Заходняй Украіне ведаюць мала. Журналістка BGmedia паразмаўляла з украінскім калегам пра яго паездкі ў Берасцейскую вобласць, уражанні ад іх і пра надзеі на тое, што межаў калісьці не будзе.
«Пінск быў Мекай для ўкраінцаў»
— Мяне заўсёды цікавіла пытанне памежжа як журналіста. Пытанне памежжа, пытанне суседзяў, пытанне ўзаемасувязяў, узаемапранікнення мовы, асаблівасцяў.
Сярод іншага Беларусь мяне цікавіла, таму што я менш ведаў пра Беларусь і хацеў убачыць яе знутры, не толькі звонку.
Па-другое, хацелася пачуць, адчуць гэтую мову, такую мілагучную, якая нам блізкая. Ведаючы ўкраінскую, польскую, без праблем разумееш, можа, толькі не ведаеш асобныя словы, але здагадваешся.
Першы раз я сутыкнуўся (з беларускай культурай. — Рэд.) у журналісцкай маладосці, калі ў Львове было адкрыццё памятнай таблічкі беларускай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Звычайна, потым прыязджалі ансамблі, тэатр.
Пераважна ўсе патраплялі адсюль у Беларусь у дзяцінстве, бо іх вазілі ў Берасцейскую крэпасць. Але я патрапіў у зусім іншы час, я патрапіў ужо як журналіст.
Першыя мае паездкі былі тут паблізу, у раёны паўднёва-заходняй Беларусі, Берасцейшчына, Піншчына. Потым памежжа з польскага боку ўздоўж Заходняга Буга, тыя тэрыторыі, якія мяжуюць з Горадняй, Берасцем. Паўднёвае, паўночнае Падляшша.
Там, як у музейных фондах, можна ўбачыць жыццё ў сёлах, маленькіх мястэчках, дзе збераглася тая архітэктура, гучыць тая мова, дзе можна пачуць песні, убачыць адзенне, вышыўку, якой нідзе няма, толькі на Палессі.
Мяне цікавілі пытанні рэлігійныя, пытанні Берасцейскай уніі, якая прыйшла з Беларусі ва Украіну. Мне хацелася паглядзець на рэлігійнае жыццё, якое там існуе ў Каталіцкай царкве, у Праваслаўнай царкве, у маленькай Беларускай грэка-каталіцкай царкве. Ну і пацікавацца, як ідзе жыццё ў пратэстантаў. Іх шмат на Палессі. Цікавіла Горадня, якая з’яўляецца духоўным цэнтрам Каталіцкай царквы, дзе ёсць семінарыя.
Вельмі цікава было ўбачыць Пінск, які для ўкраінцаў нейкай Ровенскай вобласці быў такой сабе Мекай.
Гэта не былі турыстычныя паездкі, гэта былі журналісцкія паездкі, заўсёды звязаныя ці з канферэнцыямі, ці з нейкімі ўрачыстасцямі.
Палескія рабінзоны
Мне цікава было пабываць у такіх глыбінных месцах, дзе заканчваецца дарога паміж балотамі. У мяне чамусьці раней было ўяўленне, што Палессе — гэта лясы, шмат лясоў і дзесьці там балота. А калі ты трапляеш туды, дзе толькі кусты, раўніна і вада, гэта зусім іншае. Цікава было патрапіць у такія мясцовасці, дзе толькі адна дарога вядзе да маленькага сяла, або нават ісці па дошках метраў 300 праз ваду, каб дабрацца туды, дзе жыве толькі адзін чалавек, як Рабінзон Круза. І паразмаўляць з тымі людзьмі. Пачуць, кім яны з’яўляюцца.
Напрыклад, ёсць такое мястэчка над Бугам на польскім баку — Уладава. Цікава тое, што станцыя Уладава знаходзіцца ў Беларусі. Праз Буг — Валынская вобласць. І там певень на дасвецці спявае на тры дзяржавы.
Было цікава, як гэтыя людзі зберагаюць сваю ідэнтычнасць, шукаюць ідэнтычнасць, губляюць яе. Як губляюць мову — ці праз русіфікацыю на тэрыторыі Беларусі, ці праз паланізацыю, ці, можа, праз украінізацыю. Людзі называлі сябе мясцовымі, тутэйшымі.
Калі плывеш па Прыпяці на маленькім карабліку і бачыш гэтую прыгажосць, гэтую зелень, — гэта надзвычайныя ўспаміны.
Найбольш захапляльна было размаўляць з простымі людзьмі, з сялянамі ў сёлах. Можна было камунікаваць з мастакамі, самадзейнымі мастакамі на месцах. А песні — гэта было надзвычайна. Калі пачуеш, калі жанчынкі сядаюць на лавачку — гэта незабыўныя ўражанні.
Галоўнае — не страціць давер адзін да аднаго. І памятаць, што як з аднаго, так з другога, так і з трэцяга боку гэтага памежжа людзі хочуць міра, спакою, ўзаемаразумення. І не хочуць межаў. Каб жыць у адным еўрапейскім доме. Каб як у Еўрапе: ты едзеш і не заўважаеш, што тут мяжа была. Я думаю, што мы да гэтага дойдзем.