Украіна агучыла, колькі прадстаўнікоў украінскіх медыяў знаходзіцца ў расійскім палоне
Па стане на канец траўня 2024 года ў палоне на тэрыторыі расійскай федэрацыі знаходзіцца 31 прадстаўнік украінскіх медыяў, піша ўкраінскі аналітычны партал «Слова і справа».
Гэтыя лічбы на прэс-канферэнцыі агучыла выканаўчы дырэктар ГА «Медыйная ініцыятыва за правы чалавека» Таццяна Катрычэнка.
««Медыйная ініцыятыва за правы чалавека» ўстанавіла 31 медыйшчыка, выкрадзенага Расеяй на акупаваных тэрыторыях Украіны. У многіх выпадках лёс гэтых людзей застаецца невядомым. Інфармацыю аб іхнім месцазнаходжанні і стане здароўя не могуць атрымаць ні родныя, ні праваабаронцы», — адзначыла яна.
Пры гэтым, да гэтага часу няма дакладных звестак пра журналіста інфармагенцтва УНІАН Дзмітрыя Хілюка, якога акупацыйныя войскі выкралі 3 сакавіка 2022 года з уласнага дома ў вёсцы Казаравічы Кіеўскай вобласці.
Нагадаем, за два гады з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расея здзейсніла 567 злачынстваў супраць журналістаў і медыя ва Украіне.
27 красавіка стала вядома, што ў сяле Рабоціна Запарожскай вобласці падчас выканання баявога задання загінуў журналіст Андрэй Топчы.
А 30 траўня медыі паведамілі пра гібель у Славянску ваеннай карэспандэнткі Анастасіі Волкавай.